https://www.traditionrolex.com/8
<p style="text-align: justify;">Беларускі  дзяржаўны музей народнай  архітэктуры і побыту запрашае на свята «Шчадрэц», якое адбудзецца 15  студзеня 2012 года з 13.00 да 15.00  гадзін</p>

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на свята «Шчадрэц», якое адбудзецца 15 студзеня 2012 года з 13.00 да 15.00 гадзін.

«Шчадрэц», або «Шчодрая куцця» – вечар напярэдадні свята Васіля Вялікага  (першага дня Новага года па старому стылю), які адзначалі падчас «Каляд». Адным з галоўных сімвалаў свята з’яўлялася калядная зорка. «Шчадрэц» – бог балявання і бяседы. У розных кутках Беларусі на «Шчадрэц» калядоўшчыкі хадзілі з «казою» – сімвалам ураджаю, «мядзведзем», які ўвасабляў сілу і здароўе. Мясцовы непаўторны каларыт гэтага свята назіраўся ў тым, што на Гомельшчыне вадзілі «кабылу», на Міншчыне – «жорава», на Гродзеншчыне – «бусла».

Адметнасцю сёлетняга свята ў музеі стане дэманстрацыя абрада «Шчадрэц» з в. Рог Салігорскага раёна Мінскай вобласці, які ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, у выкананні народнага фальклорнага калектыву «Палескія крыніцы».

У каляднай праграме свята прымуць удзел народны тэатр-студыя гульні «Прымакі» з в. Ахонава Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці (мастацкі кіраўнік Таццяна Генадзьеўна Янушкевіч),  дзіцячы ўзорны калектыў народнай песні «Валошкі» Мінскага Палаца культуры і спорта чыгуначнікаў (мастацкі кіраўнік Іосіф Генрыхавіч Васілеўскі), даўні сябар музея – фальклорны калектыў «Мілавіца» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь» Кастрычніцкага раёна г. Мінска (мастацкі кіраўнік Марыя Васільеўна Снітко). Прадстаўленне лялечнага тэатра «Батлейка» дарослым і дзецям падорыць сустрэчу з народным мастацтвам мінулага.

Запрашаем усіх наведвальнікаў прыняць удзел у традыцыйным конкурсе «Калядная зорка».

Зрабіце загадзя сваю калядную зорку, прынясіце яе на свята і станьце пераможцам!

Пад час свята «Шчадрэц» кожны ўдзельнік зможа пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, зрабіць незабыўныя фотаздымкі з удзельнікамі свята, за дадатковую плату набыць сувеніры ад народных майстроў і падсілкавацца ў карчме. Пачнем Новы год разам!  Да сустрэчы на свяце!

Кошт білетаў для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – 15 000 рублеў, дзеці дашкольнага ўзросту – бясплатна.

Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 17.00. Каса працуе  з 10.00 да 16.30.

Шаноўныя наведвальнікі! Калі ласка, паклапаціцеся аб абутку і вопратцы згодна з пагоднымі умовамі. Свята «Шчадрэц» адбудзецца пры любым надвор’і !

https://www.traditionrolex.com/8