https://www.traditionrolex.com/8

Званы на Астравеччыне маглі з'явіцца ў час пабудовы першых хрысціянскіх святыняў, з якімі прыйшла традыцыя касцёльным звонам склікаць вернікаў на набажэнства.Таму мясцовы люд мог яго пачуць у другой палове XV стагоддзя ў Варнянах ці Астраўцы, у пачатку наступнага стагоддзя – у Быстрыцы ці Гервятах.

Адна з першых пісьмовых згадак пра наяўнасць званоў у храме адносіцца да Гервяцкага касцёла. У фундушовым акце за 1536 год адзначалася, што мясцовы касцёл, акрамя могілак, хрысцільні, іншай патрэбнай для парафіяльнай святыні маёмасці, мае таксама званніцу са званамі. На жаль, ніякіх іншых дадатковых звестак пра іх не захавалася, паведамляе сайт газеты «Астравецкая праўда».

Найбольшую вядомасць і цікавасць у гістарычным плане ўяўляюць званы Міхалішкаўскага касцёла. У чэрвені 1857 года на іх звярнуў увагу гр. Канстанцін Тышкевіч, калі ў час воднага падарожжа наведаў Міхалішкі. Размяшчаліся тры вялікія бронзавыя званы на адной з вежаў касцёла, а на другой у той час знаходзіўся гадзіннік. Даступіцца да іх было дастаткова цяжка, таму пры дапамозе ветлівага і руплівага ксяндза Стшэлецкага за некалькі гадзін былі зладжаны рыштаванні. Званы К. Тышкевічу ўдалося не толькі разгледзець, але і перапісаць надпісы, што былі на іх баках.

Мастак М. Янушкевіч перамаляваў рэльефны відарыс стаячай на паўмесяцы Маці Божай са Святым Дзіцяткам на руках. Пад гэтай выявай знаходзіўся шчыт з гербам Бжастоўскага ў атачэнні 16 літар з азначэннем імені і тытулаў фундатара: «Цыпрыян Бжастоўскі, рэферэнт, пісар Вялікага Княства Літоўскага, стараста Даўгоўскі, Быстрыцкі, Аранскі, Субоцкі, эканоміі Шавельскай адміністратар».

У манаграфіі «Вілія і яе берагі», якая пабачыла свет у 1871 годзе, даследчык змясціў, акрамя ўзгаданых малюнкаў, лацінамоўныя надпісы на званах. З тэкста вынікае, што першы звон паходзіў з 1607 года, а другі быў адліты 11 ліпеня 1616 года. На трэцім зване ўзгаданы майстар адліву, ці як тады яго называлі, людвісар Эмерык Мерычана. На думку пазнейшых даследчыкаў міхалішкаўскіх званоў гэтыя даты былі пазначаны памылкова і адносілі час іх узнікнення да 60-х гадоў XVII стагоддзя. У любым выпадку дзякуючы Канстанціну Тышкевічу да сённяшніх дзён захаваліся для нас каштоўныя ўзоры эпіграфікі. Больш таго, у даследаванні прыведзены цікавы факт пра чацвёрты звон. Аўтар піша: «Гавораць тут, што чацвёрты звон, без параўнання ад гэтых большы, пры пераправе яго праз Вілію быў затопленым і там дасюль знаходзіцца. Тутэйшы лекар пан Мінікоўскі, знаўца ўсялякіх мясцовых паданняў і сам іх збіральнік, усё мне ветліва апавёў. Ён паказваў мне нават месца на Віліі, у якім знаходзіцца той вялікі ўтоплены звон». Гэтае паданне перадаецца мясцовымі жыхарамі з пакалення ў пакаленне, стаўшы яшчэ адной цікавосткай Міхалішак, і разам з іншымі помнікамі мястэчка прыцягвае сюды зацікаўленых сваёй мінуўшчынай турыстаў.

Звон Сольскага касцёла звязаны з Астравецкім краем

Даследуючы лёс званоў Смаргоншчыны, у Маладзечанскім занальным архіве я знайшоў звесткі, якія звязваюць адзін былы звон Сольскага касцёла з Астравецкім краем. У вопісе касцёльнай маёмасці, якую склаў 15 (28) жніўня 1915 года пробашч касцёла ў Солах, пазначаны звон з наступным тэкстам: «Год 1726. Адліты стараннямі гудагайскага вікарыя ксяндза Раймунда і пры дапамозе парафіянаў». Дыяметр яго ніжняй адкрытай часткі складаў 11 вяршкоў (амаль 50 см), і ацэнены ён быў у 420 рублёў. Для параўнання: уся каменная сольская званніца была ацэнена ў 500 рублёў.

Пасля закрыцця ў 1832 годзе кляштара кармелітаў босых у Гудагаі тутэйшую парафію далучылі да Солаў, куды і трапіў узгаданы звон. Каб прасачыць далейшы яго лёс, нагадаю абстаноўку напярэдадні захопу кайзераўскім войскам часткі тэрыторыі былой Віленшчыны. Летам 1915 года ў абстаноўцы ненадзейнасці і хісткасці становішча Паўночна-Заходняга фронту пачынаецца эвакуацыя з Дзвінскай ваеннай акругі, куды ўваходзілі ў той час землі нашага краю. Галоўны начальнік акругі інжынер-генерал князь Туманаў 23 (05.08) ліпеня 1915 года выдае абавязковую пастанову для жыхароў тэатра ваенных дзеянняў аб тым, што «ад’язджаючыя на эвакуацыю ўстановы і прыватныя асобы абавязаны ўсю медную маёмасць, якую яны не бяруць з сабою, здаць, у парадку рэквізіцыі, мясцовай паліцыі».

Праз некалькі дзён здымаюць і вывозяць званы хрысціянскіх храмаў. Каштоўная інфармацыя аб гэтым знаходзіцца ў дадатковым абвяшчэнні генерала Туманава ад 1(14) жніўня 1915 года. У ім адзначана, што зняцце званоў з усіх праваслаўных, каталіцкіх і лютэранскіх святыняў і вываз іх углыб Расійскай імперыі праводзіцца «з той мэтай, каб вораг наш, вырабляючы з медзі гэтых званоў снарады, не мог забіваць імі нашых сыноў, братоў і іншых родных». Планавалася ўсе знятыя званы, калі міне небяспека, вярнуць на ранейшыя месцы. У гэтай сувязі праводзіцца іх падрабязны вопіс, да іх прымацоўваюцца спецыяльныя інфармацыйныя карткі, у некаторых мясцінах на корпус наносіцца фарбай назва паселішча.

У другой палове жніўня хваля зняцця званоў дакацілася да Ашмянскага і Свянцянскага паветаў, куды ўваходзілі землі сучаснага Астравецкага раёна. Здымаюцца два ўнікальныя «кампаны», так яшчэ ў навуковай тэрміналогіі называюць званы храмаў, з Гудагайскага касцёла, званы з Быстрыцкага храма, які на той час быў пераабсталяваны пад праваслаўную царкву і, напэўна, іншых мясцовых храмаў. Яны перавозяцца па чыгунцы ў Маскву, а там перадаюцца на захаванне ў манастыры Маскоўскай епархіі.

Невядома, ці паспелі эвакуіраваць сольскія званы, бо ўжо 2 (15) верасня 1915 года ў мястэчку распачынаюцца жорсткія баі, касцёл разам са званніцай былі дашчэнту зруйнаваны і след гэтых званоў губляецца. Не пашчасціла і іншым кампанам з Астравеччыны, якія былі вывезены ў час эвакуацыі на Ўсход. Грамадзянская вайна і следам за ёй татальная антырэлігійная кампанія ў Расіі назаўсёды знішчылі напаміны пра гэтыя помнікі культуры. Пакінуўшы край летам 1915 года, яны больш не вярнуліся на свае спрадвечныя месцы на званніцах.

Варта адзначыць, што пры пасляваенным адраджэнні Сольскага касцёла на ахвяраванні мясцовых вернікаў для новазбудаванай святыні ў 1930 годзе былі адліты чатыры званы ў ліцейнай майстэрні Кароля Швабе ў Бялай. На адзін з кампанаў нанесены польскамоўны надпіс, які сёння можна лічыць арыгінальным і сімвалічным помнікам Першай сусветнай вайне: «Сусветная вайна 1915 года знішчыла касцёл у Солах і маіх папярэднікаў, але (…) сольскія парафіяне прызвалі мяне да жыцця, каб абвяшчаў імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Жывых склікаю, памерлых уваскрашаю, навальніцы разганяю».

У 1934 годзе дырэктар фабрыкі М.O.J. з Катавіцэ Густаў Рожыцкі ахвяраваў для капліцы ў Дубку 40-кілаграмовы звон, прыгожы меладычны гук якога штогод па святах запрашае шматлікіх вернікаў на набажэнства. Адпачываючы ў недалёкай Тупальшчыне, дзе ў той час знаходзілася вядомае на Віленшчыне лецішча, ці на сённяшні лад – аграсядзіба, інжынер Г. Рожыцкі далучыўся да мясцовай ініцыятывы па стварэнню Марыянскай кальварыі і зрабіў такі шыкоўны падарунак. Першапачаткова звон знаходзіўся на высокай 4-слуповай званніцы, якая была завершана пірамідальным гонтавым дашкам. Цяпер ён месціцца на простай двухслуповай канструкцыі.

Моц, тэмбр і мелодыя гучання званоў розных канфесій маюць свае асаблівасці

У мінулым нашыя продкі заўважылі адну акалічнасць. Па воднай прасторы гучанне званоў разыходзілася на больш далёкія адлегласці, таму і званніцы стараліся будаваць на рачных і азёрных берагах. Па гэтай прычыне дубоцкі касцёльны звон можна пачуць на значнай адлегласці ад Дубка, сама ж кальварыя ўзнікла на гэтым месцы зусім з іншай нагоды.

Варта адзначыць, што моц, тэмбр і мелодыя гучання званоў розных канфесій маюць свае асаблівасці, таму што аднолькавыя па знешняму выгляду, яны па-рознаму дзейнічаюць. У касцёле вагаецца корпус звана і дакранаецца да «языка», які ў заходняй традыцыі мае яшчэ назву «сэрца». А ў праваслаўным храме – наадварот: «язык» б’е па нерухомаму корпусу звана, і ўтвараецца гук. Таму і не дзіва, што асаблівы музычны каларыт перазвону хрысціянскіх святыняў у любым мястэчку з касцёлам і царквой прыцягвае ўвагу жыхароў і гасцей.

kraj.by

https://www.traditionrolex.com/8