https://www.traditionrolex.com/8
<p>Пілотны праект краязнаўчых экскурсій па Гродзеншчыне запускае мясцовая турыстычная фірма «Мерцана»</p>

Пілотны праект краязнаўчых экскурсій па Гродзеншчыне запускае мясцовая турыстычная фірма «Мерцана».

«Экскурсіі будуць ладзіць жыхары населеных пунктаў: мястэчак ці гарадоў, якія жывуць у гэтым горадзе амаль усё сваё жыццё. Яны пакажуць наведвальнікам тое, што ніколі не пакажа звычайны гід, – расказала дырэктар фірмы «Мерцана» Галіна Фацеева ў інтэрв’ю карэспандэнту інтэрнет-выдання «Твой стыль» Андрэю Мялешка. – Некалькі такіх экскурсій падрыхтавана мясцовымі жыхарамі ў выглядзе гульняў. Некаторыя праграмы вельмі вузкія і тэматычныя, і я думаю, што іх можна будзе прадаць не ўсім. Такой экскурсіяй з’яўляецца, напрыклад, экскурсія «Шляхам Карскага», якая будзе цікава людзям, якія ведаюць, хто такі Карскі.

Праблема сучасных экскурсій у тым, што людзі становяцца больш патрабавальнымі, да таго ж адсутнічае патрэбная інфраструктура. Да прыкладу, я не пашлю на цэлы дзень экскурсантаў у вёску Парыж Віцебскай вобласці, бо ім там няма дзе прыпыніцца, няма дзе паесці. Людзі хочуць нечага цікавага і нязведанага, але ім патрэбная інфраструктура».

Экскурсіі ад тубыльцаў будуць ладзіцца як працяг узаемадзеяння паміж краязнаўцамі і гісторыкамі Беларусі ў рамках праекта Інстытута прыкладной гісторыі сумесна з АГА «Фонд імя Льва Сапегі» і гродзенскім абласным Таварыствам беларускай мовы. «Праект распрацаваны нашымі краязнаўцамі, вынікі працы выкладзены ў інтэрнеце, і турыстычныя фірмы могуць гэтым карыстацца», – адзначыў прадстаўнік «Фонда імя Льва Сапегі» Уладзімір Хільмановіч.

У дадзены момант наведвальнікаў чакаюць наступныя маршруты: «Гісторыя хрысціянства ў храмах Беларускага Палесся», «Прынёманскімі шляхамі Яўхіма Карскага», «Шмат той згубіў, хто ў Дзятлаве не быў», «Дзятлаўшчына на скрыжаванні часоў», «У пошуках слонімскіх скарбаў», а таксама гульня-вандроўка «Крэўскі кірмаш» ды іншыя.

https://www.traditionrolex.com/8