https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong><em>Закончыліся археалагічныя раскопкі на паўвостраве Замак. Падрабязнасці — у размове з кіраўніком работ Мікалаем ПЛАВІНСКІМ.</em></strong></p>

(Мікалай ПЛАВІНСКІ — кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Аўтар і суаўтар 10 манаграфій і больш за 200 навуковых, навукова-папулярных і энцыклапедычных артыкулаў па археалогіі і гісторыі Беларусі сярэдневяковага перыяду. З 2004 года праводзіць раскопкі археалагічных помнікаў эпохі Сярэднявечча на паўночным захадзе Беларусі.)

— Мікалай, увядзіце, калі ласка, «у курс справы».

— Тры гады па ініцыятыве і з падтрымкай райвыканкама мы праводзілі раскопкі Мядзельскага замка. Першыя археалагічныя работы тут адбыліся ў 1981 годзе пад кіраўніцтвам вядомага беларускага археолага Міхася Аляксандравіча Ткачова. Мы зноў распачалі раскопкі. У перспектыве галоўная мэта — аднаўленне замка, а пакуль што праводзілася даследчая праца на будучыню.

— Якім быў Мядзельскі замак? Што там самае цікавае?

— Самае цікавае — гэта вежа Мядзельскага замка. Яе раскопваў Ткачоў, мы таксама адкрывалі ў мінулым годзе частку сцяны, каб паглядзець яе захаванасць. Вежа гэта мела сямнаццаць метраў у дыяметры. Як яна выглядала першапачаткова? Самае блізкае, што, напэўна, ведаюць усе беларусы — гэта Камянецкая вежа. Па вышыні і Мядзельская мусіла быць каля трыццаці метраў. Таксама, верагодна, існавалі мураваны палац і нейкія драўляныя ўмацаванні — сам замак быў драўляны.

Самыя цікавыя знаходкі — пячная кафля. Яна мае бліжэйшыя аналагі ў Ніжнім замку Вільні. Увогуле можна меркаваць, што Мядзельскі замак быў пабудаваны родам Саковічаў (ім калісьці належалі землі значнай часткі цяперашняй Мя­дзельшчыны і Пастаўшчыны). Потым перайшоў да Радзівілаў, а пасля быў дзяржаўным, як і само мястэчка Мядзела. Рос­квіт Мядзельскі замак перажыў дзесьці ў дваццатыятрыццатыя гады XVI стагоддзя. Тады да ве­жы быў прыбудаваны мураваны палац, і там вялося актыўнае жыццё. Працягвалася такое актыўнае жыццё, можа, і ў саракавыя гады XVI стагоддзя, бо легенда, якая звязвае замак з каралевай Бонай, усё ж аднекуль узялася. Дзесьці канец трыццатых гадоў, саракавыя — гэта той час, калі Бона Сфорца, жонка Жыгімонта Старога, і сапраўды магла быць у Мядзелі.

— Ці былі сёлета якія знаходкі?

— Галоўная наша мэта — вывучэнне абарончых збудаванняў. Мы не столькі шукалі, колькі вывучалі плошчу і будову замка. Але і «накапалі». Ёсць манета 14921506 гадоў — часоў праўлення вялікага князя Аляксандра Ягелончыка. Гэта дынарый — манета самага дробнага наміналу. З аднаго боку — польскі арол, з другога — Пагоня. Знайшлі таксама шахматную фігуру першай паловы XVI стагоддзя.

— Будзеце працягваць раскопкі?

— Пакуль што не. Раскопкі вяліся ў рамках праграмы «Замкі Беларусі», каб можна было рыхтаваць праект рэстаўрацыйных работ. Папярэднюю археала­гічную працу выканалі: разведачна раскапалі ўсю паўночна-ўсходнюю частку замка. Калі ж будзе прынята рашэнне аб рэстаўрацыі, то патрэбны значна большыя па аб’ёму работы — тут ужо павінна быць не валанцёрская экспедыцыя.

— Зразумела, што не трэба ў прамым сэнсе аднаўляць замак — будаваць свайго роду Дыснейленд. А якая рэстаўрацыя неабходна?

— Мае сэнс адкрыць па перыметры вежу, цалкам закансерваваць яе, накрыць нейкай канструкцыяй — зрабіць купал. Гэта ўжо з праекціроўшчыкамі, архітэктарамі трэба мець справу. Магчыма, дзесьці месцамі аднавіць профіль абарончых збудаванняў. Ну і патрэбна музеефікацыя. Зрабіць музейнае памяшканне, стылізаванае пад XVI стагоддзе. Сюды патрэбна правесці электрычнасць, ахова павінна тут быць пастаянна, неабходна шмат розных інфармацыйных шыльдаў — каб увесь паўвостраў ператварыўся ў музейны аб’ект. Патрэбна і інфраструктура, і прадуманая палітыка.

Але гэта найперш фінансавае пытанне. Прыдумаць можна што заўгодна, а вось рэалізаваць — толькі ў рамках дзяржаўнага фінансавання. Тым больш, што адна справа — зрабіць, а іншая — падтрымліваць у належным стане. Тут могуць быць нават большыя выдаткі, чым на аднамомантную пабудову чаго-небудзь.

— Раскопкі — праца не толькі цікавая, але і ў прамым сэнсе цяжкая. Экспедыцыя была валанцёрскай… Мікалай, рассакрэцьце, хто гэтыя валанцёры. Студэнты, якія завінаваціліся вам залік па гісторыі?

— Ды не. Працавалі за ідэю. Чалавек трыццаць тут перабыло. У асноўным — з Мінска. З Брэста, з Гродна былі. Самыя розныя людзі: ад трэнера футбольнай каманды да грузчыка.

На здымках: 1. Графічную фіксацыю археалагічнага аб’екта (падмурак палаца) робіць кандыдат гістарычных навук дацэнт Мікалай Плавінскі; 2. На раскопках працуюць валанцёры — выпускнікі гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Клімовіч і Сяргей Крэйдзіч; 3. Пешка на далоні — шахматная фігура першай паловы XVI стагоддзя, знойдзеная падчас раскопак на паўвостраве Замак.

Narachanka.by

https://www.traditionrolex.com/8