Магічная Мапа Мінска ад Міхала Анемпадыстава

26.11.2013 - Новости

Магічная Мапа Мінска ад Міхала Анемпадыстава

Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе аўтар ідэі праекта мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў.

Паўночны завулак

Выдатная назва: Паўночны. Нібыта там заўсёды снег і зіма. Гэта, натуральна, не так, але ўзімку там утульна і пахне дымам. Лепш за ўсё ісці па завулку ад саўмінаўскіх гаражоў, тады вы падымаецеся ўгару і не бачыце супрацьлеглага яго краю. У гэтым выпадку шпацыр набывае сваю прасторавую драматургію і нават інтрыгу, бо траса завулка нечакана завяршаецца ўрвішчам і доўгімі сходамі долу. На завулку захавалася амаль некранутая, яшчэ дарэвалюцыйная драўляная забудова з цікавымі архітэктурнымі элементамі, садамі і велічэзным дубам. Цікава і арганічна выглядае будынак старой фабрыкі пэндзляў з цёмна-чырвонай цэглы – выдатнае месца для мастацкага асяродка і лофтаў.

Вуліца Кастрычніцкая

Перадусім вуліца цікавая старой індустрыяльнай архітэктурай, гэта былая Ляхаўка, прамысловая ўскраіна горада. Забудова вуліцы рознастылёвая, але арганічная ў сваёй мінімалісцкай, нават суворай эстэтыцы. Фактурнасці і гістарычнасці вуліцы надаюць трамвайныя рэйкі і драты, а таксама лямпы, якія вісяць проста «ў небе» пасярод вуліцы. І, безумоўна, сам трамвай. У нядзелю прадпрыемствы не працуюць, людзей няма, і тады Кастрычніцкая выглядае таямніча і нават сюррэалістычна. Магія гэтай вуліцы вельмі крохкая, яна хутчэй за ўсё знікне разам з любой архітэктурнай інтэрвенцыяй. Варта адчуць гэтую магію, пакуль яна там яшчэ ёсць.

Лошыца

Лошыца вельмі моцна пацярпела ад нядаўняй «рэканструкцыі». Шмат непаўторных, важных элементаў краявіду і прасторы страчана назаўсёды, прычым менавіта тых, якія надавалі парку своеасаблівую магічнасць. Але з таго, што засталося, варта адзначыць унікальны для Мінска рэльеф ваколіцы: пагоркі і глыбокія поймы рэк, прыродная забалочанасць у месцы сутоку Свіслачы і Лошы, некалі ландшафтны парк з экзотамі і вялікі сад з гісторыяй. Лошыца «цягне» на статус прыродна-культурнага запаведніка, і, мажліва, некалі гэтак і будзе. Цяпер застаецца адно: старацца не заўважаць жахлівыя вынікі рэканструкцыі і знайсці ў парку і ваколіцах нешта сваё з таго, што засталося.

Ілюстрацыі Андруся Такінданга 

Мы чакаем вашых допісаў! Дасылайце  на адрас кампаніі  razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і  патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы «Магічная Мапа» і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Рубрики: Эксклюзив

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах