https://www.traditionrolex.com/8
<p>Яна адкрылася ў доме-музеі драўлянай лыжкі, у якім прадстаўлена больш за паўтары сотні розных па памерах і тэхніцы  выканання лыжак, зробленых мясцовымі майстрамі разьбы па дрэве  і прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў сталічнай вобласці, што прымалі ўдзел у  першым абласным свяце «Бярэзінская лыжка»</p>

Як паведамляе «Белорусская нива»:

Гэты не зусім звычайны пакой-музей драўлянай лыжкі створаны летась у прыватным доме жыхаркі горада Беразіно Ганны ЖДАНОВІЧ — кіраўніка раённага народнага клуба майстроў. Там прадстаўлена больш за паўтары сотні розных па памерах і тэхніцы выканання драўляных лыжак, зробленых мясцовымі майстрамі разьбы па дрэве і прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў сталічнай вобласці, якія прымалі ўдзел у першым абласным свяце «Бярэзінская лыжка».

За год існавання музея яго наведала больш за паўтысячы чалавек — не толькі жыхары горада і Бярэзінскага раёна, але і госці з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Прыязджалі італьянцы і в’етнамцы. Наведвальнікі маюць магчымасць не толькі палюбавацца не зусім звычайнымі драўлянымі лыжкамі з выявай герба горада Беразіно або з арыгінальнымі прыгожымі роспісамі, але і паспрабаваць… пайграць на лыжках.

А напярэдадні Новага года Ганна Аляксандраўна вырашыла адкрыць на базе пакоя-музея паштовую станцыю Дзеда Мароза. Пачынаючы з 23 і да 31 снежня тут штодзённа прымаюцца пісьмовыя і вусныя просьбы-заяўкі мясцовай дзятвы да Дзеда Мароза на навагоднія падарункі. Па дамоўленасці з бацькамі навагоднія падарункі іх дзеці могуць «знайсці» пад ёлкай, атрымаць у форме паштовай пасылкі або непасрэдна з рук Дзеда Мароза.

Яшчэ ў музеі драўляных лыжак наладжана выстава старадаўніх навагодніх паштовак, а таксама арганізавана работа навагодняй майстэрні, у якой дзеці разам са сваімі бацькамі маюць магчымасць майстраваць навагоднія ўпрыгожванні.

У бліжэйшых планах — арганізаваць сярод рэзчыкаў па дрэве конкурс на выраб самай вялікай дзесяцімятровай драўлянай лыжкі, якую б занеслі ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Мікалай ЧАЛЕЙ

231_24_12_2011_7_p_1

НА ЗДЫМКУ: Ганна ЖДАНОВІЧ дэманструе эксклюзіўную драўляную лыжку з выявай герба горада Беразіно, зробленую рукамі мясцовага разбяра па дрэве Яўгена Осіпава

https://www.traditionrolex.com/8