Міёрская Дзіяна ахоўвае балоты і ходзіць на паляванне

31.08.2014 - Новости

Міёрская Дзіяна ахоўвае балоты і ходзіць на паляванне

Насамрэч завуць яе не Дзіяна, а Кася. Кася Казачонак – адзіная на ўсю Міёршчыну. Сама яна кажа, што так яе бацька назваў, і ў пашпарце так запісана. Можа, гэта скарочана ад Касьяны, а можа, і Каця на старадаўні манер. Ды наогул, як яе только не завуць: і Ася, і Насця, і Тася, і Тося… А Дзіяна – бо, падобна рымскай багіні, ахоўвае на Міёршчыне балоты, ходзіць нароўні з мужчынамі на паляванне, ловіць рыбу, паведамляе газета «Витебские Вести».

– Яна і на дзіка ў начное можа, на ваўка, а нашу Ельню ўпоперак пешшу пераходзіць, – кажа пра Касю дырэктар заказніка «Ельня» Іван Барок. – Выбітная жанчына!

Што цікава, гэтая жыхарка вёскі Камянполле працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, во­зіцца з самымі малымі. Заўжды энергічная, вясёлая, на першы погляд, бесклапотная. Але гэта не так. Акрамя працы, яна час ад часу даглядае сваіх унукаў, займаецца гаспадаркай: ёсць карова, конь, дзве авечкі, куры. А таксама тры сабакі і кот.

– У мяне, бывае, пытаюцца: «Кася, чаму ты такая бадзёрая заўжды?» А я ад прыроды сілай падпітваюся. Пасля працы бяру човен – і на возера, кружкі ставіць, павудзіць ці проста на вадзе адпачыць. І Ральфік заўсёды са мной, – распавядае жанчына.

Ральфік – гэта 11-гадовы сабака, нязменны кампаньён Касі, куды б яна ні пайшла ці паехала. На машыне, на матацыкле, на лодцы ён у яе за штурмана. На паляванні, хоць сам памерам бы тая Моська з байкі, птушку прыцягнуць можа, дзіка, лася заганяе.

– Як так? Ён жа зусім маленькі? – пытаюся.

– Многія, хто са мной першы раз ходзіць, таксама не вераць, пакуль самі не пабачаць, – тлумачыць Кася. – Ён бяжыць за дзіком, гаўкае. Калі таму надакучыць, разварочваецца – і давай за Ральфікам. Як стамляецца, усё пачынаецца нанава.

Дарэчы, Ральфік па пашпарце «ўсходне-сібірская лайка». Бо трэба было неяк рэгістраваць, каб мог афіцыйна ўдзельнічаць у паляванні.

Хацелася б паглядзець на ягоныя «салачкі» з дзіком на ўласныя вочы, аднак гэта, відаць, адкладзем да наступнага візіту на Міёршчыну. А пакуль Кася ўзяла мяне на борт сваёй лодкі, каб разам праверыць кружкі, што паставіла мінулай ноччу на бліжэйшым возеры.

Так я ўпершыню ўбачыла гэты спосаб рыбнай лоўлі на жыўца. На плывучы кружок, у якога адзін бок белы, другі – чырвоны, наматваецца лёска. На ёй – павадок і кручок-двайнік, за які пад жабры чапляецца жывы карасік. Калі яго хапае шчупак, кружок пераварочваецца. Па колеры рыбак здалёк бачыць, дзе на жыўца спакусіўся драпежнік.

– Бывае, што сам карась збівае, а бывае, што кружок не пераварочваецца, бо шчупак не заглытвае жыўца цалкам, – тлумачыць мне Кася. – Хаця я і на звычайную рыбалку выбіраюся, і на донку, і на спінінг лаўлю, аднак усё роўна на кружкі люблю больш за ўсё (часцяком пастаўлю іх бліжэй да берагоў, а сама на лодцы ў іншым месцы вуджу). Бо калі зловіш, дык зловіш здаровую рыбіну. Самая вялікая, што мне трапляла на кружок улетку, важыла 4,2 кг. А зімой на жэрліцы – 5,5 кг. Хаця ад возера і ад месца многае залежыць таксама. На адным ловіцца шчупак, на другім карась, на трэцім краснапёрка ці лінь.

Паляваннем і рыбалкай захапляецца не толькі Кася, але і большая частка сям’і Казачонак. Першыя свае ўрокі жанчына атрымала ад бацькі, менавіта з ім упершыню на ваўка хадзіла. Такое ж хобі ў яе мужа, далучаюцца, калі выпадае час, і сыны.

Не менш любіць Кася вы­бірацца ў балота па ягады (асабліва журавіны), грыбы, духмяныя травы. Яна з дзяцінства гадавалася на балоце Мох, а таксама праз Ельню хадзіла, таму і ведае кожны куток гэтага самага вялікага верхавога балота Беларусі. Калі трэба, дапамагае заказніку праводзіць экскурсіі па яго тэрыторыі, удзельнічае ў работах валанцёрскага лагера, які ладзіцца на Ельні штогод, каб пабудаваць каскады плацін на каналах, што забіраюць ваду з цэнтральнай часткі балотна-азёрнага комплексу. Таму Кася і заслужыла пачэсны статус – «Ахоўніца балота Ельня».

Кацярына Князева

 

Рубрики: Активный Отдых Экологический Туризм

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах