https://www.traditionrolex.com/8

Магдэбургскае (майдэборскае, саксонскае, нямецкае, тэўтонскае) права – адна з найболей вядомых сістэм феадальнага гарадскога права – склалася ў XII-XIII стст. у нямецкім горадзе Магдэбургу (цэнтры архіепіскапства) на падставе розных юрыдычных крыніц: прывілеяў, выдадзеных галавой архіепіскапства гарадскому патрыяту (1188.), «Саксонскага зерцала», пастаноў гарадскога суда і інш.

Яно трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гарадской улады, суда з яго кампетэнцыяй і парадкам судаводства, пытанні зямельнай уласнасці ў гарадскіх межах, парушэнні ўладання, захопу нерухомасці; устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў, у тым ліку і маральныя правіннасці і г. д.

Пад патранатам гэтага права знаходзіліся гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. Магдэбургскае права юрыдычна замацавала поспехі гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць – правы і свабоды на самакіраванне, уласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі былых павіннасцей.

Паводле магдэбургскага права, перасяленне чалавека ў горад з сельскай мясцовасці рабіла яго вольным ад прыгнёту, вызваляла ад шматлікіх феадальных абавязкаў. Чалавек гэты ў пэўным сэнсе, праўда, у значна аблегчаным варыянце, нагадваў калгасніка, якому ўдалося ўцячы ў горад са сталінскага калгаса. Але і сталінскі горад быў таксама апірышчам феадалізму, а то і рабства.

Магдэбургскае права атрымала шырокае распаўсюджанне ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, а менавіта яно было перанята большасцю гарадоў Усходняй Германіі, Усходняй Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, ВКЛ (Вялікага княства Літоўскага). Сама ж Магдэбургская зямля  знаходзілася ў паўднёвай частцы Сярэднееўрапейскай раўніны і часткова ў гарах Гарц; а цэнтр гэтай зямлі – Магдэбург (упершыню ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах у 805 г.) змяшчаўся на беразе Эльбы.

Граматы на магдэбургскае права, што датычыцца ВКЛ, давалі вялікія князі; прыватнаўласніцкім гарадам – уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве – зноў жа вялікія князі ВКЛ. Як правіла, пры наданні таму ці іншаму гораду княства магдэбургскага права браліся пад увагу і мясцовае звычаёвае права, а пазней – пэўныя палажэнні артыкулаў Статутаў ВКЛ. І яшчэ. Пры ўвядзенні магдэбургскага права ў прыватнаўласніцкіх гарадах магнат і гараджане бралі для сябе за ўзор буйны горад княства. Так, для Нясвіжа (1586) па прывілеі Стэфана Баторыя ўзорам былі Вільня і Гродна. Да таго ж граматы тыя адпаведна давалі гарадам і ўласныя гербы.

Неад’емным атрыбутам – сімвалам гарадскога самакіравання, знакам самастойнасці і палітычнай вольнасці горада — з’яўлялася ратуша, якая звычайна будавалася на галоўнай (рыначнай) плошчы ці на набярэжнай, калі горад меў яшчэ і функцыі порта. У ратушы змяшчаліся канцылярыя самакіравання, гарадская казна, архіў з кнігамі адміністрацыйных прадпісанняў рады і яе судовых рашэнняў, граматы з прывілеямі, выдадзенымі гораду. Тут праводзіліся і пасяджэнні судоў. Ратушны суд быў у Полацку, Магілёве, Слуцку, Пінску, Мінску, Кобрыне і іншых гарадах.

Часам ратушы будавалі з крамамі, аўстэрыямі (корчмамі), гасцінымі дварамі. Падвалы і першыя паверхі ратушных будынкаў адводзілі пад хлебныя крамы, склады тавараў прыезджых купцоў і інш., а часам да іх прыбудоўвалі арсенал (Магілёў, які знаходзіўся бліжэй да мяжы з Масковіяй). Найбольш вядомымі былі ратушы Віцебская, Слонімская, Чачэрская, Шклоўская, Магілёўская, Нясвіжская.

У ліку першых у ВКЛ магдэбургскае права атрымала яго сталіца – Вільня (1387). Адносна ж гарадоў і мястэчак Беларусі ў сённяшнім геаграфічным «раскладзе» магдэбургскае права мелі амаль 60 з іх. Першым атрымаў яго Брэст (1390); потым, праўда, няпоўнае – Гродна (1391), поўнае – у 1494 г.

Другім беларускім горадам, які атрымаў поўнага «магдэбурга», быў Слуцк (1441); далей ішлі: Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499) і г. д., паступова, пакуль не пачаліся падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), у якую на той час уваходзілі землі Беларусі і якія таксама былі паняволены Масковіяй. За год (1792) да другога падзелу паспелі атрымаць магдэбургскае права Ашмяны, Воўна, Вугор, Геранёны, Пераброддзе, Прывалка, Цырын і Шарашова. Тым самым іх жыхары яшчэ больш былі зараджаны на будучае супраціўленне новым акупацыйным уладам.

Магдэбургскае права далей мяжы паміж ВКЛ і Масковіяй распаўсюджання не мела: там яно было непажаданым, там проста не было ўмоў для яго існавання. Там была ўжо дзікая Азія – татара-мангольшчына з паняволенымі народамі Паволжжа, Урала, Сібіры, Поўначы і Далёкага Усходу. Да канца XVIII ст. за лінію мяжы паміж Еўропай і Азіяй прымаліся ўсе больш усходнія рубяжы Днястра, Дняпра і Дона. У другой палове гэтага ж стагоддзя навуковец немец Пётр Сіман Палас (1741–1811), здзяйсняючы мару, выконваючы запавет і працягваючы намаганні Пятра I, вядома, не без ганарараў, прапанаваў праводзіць мяжу паміж Еўропай і Азіяй спачатку па Волзе, а потым – як яна лічыцца цяпер (па Уралу – гарах, рацэ і г. д.).

Еўропа, зноў жа – за пэўныя ўзнагароды, гэту прапанову немца прыняла. І сёння маем тое, што маем. Дарэчы, П.С. Палас у 1767 г. у 26-гадовым узросце быў абраны членам Пецярбургскай акадэміі навук і пераехаў у Расію. Там ён меў шмат прывілей і прэферэнцый.

Магдэбургскае права на Беларусі было скасавана паводле ўказаў расійскай імператрыцы Кацярыны II у Магілёўскай губерні ў лістападзе 1775 г., у Мінскай – у маі 1795 г., у Заходняй Беларусі – у снежні 1795 г. Як бачым, непажаданае для Расіі права на гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі распаўсюджвалася сістэмна, метадычна-паступова з захаду на ўсход, а потым – адпаведна па-варварску, метадычна-гвалтоўна вынішчалася з усходу на захад.

Вядома, які лёс напаткаў гарадскія гербы і ратушныя збудаванні: гербы мянялі-падганялі «пад расійскі абцас», ратушы пераважна перабудоўвалі, перапрыстасоўваючы пад што-небудзь, часам амаль руйнавалі (бывалі выключэнні), як цэнтральныя часткі Брэста ці Бабруйска, каб не нагадвалі аб еўрапейскай мінуўшчыне, і ўзводзілі на іх месцы крэпасці, вязніцы і турмы, з дапамогай якіх душыліся паўстанні паняволенага краю.

Жыхароў мястэчак, магдэбурскае права якіх было скасавана, новыя ўлады імкнуліся перавесці ў стан прыгонных сялян. Апошнім часам робяцца спробы правалы памяці залатаць навадзеламі (адбудова знішчаных калісьці ратуш у Магілёве, Мінску і інш.).

Як і ўсякае іншае паселішча, горад, мястэчка, надзеленыя магдэбургскім правам, апроч гэтага, мелі яшчэ і розныя іншыя непаўторныя «адмеціны» і асаблівасці, пра якія кожнаму турысту і вандроўніку, безумоўна, цікава пачуць, а то і пабачыць, калі там яшчэ штось захавалася. Канечне, варта пачаць з Магдэбурга – бацькі гарадоў магдэбургскіх. Трэба заўважыць, што горад гэты двойчы (падчас 30-гадовай вайны 1618 – 1648 гг. і ў 1945 г.) амаль поўнасцю разбураўся. Сёння ён – адзін з квітнеючых нямецкіх гарадоў.

Хто з нас яшчэ са школьных гадоў не чуў пра магдэбургскія паўшар’і? Гэта дзве шчыльна прыціснутыя адна да другой металічныя паўсферы, якія цяжка раз’яднаць, калі з прасторы паміж імі адпампаваць паветра. Паўшар’і гэтыя зроблены ў Магдэбургу (адсюль і назва) у 1654 г. фізікам і бургамістрам горада Ота Герыке, які пры іх дапамозе прадэманстраваў наяўнасць атмасфернага ціску. Ён жа ўпершыню (1660) пабудаваў вадзяны барометр і скарыстаў яго для прадказання надвор’я. (Нам бы такіх мэраў – вынаходнікаў-некарупцыянераў!).

А чым жа адметны нашы былыя беларускія «магдэбургцы»? Што тут сёння можа прыцягнуць нашу ўвагу? Вядома, варта ў першую чаргу не абмінуць увагай тыя гарады і мястэчкі, якія абышлі турысцкія маршруты, аб якіх мала ці недастаткова ўзгадваюць не толькі ў глянцавых выданнях, але, як кажуць, і ў простым папяровым друку, а таксама ў радыё- і тэлеэфірах.

Да іх пакуль, вядома, не дайшла яшчэ, хай не на вялікую даўжыню, чарга. А там, несумненна, ёсць інфармацыя аб не зусім звычайных аб’ектах, неардынарных асобах, знакавых падзеях і г. д., – можа, не такой значнасці, як магдэбургскія феномены, але… Але неабходна ўзгадаць пра нешырока вядомае ў шырока вядомым. Гэта значыць, што аб такіх гарадах, як Брэст, Гродна, Полацк, Мінск, Магілёў, Віцебск і некаторых іншых, спасылаючыся на наяўнасць аб іх багатай інфармацыйнай прасторы, тут будзе сказана амаль толькі згадваннем пра першае упамінанне аб іх і пра дату надання ім магдэбургскага права.

Гродна. Горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца пад 1127 г. У 1391 г. горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1494 г. – поўнае, у 1496-м – дапоўненае спецыяльным прывілеем). Пра багатае гістарычнае, гаспадарчае, культурнае, літаратурнае, мастацкае, тэатральнае і інш. жыццё шляхетнай Гародні нам распавядуць працы В.І. Кудрашова, Ю.А. Пашкіна, А.М. Пяткевіча, А.П. Госцева, В.В. Шведа, М.І. Ліса, Т.А. Меляшкевіча, Л.Дз. Налівайкі, Дз.У. Стэльмаха і інш. А мы, удзячныя ім, – у дарогу!

Ваўкавыск. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобл., на р. Росi. Упершыню як летапісны Волковыеск упамінаецца пад 1252 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1503 г. Сярод іншых сведчанняў ёсць і такое, што ў назве горада ляжыць імя служылых людзей вялікага князя, якія пад час палявання павінны былі выць па-воўчы і гэтым прынаджваць ваўкоў. Нельга не ўзгадаць пра Ваўкавыскае княства (XIII–XIV стст.) і Ваўкавыскае рукапіснае Евангелле (XVI ст.). Ваўкавышчына (маёнтак Жлобаўцы) – радзіма выдатнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш (1910–1983). У 1928 г. яна скончыла Ваўкавыскую жаночую гімназію.

Навагрудак. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах (Новогород, Новогородок, Новый Городок) адносіцца да 1044 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1511 г.

Пра Навагрудак як цэнтр палітычнага, рэлігійнага, літаратурнага і іншых галін жыцця існуе багаты спектр рознага рода інфармацыі, які дапаможа нам адчуць подых гісторыі і ў нейкай ступені – вечнасці, калі мы пасля азнаямлення з ім аднойчы станем на Замкавай гары супраць фарнага касцёла, у якім у свой час ахрысцілі Адама Міцкевіча, ці ўздымемся на Курган Бессмяротнасці ў гонар таго ж Міцкевіча. Хто сур’ёзна не наведае Навагрудак з яго музеямі, архітэктурнымі помнікамі, курганамі, руінамі і рэшткамі замкаў і г.д., таму не дадзена глыбока спасцігнуць і таямніцу ўзнікнення Вялікага княства Літоўскага.

Ліда. Цэнтр Лідскага раёна Гро­дзенскай вобл., на р. Лідзеі. Датай ўзнікнення горада лічыцца 1323 г. – пачатак будаўніцтва Лідскага замка, лепшую выяву якога ўтрымлівае акварэль Юзафа Пешкі (XVIII ст.). Магдэбургскае права горад атрымаў у 1587 г.

Тут варта азнаёміцца з такімі помнікамі архітэктуры, як Крыжаўздвіжанскі касцёл і Іосіфаўскі касцёл піяраў. Варта пацікавіцца такімі вырабамі народных майстроў, як лідскія куфры (XIX – 1-я палова XX ст.). І не забудзем, што Ліда ў асобе спадара Станіслава Судніка выратавала орган ТБМ імя Францыска Скарыны газету «Наша слова», якая там выходзіць і сёння.

Любча. Гарадскі пасёлак у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобл., на левым беразе Нёмана. Упершыню згадваецца ў нямецкіх хроніках як аб’ект ваенных паходаў крыжакоў у 1401 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1590 г. Любчанскі замак на высокім левым беразе Нёмана існаваў у XVI – пачатку XIX ст. У якім выглядзе замак існаваў у пачатку XIX ст., можам меркаваць па акварэлі Юзафа Пешкі. Сёння там вядуцца рэстаўрацыйныя работы, у асноўным сіламі валанцёраў.

Ад шырокай і бясконцай прасторы, калі вы стаіце на высокім беразе, непадалёк ад замкавай вежы, над выгінам Нёмана, у вас і сёння тут захоплівае дух. І яшчэ. У Любчанскай друкарні (XVII ст.) сярод розных кніг на польскай і лацінскай мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. былі надрукаваны зборнік беларускіх прыказак С. Рысінскага (1618) і «Статут Слуцкай школы» (1628).

Астрына. Гарадскі пасёлак у Шчу­чынскім раёне Гродзенскай вобл. Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1450 г., магдэбургскае права атрымана ў 1641 г. У XV – пачатку XVI ст. належаў да каралеўскага ўладання. Тут помнік Цётцы (Алаізе Пашкевіч) – выдатнай беларускай паэтцы, патрыётцы і рэвалюцыянерцы (1876–1916).

Мальча. Мястэчка Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Магдэбургскае права атрымала ў 1645 г. Вядома ў свой час барацьбой жыхароў за вызваленне з-пад прыгнёту, супраць уціску мясцовай адміністрацыі (1805–1823). Гэта звесткі мінулага. Іншых якіх звестак сённяшняга дня пакуль не выяўлена.

Радунь. Гарадскі пасёлак у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобл. Упершыню ўпамінаецца ў 1387 г. у грамаце Ягайлы як горад Радыня. Магдэбургскае права атрымана ў 1649 г. Непадалёк ад Радуні ў XIV–XVII стст. існаваў Радунскі замак. Захаваліся сляды замчышча.

Жыровічы, Жыровіцы. Вёска ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобл. Вядомая з 2-й паловы XV ст. як прыватнаўласніцкае паселішча падскарбія А. Солтана. У 1652 г. атрымала магдэбургскае права. Апроч Успенскага мужчынскага манастыра (XVI ст.), Жыровіцкага Евангелля – беларускага рукапіснага помніка (XV ст.), Жыровіцкага абраза Маці Божай (XV ст.), Жыровічы знакаміты былі і школьным тэатрам (сярэдзіна XVIII ст.), асабліва беларуска-польскай уніяцкай інтэрмедыяй «Сляпы, кульгавы, потым пан і селянін» (1751) і інш.

Ашмяны. Горад, цэнтр Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл. Вядомы з 1341 г. як замак вялікіх князёў ВКЛ. Магдэбургскае права атрымаў у 1792 г. Ёсць звесткі, што статут горада Ашмяны атрымалі, верагодна, ад Вітаўта у канцы XIV, а магдэбургскае права (першапачаткова) – на пачатку XVI ст. Помнікі архітэктуры XIX ст. – царква і карчма. У горадзе працуе краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча (1840–1900).

Воўпа. Вёска ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобл. на р. Ваўпянцы. Вядома з 1-й паловы XV ст. як уладанне вялікага князя ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Магдэбургскае права атрымала ў 1792 г. – напярэдадні III падзелу Рэчы Паспалітай, што спараджала пратэстныя настроі мясцовага насельніцтва супраць Расіі, а потым актывізавала яго на паўстанні. Цікавым архітэктурным аб’ектам тут бачыцца касцёл Іаана Хрысціцеля (1773) – помнік драўлянага дойлідства позняга барока.

Геранёны. Вёска ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобл. Вядома з XV ст. як Геранёны Мураваныя. Магдэбургскае права атрымана ў 1792 г. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (XV–XVI стст.).

Прывалкі (Прывалка). Вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага раёна. Вядома з XVI ст. Магдэбургскае права атрымана ў 1792 г. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Шкаплернай і Святых Сымона і Тадэвуша (1919).

Цырын. Вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Сэрвачы. Вядома з 1432 г. як шляхецкае, потым як дзяржаўнае ўладанне. Магдэбургскае права мела, верагодна, у XVII ст., а пацверджана ў 1792 г. Помнік архітэктуры: Свята-Міхайлаўская царква.

Новы Двор. Вёска, цэнтр сельсавета Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. Вядома з XV ст. З 1720 г. – мястэчка; магдэбургскае права, верагодна, – з 1792 г. Жыхары мястэчка бралі ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. А ў 1863 г. каля Новага Двара паўстанцкі атрад Лідскага павета на чале з Л. Нарбутам быў разбіты царскімі войскамі.

Гербы і сцягі Гродзенскай вобласці

Яўген ГУЧОК, istpravdaru

s13.ru

https://www.traditionrolex.com/8