https://www.traditionrolex.com/8
<p>На выставе можна паглядзець розныя вясельныя аксесуары, а таксама і  вясельныя  строі, выкананыя ў старадаўнім стылі. Вышываныя кашулі і  спадніцы ў абавязкова  белым і чырвоным колерах. Абутак як у  сярэднявеччы, упрыгажэнні ў выглядзе фібул. Што ж, вяселле ў народным стылі — гэта свядомы выбар для тых, хто  шануе традыцыі  продкаў. І, магчыма, выйсце для тых маладых, хто шукае  магчымасць зрабіць арыгінальнае  вяселле. Не такое, як у іншых</p>

Як паведамляе "Звязда":

Найбольш цікавыя на выставе — старыя чорна-белыя фотаздымкі. Даваенны час: вось нявеста на фурманцы перавозіць свой пасаг у хату да жаніха: сядзіць прама на куфры. Каб было надзейней. А тут робяць вясельны каравай, вялікі і прыгожы. Яго па традыцыі пяклі каравайніцы — жанчыны, якія пайшлі замуж і знайшлі ў сямейным жыцці сваё шчасце, сталі добрымі гаспадынямі і нажылі дзяцей. Дзецям, якія звычайна прагна сачылі за дзеяй на кухні, урэшце даставаліся каравайныя ўпрыгажэнні — кветкі і птушкі з цеста. А вось у хату нарэшце ўносяць вясельны каравай.

— Тут адлюстраваны традыцыі, з якімі бралі шлюб нашы матулі і бабулі, — пракаментавала вядучы навуковы супрацоўнік Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Святлана Рыбакова. — Нашы дзеці робяць гэта ўжо інакш. Прычым зараз старыя правілы часам выглядаюць дзіўна, нібыта культурныя перавароты.

Святлана прыводзіць прыклад: паднашэнне маладым хлеба-солі. Цяпер жонка і муж імкнуцца адкусіць найбольшы кавалак, каб вызначыць — хто будзе ў доме гаспадар.

— А насамрэч, хлеб — гэта бацькоўскае блаславенне, — заўважае знаўца старадаўніх вясельных традыцый. — Раней трэба было цалаваць бохан і прымаць яго ў ручнік.

Што ж, часіны мяняюцца, і цяпер няма сэнсу і сядзець на куфры з пасагам: усё сваё багацце нявеста можа дастаць з-за гарсажу — у выглядзе маленькай банкаўскай карткі!

"Зайцы"
і яліны

На выставе больш познія здымкі належаць ужо 1970-м гадам. Вось у вёсцы "закідваюць зайца": перагароджваюць вуліцу вясельнаму картэжу і патрабуюць выкуп. Якраз гэтая традыцыя жывая на сучасных вяселлях, асабліва калі маладыя і іх бацькі маюць добрыя адносіны з суседзямі.

Вось маладыя пасля ЗАГСа праходзяць праз арку ручнікоў. Мужчына збоку пяшчотна трымае ў руках вялізную бутлю і рыхтуецца адзначыць вяселле належным чынам. Гармонік і скрыпка забяспечваюць музычнае суправаджэнне.

Цяпер амаль што ніводнае вяселле не можа абысціся без лімузіна, а калісьці для шчасця маладым дастаткова было грузавіка ГАЗ-51, упрыгожанага галінамі дрэў, кветкамі і стужкамі. На ім ехалі маладыя і іх госці і радаваліся жыццю!

Маладыя перыяду савецкага застою сфатаграфаваныя каля ялін. Можа, гэта павеў таго часу — па асацыяцыі з блакітнымі крамлёўскімі ялінамі?

— Сімвалам вяселля, дарэчы, заўсёды лічылася елка, — тлумачыць Святлана Рыбакова. — Калі мы бачым елку на ручніку — значыць, ручнік вясельны. Можа, гэта традыцыя тлумачыцца пладавітасцю яліны?

На некалькіх здымках з Хоцімскага раёна — выявы жанчын у неверагодных галаўных уборах. Гэта нібыта кароны, зробленыя сваімі рукамі з бісеру і кветак, апрацаваных воскам. У вясельныя ўпрыгажэнні за тым часам таксама актыўна дадаваліся і... ёлачныя цацкі і навагоднія гірлянды. Вянок з кветак са стужкамі можна і сёння надзяваць на стылізаванае народнае вяселле.

Увогуле па фота можна прасачыць моду розных савецкіх часін. Сукенкі-футляры, маленькія сумачкі на доўгіх рамянях. Нешта зноў цяпер уваходзіць у моду. Можа, гэты лёс напаткае і вясельныя капелюшы, якімі захапляліся нявесты ў 1980-я? Але наўрад ці магчымае вяртанне вэлюму з марлі, прадстаўленага на выставе. Затое вясельныя карткі і арыгінальныя запрашэнні на свята, выкананыя ў старадаўнім стылі з папяровымі ўзорамі ў выглядзе галубоў, будуць дарэчы заўсёды!

Чорная нявеста

На выставе можна паглядзець розныя вясельныя аксесуары, а таксама і вясельныя строі, выкананыя ў старадаўнім стылі. Вышываныя кашулі і спадніцы ў абавязкова белым і чырвоным колерах. Абутак як у сярэднявеччы, упрыгажэнні ў выглядзе фібул.

Што ж, вяселле ў народным стылі — гэта свядомы выбар для тых, хто шануе традыцыі продкаў. І, магчыма, выйсце для тых маладых, хто шукае магчымасць зрабіць арыгінальнае вяселле. Не такое, як у іншых.

Звычайная вечарына — гэта, як гаворыць моладзь, ужо "не айс". Нават вельмі багатая вечарына. Актуальная задача — не зрабіць "як у людзей", а нечым уразіць іх. Напрыклад, вяселлем у стылі папулярнага вампірскага "Змяркання", альбо каралеўскага вяселля, якое сёлета страсянула ўвесь свет. На фоне самых розных прыдумак пешы паход у ЗАГС у звыклым адзенні выглядае ўжо досыць крэатыўна.

— Гэта нармальна, што цяперашнія вяселлі выглядаюць па-новаму, таму што жыццё мяняецца, — лічаць у музеі. — Разбураецца нават стэрэатып наконт нявесты ў белым.

А чаму б і не? Гавораць, што традыцыя браць шлюб у белым пайшла ад англійскай каралевы Вікторыі, а да яе нявесты ўражвалі жаніхоў і гасцей самымі рознымі колерамі вясельных строяў.

У Магілёве ніяк не могуць забыцца на нявесту ў чорнай сукенцы, таму чырвоны строй нечым выбітным на сёння ўжо не лічыцца. І пакуль у далёкім Нью-Ёрку модны дызайнер Vеrа Wаng шакіруе публіку прэзентацыяй вясельных строяў новага пакалення — шэрых, колеру nudе (бэжавага, калі дакладна — голага, пад колер скуры) у камбінацыі з чорнымі дэталямі, у нас самыя смелыя нявесты ўжо спрабуюць абагнаць Амерыку.

— Вядома, з цягам часу мяняецца выгляд маладых, — звяртае ўвагу на выставачныя фота Святлана Рыбакова. — Ні для каго не сакрэт, што ідэал прыгажосці з тых жа даваенных часін да нашых моцна памяняўся. Калі раней шанаваліся жанчыны невысокага росту і, скажам, з моцнымі ёмістымі фігурамі (вы гэта можаце пабачыць на старых фота), то сёння найбольш модна быць хударлявай, а самы шык — высокія скулы і ўпалыя шчокі. Што будзе далей?..

3sne-3

 

Проста гламур

Найбольшае ўражанне на выставе робяць старыя партрэты маладых, вельмі кранальныя. Шчырыя твары, поўныя простых эмоцый. Маладыя пары ў сапраўдным каханні. Ніякага прытворства, знарочыстага пазіравання і гламуру. Чыстая шлюбная рамантыка. Ну проста вока адпачывае!

Адно такое фота заставалася ў сям'і памяццю на ўсё жыццё. Цяпер да паслуг маладых — армія відэааператараў і фатографаў. Часам атрымліваецца нейкі вясельны абсурд: маладыя звычайна не проста гуляюць дзеля свайго задавальнення па вуліцах і парках, а старанна выконваюць каманды спецыялістаў, якія рыхтуюць для іх фільмы і альбомы на памяць. Нібыта важная не сама дзея, а толькі ідэальная памяць пра яе.

— Маладыя хочуць прыгожа фатаграфавацца, — паціскае плячыма наш фотакарэспандэнт Ірына Савосіна. — У арсенале фатографаў ёсць адпрацаваныя месцы і позы. Рэпартаж — гэта не проста складана, там жа могуць быць людзі "не ў тых" позах, са смешнымі тварамі. Так што цяпер светам кіруе "фоташоп".

— Мне здаецца, што маладыя хочуць адлюстраваць нейкае штучнае жыццё, іншымі словамі — стаць гламурнымі "зоркамі" на фоне мясцовых пейзажаў, — дадае Святлана Рыбакова.

Таму вяселлі шукаюць новыя інтэр'еры для вечарын і здымак. Напрыклад, у тым жа краязнаўчым музеі экспазіцыя "Магілёў губернскі" карыстаецца вялікай увагай маладых.

Зрэшты, вяселле залежыць ад стылю жыцця і настрою. Абласны цэнтр, напрыклад, больш, чым шыкоўны ружовы лімузін, уразіў вясельны картэж веласіпедаў. Маладыя і іх госці, аматары веласпорту і турызму, зрабілі для сябе і цікаўнай публікі непаўторнае свята, якое будуць памятаць не толькі па фотаздымках.

Узяць шлюб у народным стылі — таксама прыгожая ідэя, пра што сведчаць сучасныя здымкі на выставе "Беларускае вяселле". Выбар за маладымі. Вяселле заўсёды было і застанецца адной з галоўных падзей у жыцці людзей.

— Проста ў жыцці чалавека няшмат вялікіх сямейных святаў, дзе б ён быў цэнтрам дзеі, — з усмешкай тлумачыць Святлана Рыбакова. — Нараджэнне — вы яшчэ нічога не разумееце, пахаванне — вам ужо ўсё роўна. І толькі аднойчы ў жыцці (ну, альбо неаднойчы) чалавек можа быць свядома галоўнай асобай на свяце свайго жыцця — на вяселлі.

Толькі не трэба забывацца, нагадваюць маладым, што шчасце ў сямейным жыцці не залежыць ад стылю, колеру строяў і прыгажосці фотаздымкаў, а толькі ад людзей і іх сапраўднага кахання.

Ілона Іванова

https://www.traditionrolex.com/8