https://www.traditionrolex.com/8
<p>37 сесія ЮНЕСКА пастанавіла ўнесці юбілей І. А. Гашкевіча ў Каляндар памятных дат на 2014–2015 гг. У рамках святкавання юбілейнай даты 20 сакавіка а 18-й гадзіне ў <a href="http://www.histmuseum.by/be/content/275"><u>Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь</u></a> адкрываецца выстава «Іосіф Гашкевіч – дыпламат, вучоны-арыенталіст», прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння нашага славутага земляка.</p>

У падрыхтоўцы выставы прынялі ўдзел Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, Архіў знешняй палітыкі Расійскай імперыі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, кампанія Japan Tobacco International у Рэспубліцы Беларусь, а таксама прыватныя калекцыянеры.

Жыццё і дзейнасць дыпламата, вучонага-арыенталіста Іосіфа Гашкевіча звязаны з Беларуссю, Расіяй, Японіяй, іх гісторыяй і культурай. Першы расійскі консул у Японіі, ён стаяў ля вытокаў ўсталявання дыпламатычных адносін Расійскай імперыі з краінамі Усходу ў сярэдзіне  XIX ст. Захоплены культурай Усходу, Іосіф Антонавіч заўсёды заставаўся патрыётам Расіі і Беларусі.  

Нарадзіўся Іосіф Гашкевіч 16 сакавіка (4 сакавіка па старому стылю) 1814 г. у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні (зараз Гомельская вобл.). Сям'ю Гашкевічаў адносяць да свяшчэнніцкага роду, да якога, у прыватнасці, належыць cвяты праведны Іан Кармянскі. Гашкевіч скончыў Мінскую духоўную семінарыю, С.-Пецярбургскую духоўную акадэмію. На працягу 10 гадоў быў у складзе рускай духоўнай місіі ў Пекіне.

У 1852 г. І. Гашкевіч быў накіраваны ў якасці перакладчыка і дарадца з місіяй Я. В. Пуцяціна ў Японію. У 1855 г. удзельнічаў у працэдуры падпісання Сімодскага трактата паміж Расіяй і Японіяй – першага дыпламатычнага пагаднення аб міры і сяброўстве. З дапамогай японца Тацібана Косай склаў першы японска-рускі слоўнік, які быў выдадзены ў 1857 г.

Служба на пасадзе расійскага консула ў японскім г. Хакадатэ, куды Гашкевіч быў прызначаны па рэкамендацыі Я. В. Пуцяціна, працягвалася 8 гадоў. Па ініцыятыве І. А. Гашкевіча тут была адкрыта руская школа, выдадзена руская азбука для японцаў. Пры консульстве працавала бальніца, у якой атрымлівалі бясплатную дапамогу сотні японцаў.

Пасля прыезду з Японіі Гашкевіч зноў служыць у Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расіі, а ў 1867 г. вяртаецца ў Беларусь, набывае маёнтак Малі каля Астраўца (сёння Гродзенская вобл.). Тут ён працуе над кнігай «Аб каранях японскай мовы», якая была выдадзена ў 1899 г. пасля яго смерці. Заслугі І. А. Гашкевіча неаднаразова адзначаліся высокімі ўзнагародамі Расіі.

Так, выданне «Японска-рускага слоўніка» было адзначана медалём С.-Пецярбургскай Акадэміі навук і поўнай Дзямідаўскай прэміяй. У розныя гады Гашкевіч атрымаў медаль «У памяць вайны 1853–1856 гг.», ордэн св. Ганны 2-й ступені, ордэн св. Станіслава 3-й ступені, «Знак адрознення бездакорнай службы за 15 гадоў». У вёсцы Малі ў яго гонар усталяваны памятны знак (аўтар – Р. Груша), у гарадскім пасёлку Астравец – бюст, створаны  скульптарам В. Янушкевічам. Адна з мінскіх вуліц носіць імя Гашкевіча.

https://www.traditionrolex.com/8