https://www.traditionrolex.com/8
<p><span style="line-height: 20.7999992370605px;">Прапанаваны турыстычны маршрут ахоплівае населеныя пункты, якія наведваў ураджэнец Гродзеншчыны акадэмік Я.Ф. Карскі, працуючы над стварэннем этнаграфічнай карты Беларусі і фундаментальнай працы «Беларусы». Мы пабываем на яго малой радзіме, у месцах, дзе ён падарожнічаў, дзе адпачываў. </span></p>

Маршрут Лаша – Луцкаўляны – Гудзевічы – аэрапорт Абухава – Коматава – Мігова – Гародня (музей гімназіі № 1, агратуркомплекс «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы») праходзіць па тэрыторыі Гарадзенскага, Бераставіцкага, Мастоўскага раёнаў Гарадзенскай вобласці. Працягласць аднадзённага маршрута складае больш за 130 км.

Маршрут-вандроўка «Шляхамі Карскага ў Прынямонні» з вышэйпералічанымі населенымі пунктамі ўяўляе сабой цікавасць для навукова-пазнавальнага, этнічнага і актыўнага турызму. Чаму менавіта гэты маршрут і пад такой назвай? Па-першае, даніна памяці вялікаму вучонаму і людзям, што жылі ў гэтых мясцінах. Па-другое, акадэмік Я. Карскі, які аб’ехаў больш за сотню населеных пунктаў, вывучаючы ў экспедыцыях беларускую мову і культуру, пакінуў вялікі след, аб’яднаўшы (пакуль віртуальна) гэтыя вёскі, гарады і мястэчкі ў гатовыя турыстычныя маршруты. Нам здаецца, што і сённяшняму турысту будзе цікава праехацца і прайсціся па тых жа мясцінах, па якіх Карскі вандраваў больш за 100 гадоў назад.

Ён аб’ехаў, абышоў сам ці з памагатымі па межах амаль усю Беларусь, стварыўшы этнаграфічную карту беларусаў, якой карысталіся і карыстаюцца тысячы людзей. У 1916 годзе за вялікія навуковыя дасягненні ў славянскай філалогіі Я.Ф. Карскі быў абраны акадэмікам Расійскай акадэміі навук. Я.Ф. Карскі з’яўляецца заснавальнікам сучаснага беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства. А яшчэ Яўхім Карскі – наш зямляк, родам з Гарадзеншчыны. Таму мы вырашылі злучыць сённяшні «турыстычны прадукт» шырокавядомым словам – прозвішчам вялікага чалавека.

У маршруце мы вылучылі першыя, як нам здаецца, цікавыя вёскі і мястэчкі сённяшнім патэнцыйным турыстам. На чарзе наступныя маршруты. А час пакажа, у якім накірунку рухацца далей.

Кароткая даведка

Яўхім Карскі нарадзіўся ў в. Лаша недалёка ад Гародні ў 1861 г. Імя акадэміка Карскага, філолага, этнографа, палеографа, фалькларыста, шырока вядома не толькі ў Беларусі. Карскі – акадэмік Расійскай (1916) і Чэшскай АН (1929), правадзейны член Інстытута беларускай культуры (1922 г.), з’яўляўся старшынёй камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзельнік разагнанага Усебеларускага з’езда (Мінск, снежань 1917 г.). У сваёй фундаментальнай працы «Беларусы» на падставе глыбокага параўнальна-гістарычнага даследавання мо­­вы, фальклору, пісьменнасці, шматвекавой культуры бела­русаў упершыню навукова абгрунтаваў іх нацыянальную самабытнасць як самастойнага славянскага народа. Падчас шматлікіх экспедыцый па Гарадзеншчыне ён аб’ехаў больш сотні мястэчак і вёсак, вывучаючы асаблівасці беларускай мовы і межы яе распаўсюджання. Працуючы ў Варшаўскім універсітэце, падчас летняга адпачынку, калі не выязджаў у экпедыцыю, лета звычайна праводзіў разам з сям’ёй каля Нёмана (Мігова, Панямунь), дзе адпачываў і працаваў.

Лаша

Малая радзіма Карскага – вёска Лаша, што знаходзіцца за сем кіламетраў ад шашы Гродна – Ваўкавыск і размясцілася над рэчкай Лашанкай. У вёсцы яшчэ адчуваецца дух Карскіх, захаваліся месцы і памяць, звязаныя з іх жыццём.

Вёска ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1539 г., была валасным сялом, у якім у XVI ст. існавала царква Св. Міколы, пазней стала ўніяцкай, а ў 1839 г. пераўтворана ў праваслаўную і называлася Свята-Мікалаеўскай. І царква, і званіца пры ёй з'яўляюцца помнікамі архітэктуры. У пачатку ХІХ ст. у Лашы з’явілася сям’я Карскіх з прыбыццём сюды Вікенція Карскага. Ён паходзіў з дробнай шляхты і тут пачаў служыць у мясцовай царкве. З гэтай сям’і выйшла некалькі пакаленняў дзячкоў. У яго сярэдняга сына Ануфрыя быў сын Іван і дачка Марыя. 

У сярэдзіне ХІХ ст. пры царкве працавала прыхадское вучылішча, куды ў 1857 г. на пасаду настаўніка быў прысланы 17-гадовы Фёдар Мікалаевіч Навіцкі. Тут ён сышоўся з сям’ёй мясцовага дзячка Ануфрыя Вікенцьевіча Карскага і ажаніўся з яга дачкой Марыяй. У 1861 г. у іх нарадзіўся сын Яўхім, які пасля стаў знакамітым вучоным. Фёдар Мікалаевіч Навіцкі з сям’ёй у 1868 г. пераехаў у вёску Ятра Навагрудскага ўезда, дзе таксама працаваў настаўнікам. Сям’я Навіцкіх была вялікая і складалася з 8 чалавек, таму пазней Яўхіму прыйшлося самому зарабляць грошы на вучобу.

Лаша – старадаўняя беларуская вёска з адметнай беларускай культурай, мовай, традыцыямі, якія вывучаў і запісваў Іван Ануфрыевіч Карскі, дзядзька Яўхіма. Сям’я Карскіх аказала значны ўплыў на станаўленне малога Яўхіма, які пазней узяў гэтае прозвішча. Іван Карскі атрымаў духоўную адукацыю і спачатку працаваў настаўнікам, а потым на працягу 47 гадоў служыў дзячком у розных цэрквах Гродзенскай губерні. Ён ўсюды збіраў фальклорныя і этнаграфічныя матэрыялы і адсылаў іх знанаму этнографу П.В. Шэйну.

У Лашы на могілках (0,5 км ад царквы) у 1880 г. ён паставіў помнік сваім родзічам, які захаваўся да нашых дзён. Побач стаіць і помнік самому Івану Ануфрыевічу Карскаму.

У в. Лаша 1902 г. быў узведзены новы будынак школы, якую адкрываў гродзенскі губернатар П.А. Сталыпін і дзе працавала двухкласнае народнае вучылішча. У савецкі час у ім працавала няпоўная сярэдняя школа, якая насіла імя акад. Я.Ф. Карскага, на будынку яе ўстаноўлена ў яго гонар мемарыяльная дошка. Школу скончылі вядомыя ў Беларусі людзі: наркам асветы БССР у 20-я гады А.В. Баліцкі, Герой Савецкага Саюза генерал М.Ф. Грыгаровіч, партызанка В.І. Соламава. У 1964 г. інспектарам Гродзенскага райана краязнаўцам А.П. Цыхуном у школе быў створаны музей акадэміка Я.Ф. Карскага, напісаны пра яго краязнаўча-біяграфічны нарыс. Нязменным кіраўніком музея была настаўніца Якімовіч Н.У., якая пражывае ў Лашы. У 1991 г. школа была закрыта з-за скарачэння колькасці вучняў, а пасля закрыты і музей.

Луцкаўляны

У вёсцы Луцкаўляны з гонарам ушаноўваюць імя акадэміка Я.Ф. Карскага як свайго земляка, які зрабіў вялікі ўклад у навуку. Размясцілася вёска каля шашы Гродна – Вялікая Бераставіца за 30 км ад Гродна. Вёска вядома з 1784 г. з дакумента Варшаўскага архіва, які пералічае склад прыхода Індурскага касцёла.

У цэнтры населенага пункта знаходзяцца культурна-асветныя ўста­новы: сярэдняя школа, Дом культуры,  мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей. У ім экспануюцца матэрыялы аб знакамітым земляку акадэміку Я.Ф. Карскім, уласныя рэчы вучонага; пададзены звесткі і матэрыялы аб вядомым краязнаўцу і даследчыку творчага шляху акадэміка – А.П. Цыхуну; абсталяваны экспазіцыі аб земляках: народным камісары асветы БССР А.В. Баліцкім, які быў беспадстаўна расстраляны бальшавікамі ў 1937 г.; Герою Савецкага Саюза генерале М.Ф. Грыгаровічу, Герою Са­цыялістычнай Працы П.І. Дзеншчыкове. Побач з музеем створана алея заслужаных землякоў і пастаўлены помнік загінулым за абарону Радзімы.

Недалёка ад цэнтра вёскі на беразе невялікай рэчкі Індурка стаіць стары вадзяны млын, які цяпер працуе на электрычнасці (па аўторках і суботах). А ў пяці кіламетрах ад Луцкаўлян на рацэ Свіслач у пасляваенныя гады (у 1953 г.) была пабудавана першая на Гродзеншчыне электрастанцыя, якая пазней была закрыта, а нядаўна адноўлена.

Гудзевічы

Вёска Гудзевічы з’яўляецца своеасаблівым духоўным цэнтрам у рэгіёне, дзе як бы ўвасоблены думкі Я.Ф. Карскага аб існаванні беларускай нацыянальнай самабытнасці, дзе ўсё па-беларуску, на беларускай мове, па беларускіх звычаях і традыцыях.

Яна знаходзіцца за 14 кіламетраў ад Алекшыц, што на шашы Гродна – Вялікая Бераставіца, і з’яўляецца цэнтрам сельскага савета і сельскагаспадарчага кааператыва. Але найбольш вядома сваім літаратурна-этнаграфічным музеем. Заснаваны ён у 1965 г. у мясцовай сярэдняй школе настаўнікам беларускай мовы Алесем Мікалаевічам Белакозам. Спачатку музей працаваў на грамадскіх пачатках, а з 1990 г. стаў дзяржаўным. Размяшчаецца ён у двух будынках, адзін з якіх – старая сялянская хата XVIII ст. з прадметамі хатняй гаспадаркі сялян, з саламянай страхой – сам з’яўляецца этнаграфічным  помнікам.

Музей мае звыш 12 тысяч экспанатаў, размешчаных у васьмі экспазіцыях. Экспанаты расказваюць аб пісьменніках, вучоных, дзеячах культуры Гродзеншчыны і Беларусі, тут выстаўлены іх кнігі і ўласныя рэчы. Прылады працы сялян, прадметы народнага быту, даўнія адзенне і ўборы, вырабы з лёну, саломкі, лазы, дрэва, гліны як бы ілюструюць этнаграфічныя запісы Я.Ф. Карскага. Экспануюцца творы мастацтва, спосабы народнага лячэння травамі і зёлкамі, крэмневай вадой. Кожны наведвальнік музея атрымоўвае кавалачак крэменю для умацавання здароўя. У музеі ў якасці сувеніраў можна набыць тканыя паяскі або закладкі.

Экскурсіі праводзіць як стваральнік музея заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь А.М. Белакоз (асветнік, чалавек-легенда), так і падрыхтаваныя ім экскурсаводы – работнікі музея.

У вёсцы работнікамі Дома культуры, музея, настаўнікамі традыцыйна ладзяцца беларускія народныя святы (каляды, Вялікдзень, провады зімы, дажынкі). Дырэктар музея – Клімуць Вольга Віктараўна. 

Абухава

Вёска Абухава знаходзіцца недалёка ад Мігова, дзе любіў адпачываць Я.Ф. Карскі. У час адпачынку ён неаднаразова наведваў вёску і вывучаў мову, гаворку, побыт яе жыхароў. Тут занатаваў ён уразіўшае яго слова (ГОМАСНА).

Тая вёска Абухава, куды наведваўся вучоны, моцна адрозніваецца ад сучаснай. Упершыню яна ўзгадваецца ў 1559 г. як каралеўская (эканамічная) вёска Котрынскай воласці Гродзенскай эканоміі, у ёй пражывала 78 гаспадароў. Яны мелі 244 вала, 149 коней, а ў каралеўскую казну плацілі 4,5 тысячы літоўскіх грошай, што сведчыць аб высокім дабрабыце. Мінскі гісторык Андрэй Янушкевіч (родам з Абухава) падае іншую лічбу: плацілі абухаўцы ў каралеўскі скарб сорак тры з паловай капы грошай, а гэта 2610 літоўскіх грошай. На іх можна было цэлы год трымаць на забеспячэнні 400 жаўнераў. У XVI ст. насельніцтва Абухава было праваслаўнае. У ваколіцах в. Мігова ў XVI ст. вёска Абухава была самая вялікая, яна была цэнтрам войтаўства, у якое ўваходзілі вёскі Пужычы, Плавы, Сіўкава (тады Гарадзіслаў), Завадзічы. Абухава ўваходзіла ў склад Котрынскага двара, адкуль харчавалася каралеўская Гародня. Паходзіць назва Абухава, верагодна, ад беларускай мянушкі Абух, носьбіт якой, магчыма, быў пратапластам баярскіх радоў Абуховічаў.

Насупраць Абухава, у Абуховічах, жылі баяры – прамежкавае звяно паміж сялянамі і шляхтай. Яны неслі ваенную службу, перавозілі каралеўскую пошту, вызваляліся ад падаткаў і мелі прыватную зямлю.

Сёння Абухава – цэнтр шырока вядомага ў Беларусі сельгаскааператыва «Абухава», у якім інтэнсіўна працуе гаспадарка, вядзецца шырокае жыллёвае будаўніцтва, добраўпарадкаванне.

Недалёка, на захад ад вёскі, знаходзіцца самы буйны ў Гарадзенскай вобласці грамадзянскі аэрапорт, які мае аднайменную назву. Пабудаваны ў 1984 г. пасля закрыцця Гарадзенскага грамадзянскага аэрапорта каля вадасховішча Юбілейнае. На прылеглай тэрыторыі планавалася гасцініца, рэстаран і іншая інфраструктура аэрапорта. Праз нейкі час пабудавалі вялізны гмах. Але запатрабаванасць аэрапорта зменшылася ў 90-я гады ў некалькі разоў, і гэты недароблены будынак гасцінічнага комплекса стаіць незапатрабаваным.


Карта-схема маршрута

Паселішча, старэйшае за Рым (Коматава)

Коматава з’яўлялася духоўным цэнтрам акругі. У XVI ст. гэтую функцыю выконвала царква Святога Спаса, якая знаходзілася бліжэй да Нёмана, каля рачулкі Малеўка. Тут маліліся, бралі шлюбы, хрысцілі дзяцей. Як веруючы чалавек, Я.Ф. Карскі з сям’ёй, адпачываючы ў суседнім Мігове, пастаянна наведваў царкву.

Вёска Коматава – адно з найстарэйшых паселішчаў на Гарадзеншчыне, якое нават старэйшае за Рым. Упершыню археалагічныя раскопкі ў гэтых мясцінах праводзіліся напрыканцы XIX ст. Аказалася, што ў мясціне, дзе Нёман прарываў узвышша, былі самыя старажытныя стаянкі людзей на Гара­дзеншчыне. Першыя паселішчы на гэтай тэрыторыі, на думку розных вучоных, узніклі 11–13 тысяч гадоў назад. Вядома, што да ліцвінаў-беларусаў у гэтых месцах жылі нашыя далёкія продкі – яцвягі і інш. У Іпацьеўскім летапісе ёсць яцвяжскія  правадыры – Комат, Шурпа. Калі Комат мог быць «вінаваты» ў тым, што ўзнікла такая назва паселішча, то прозвішча Шурпа ў наш час меў вядомы паэт з гэтых мясцін.

Царкву, якая дзейнічае сёння, пабудавалі ў 1847 г. Пасля рэканструкцыі 1865 г. сваё аблічча яна захавала да сёння. На тэрыторыі Коматаўскай царквы ў асноўным пахаваны землеўласнікі маёнтка Мігова і іх родныя, святары і іх родныя.

У сувязі з будаўніцтвам на Нёмане ГЭС і затапленнем вадой прылягаючых да русла ракі берагоў дзяржавай былі выдзелены сродкі на даследаванне гэтых тэрыторый. І вось з пачатку даследаванняў, з 2003 г., чарга дайшла да  Коматаўскага могільніка. 

Там, дзе ў XVI ст. стаяла царква Святога Спаса, знаходзяцца познесярэднявечныя могілкі, на раскопках якіх працуюць выкладчыкі-археолагі і студэнты Мінска, Гародні і звычайныя валанцёры. Археолагі тут знайшлі больш за трыста камянёў-помнікаў. Могільнік – хрысціянскі, бо дзясяткі камянёў пазначаны шасціканцовымі крыжамі візантыйскага тыпу з папярэчкамі. На «маладых» валунах выбіты даты пахавання XVIII–XIX стагоддзяў. Падчас раскопаў знойдзена шмат новых матэрыялаў па сярэднявечнаму перыяду. Гэта кераміка, манеты XVI ст. часоў Жыгімонта Аўгуста, пусьенэ, а таксама шкілеты, якія пасля даследаванняў будуць перазахаваны па хрысціянскіх абрадах. Сённяшнія коматаўскія могілкі знаходзяцца яшчэ на больш высокім узвышшы.

Вядомыя асобы

Амельяновіч Іосіф – коматаўскі святар, які 27.03.1944 падчас акружэння Коматава нямецкімі аўтаматчыкамі змог пераканаць іх, што жыхары Коматава не вінаваты ў нападзе на немцаў на хутары Мар’янаўка. Гэтым ён выратаваў жыхароў вёскі ад расстрэлу, а ўдзячныя жыхары добрым словам успамінаюць і шануюць былога святара. У памяць аб гэтым здарэнні дзячок Барыс Уткін напісаў Коматаўскую ікону Божай Маці. Амельяновіч Іосіф застаўся святаром і пры саветах.

Паходзіў з в. Коматава і Будзіловіч Антон Сямёнавіч (1846–1908 гг.), вядомы славіст, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук. Будзіловіч А. і Карскі Я. нарадзіліся па абодва бакі Нёмана, у межах 10–15 км былі іх малыя радзімы. Яны былі вельмі вядомымі і паважанымі навукоўцамі-славістамі. Першы амаль забыўся пра сваю радзіму, хоць некалі і пачынаў з краязнаўчага артыкула пра Камянецкую вежу, другі не толькі часта падарожнічаў па родных мясцінах, але стварыў фундаментальныя працы для свайго народа. Такія блізкія геаграфічна і такія розныя ў адносінах да ўласнай культуры.

Насупраць Коматава ў ХІХ ст. існаваў завод паравых караблёў. Багаты землеўласнік О’Брыен дэ Ласі (Дэляс) меў завод па будаўніцтве караблёў у цяпер не існуючай в. Пескі і ў г. Пінску. Тут у 1887 г. быў пабудаваны  гандлёва-пасажырскі паравы карабель «Дзевайціс», моц рухавіка яго складала 88 конскіх сіл. Паравыя караблі пасля пабудовы ішлі на Піншчыну і Віслу. З супрацьлеглага боку Нёмана і з самога Коматава яшчэ можна заўважыць выкладзеныя на востраве-дамбе камяні, занесеныя пяском і парослыя хмызняком.

Масты

Дарога ад сучасных могілак некалі вяла проста на мост праз Нёман на вёскі Пескі і Віцькі. Тут быў інтэнсіўны стратэгічны пераход праз Нёман, бо пры пераадоленні Нёмана з правага берага адкрывалася выйсце на Скідзельскі тракт, з левага – на Індурскі. Масты будаваліся ў ваенных мэтах. На апошніх картах вёскі Пескі няма, а Віцькі знаходзяцца за 1 км ад ракі.

Пасля пабудовы ГЭС на Нёмане ўтворыцца вялікае вадасховішча, а з ім і новыя магчымасці для актыўнага воднага турызму.

Мігова

За два кіламетры ад в. Коматава ніжэй па Нёмане размясцілася ў прыгожай мясцовасці в. Мігова, якую ўпадабаў для адпачынку Я. Карскі. Будучы рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта, ён прыязджаў адпачыць, працаваць, адсюль выбіраўся ў розныя вандроўкі па ваколіцах, рабіў запісы, слухаючы мясцовую беларускую мову. Сустракаўся з гарадзенскімі краязнаўцамі, пісаў лісты вучоным, 21.06.1909 выслаў ліст рэдактару «Нашай Нівы» Аляксандру Уласаву. Вёў перапіску і з іншымі вучонымі ПАН.

Упершыню в. Мігова ўзгадваецца пад 1558 г. у «Пісцовай кнізе Гро­дзенскай эканоміі», яна адносілася да Саволеўскага войтаўства каралеўскага двара Котра. Гэты двор разам з 10 іншымі дварамі забяспечвалі харчаваннем каралеўскі двор, што належаў Вялікаму князю Літоўскаму.

У геаграфічным слоўніку Польскага каралеўства (6 том, Варшава, 1885 г.) гаворыцца пра землеўласніка Мігова Аляксандра Абуховіча, падаецца інфармацыя пра дзве іншыя назвы Мігова на тэрыторыі паўночнай Польшчы. Назвы падаюцца і як нямецкага паходжання ад слова Mьggau. Сярод звестак пра жыхароў Мігова XVI стагоддзя ў «Пісцовай кнізе» ёсць прозвішча Міговіч Аляксей. Можа, яго продкі былі першымі пасяленцамі ў гэтай вёсцы.

У XVI ст. жыхары Мігова мелі 15 валокаў зямлі сярэдняга грунта і былі на цяглай службе. У XVIІ ст. падчас «невядомай вайны» 1654–1667 гг. навакольныя вёскі моцна пацярпелі ад расійскага нашэсця. Пасля падзелу нашых зямель напрыканцы XVIІІ ст. паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй нашы землі апынуліся пад уладай Расіі. Мігова ўваходзіла ў Гарадзенскі ўезд Літоўскай (потым Гродзенскай) губерні. Коматаўская царква была ўжо ўніяцкая, імёны мігоўцаў у значнай ступені сталі мешанымі, праваслаўна-каталіцкімі. За асобную плату мігоўцы трымалі свайго паромшчыка з вольных сялян, які перавозіў людзей і грузы на другі бок Нёмана. Жыхары вёскі Александрова былі лепшыя плытагоны ў XVI–ХІХ ст., якія ганялі плыты ажно ў Прусію. У маёнтку ў розны час было 4–5 корчмаў, дзе мясцовыя сяляне, калі не былі заняты работай, бавілі свой час. Падчас Першай су­светнай вайны шмат мігоўцаў вымушаны былі пайсці ў бежанства на тэрыторыю Расіі. Быў спалены гаспадарскі  маёнтак Шлегеліхі, засталася толькі частка адрыны. Былі спалены дачы, што здаваліся ў арэнду на землях маёнтка Мігова.

Гаспадары маёнтка Мігова

Пасля апошняга падзелу нашых зямель 12.11.1796 расійскім Сенатам маёнтак Мігова Літоўскай губерні Гродзенскага ўезда перададзены ў пажыццёвую спадчыну Івану Савінскаму. Па іншых крыніцах, маёнтак быў ім закладзены ў банку. У 1801 г. у Санкт-Пецярбургу калежскі саветнік Мацвей Іванавіч Савінскі (сын) дамовіўся з сынам калежскага асэсара Томаса Цукербекера Фрэдэрыкам Вільгельмам Цукербекерам аб продажы маёнтка Мігова з фальваркам Мігова і вёскамі, за выключэннем 12 чал. з в. Мігова і в. Віцькі (за Нёманам), усяго 150 душ.

З 1817 г. маёнтак набыў Іван Абуховіч і перадаў у спадчыну свайму сыну Аляксандру Іванавічу Абуховічу, але ўжо без вёсак Пескі і Віцькі. Аляксандр Абуховіч атрымаў у спадчыну маёнтак Мігова, складовай часткай якога былі фальварак Мігова, вёска Мігова, вёска Александрова (усяго 22 двары). Ёсць звесткі, што гаспадар маёнтка Мігова Аляксандр Абуховіч быў звязаны з паўстанцамі Каліноўскага, за што быў пакараны вялікім штрафам.

У 1867 г. маёнтак Мігова за 15 500 рублёў набыла ў А. Абуховіча жонка адстаўнога генерал-лейтэнанта Кацярына Іванаўна Брассэ. Пасля смерці Кацярыны Брассэ ў 1888 г. ён быў перададзены дачцэ Вінадоры Паўлаўне Шлегель, якая ўзяла шлюб з генерал-маёрам Шлегелем Хрыстафорам Карлавічам. Напрыканцы 30-х гадоў ХХ ст. землі маёнтка належалі некалькім гаспадарам, а з прыходам саветаў былі нацыяналізаваныя. Сёння рэшткі падмурка хаты «Шлегеліхі» знаходзяцца на землях сям’і Ярашэвічаў, іх бацька ў «Шлегелісе» загадваў гаспадаркай маёнтка. Лепшы ў Беларусі спецыяліст па садова-паркаваму мастацтву А. Федарук па ліпавай алеі з лёгкасцю вызначыў месца, дзе павінен быў знаходзіцца гаспадарскі дом, якраз у Ярашэвічаў. Сёння ад маёнтка Мігова засталася толькі скамечаная памяць. Крыж, усталяваны ў 30-я гады гаспадаром Тулінскім, быў заменены на крыж з нержавейкі, які сёння стаіць сярод хмызняку на сотках аднаго дачніка.

Гародня

Гімназія № 1. Экскурсія ў музей. У 1990 г. была адкрыта першая школа-гімназія № 30 (сёння гімназія № 1) у Гародні. Большасцю педкалектыва была падтрымана ідэя ўшанаваць імя акадэміка Я. Карскага і надаць гэтае імя навучальнай установе. На той час першы школьны музей Я. Карскага, створаны А.П. Цыхуном у Лашы, ужо быў зачынены. Частка экспанатаў і кніг, падораных К. Крапівой, была расцягнута. Са згоды дырэктара школы-гімназіі № 30 Р.І. Можджар настаўнікамі і вучнямі пры падтрымцы А.П. Цыхуна быў урачыста адкрыты 4 лютага 1995 года новы музей Я. Карскага. Значная частка захаваных экспанатаў лашанскага музея была перанесена ў школу-гімназію № 30, другая частка захоўваецца ў музеі ў Луцкаўлянах, частку атрымала абласная бібліятэка імя Я. Карскага. Пазней, у маі 2006 г., пры падтрымцы «Гроднаэнерга» было адрамантавана іншае памяшканне, і новая, пашыраная экспазіцыя была таксама ўрачыста адкрыта ў гімназіі № 1 Гародні.

Гімназія № 1 (школа-гімназія № 30) з пачатку сваёй дзейнасці звязала адукацыйны працэс з імем і спадчынай акадэміка Я. Карскага. На базе музея арганізавана дзейнасць школьных экскурсаводаў, дзе настаўнікі Т.І. Еўтух, А.М. Зянько (яны маюць свае карані ў в. Лаша), пазней В.Р. Карнялюк, І.Ф. Прытульчык творча займаліся падрыхтоўкай гімназістаў для правядзення экскурсій і пашырэння іх кругагляду.

Важным накірункам працы музея сталі творчыя Дэкады Я.Ф. Карскага, якія штогод ўжо традыцыйна ла­дзяцца ў студзені. Тут і літаратурна-музычныя вечарыны, і экскурсіі, і інтэлектуальная віктарына «Горад Святога Губерта», і нават пастаноўка ў сценах музея тэатральнага дзеяння пра Я. Карскага.

Таксама ўжо стала традыцыяй на Дэкаду Я. Карскага ганаровае ўзнагароджанне лепшых адзінаццацікласнікаў стыпендыяй імя Я. Карскага. За больш чым дзесяць гадоў лаўрэатамі стыпендыі сталі сотні вучняў гімназіі.

Музей Я. Карскага – гэта і месца сустрэч з цікавымі людзьмі, якія з’яўляюцца сябрамі музея і гімназіі: А.Г. Майсяёнак, П.У. Сцяцко, М.І. Канюшкевіч, А.П. Госцеў і інш.

У розны час таксама дапамагалі музею А.У. Мілінкевіч, Юрась Мацко, які стварыў у падарунак музею прыгожую жырандоль, «Гроднаэнерга» і інш. Тут пабывалі дзясяткі вядомых літаратараў, паэтаў, кампазітараў і сотні звычайных беларусаў, якія цікавяцца беларускай культурнай спадчынай.

Працягваецца традыцыя ліставання з роднымі Я. Карскага, распачатая яшчэ А.П. Цыхуном. Пасля смерці ўнучкі акадэміка Т.С. Карскай сёння падрымліваецца сувязь з праўнукам акадэміка – А.А. Карскім. У 2010 годзе ён ўжо двойчы пабываў у музеі і гімназіі, рабіў даклады ў Гродзенскім універсітэце і ў бібліятэцы імя Я. Карскага ў Каралеўскім замку да 180-годдзя яе заснавання. Пабываў на радзіме свайго прадзеда ў Лашы, наведаў царкву і могілкі сваёй радні.

Пасля адкрыцця новай экспазіцыі музея ў 2006 годзе галоўнымі раздзеламі сталі: «Гісторыя музея», «Кабінет вучонага», «Апанас Цыхун – педагог, паэт, грамадзянін», «Этнаграфічны куток». Новым накірункам дзейнасці музея стала калекцыя рукапісаў дзеячаў беларускай культуры і новыя даследаванні месцаў, звязаных з жыццём і творчай дзейнасцю Я. Карскага.

Музей Я. Карскага (гімназія № 1) знаходзіцца ў лесапарку Румлёва, які з’яўляецца помнікам прыроды і помнікам садова-паркавага мастацтва мясцовага значэння і прасціраецца ўздоўж берага Нёмана. Назва лесапарка паходзіць ад шляхецкага роду Румеляў. Раней гэтыя землі належалі роду Радзівілаў і масону Ігнаці Ляхніцкаму. Прыкладна каля 200 гадоў назад (клёнавай алеі каля 200 год) і быў закладзены гэты парк.

Былы выкладчык гімназіі № 1, паэт Фёдар Чычкан напісаў верш «Румлёўскі парк», які пачынаецца словамі:

Калі самотны я і боль шчымлівы
У сэрца ўносяць тлумы галавы,
Іду сюды, дзе розум мітуслівы
Губляе ў сценах дрэў свае правы…

Каробчыцы

Вёска Каробчыцы вядома з XVI стагоддзя. Раней мела назву Растаўляны. Сяляне мелі 44 валокі зямлі, але грунт быў дрэнны. У ХІХ ст. пасля паўстання К. Каліноўскага маёнтак Каўбасіна з фальваркам Каробчыцы часта мянялі сваіх гападароў, пакуль землеўласніцай не стала Марыя Маслоўская, якая за 40 гадоў гаспадарання зрабіла маёнтак Каўбасіна і фальварак Каробчыцы даходнымі. Але Першая сусветная вайна перакрэсліла ўсе планы. Потым землямі валодалі польскія асаднікі. У 1939 г. ужо ў польскіх вайскоўцаў забралі зямлю саветы, яе пасля вайны ва ўласнасць узяла дзяржава –  спачатку СССР, а потым РБ. Сёння праз Каробчыцы праходзіць галоўная аўтатранспартная магістраль з Гародні на захад праз беларускі пагранічны пераход Брузгі. Непадалёку захаваліся лясныя масівы для адпачынку.

Муж Маслоўскай здаў у арэнду Вацлаву Марцынкоўскаму частку маёнтка. Але дамова часткова перастала дзейнічаць у сувязі з ваеннымі дзеяннямі 1914–1918, а потым і савецка-польскай вайной 1920 г. У 1921 г. польскія ўлады зрабілі рэвізію маёнтка, а па прычыне таго, што землеўласніца не вярнулася пасля вайны і маёнтак быў вельмі запушчаны, улады прынялі рашэнне забраць Каўбасіна і фальварак Каробчыцы ў дзяржаўную ўласнасць. У 1924 г. муж Маслоўскай прад’явіў свае правы на гэтыя землі, але польскія ўлады запатрабавалі такую колькасць папер, што за тры гады ён так і не змог адстаяць права на валоданне маёнткам і фальваркам. Галоўнай прычынай было тое, што частка зямель маёнтка і фальварка была аддадзена ў 1920–1922 гг. былым польскім вайскоўцам-асаднікам. Таму землямі ў Каўбасіне (295 га) і Каробчыцах (343 га) у розны час валодалі некалькі ўласнікаў, у тым ліку і Францысканскі касцёл. Пазней прыйшлі саветы, і землі праз нейкі час у асаднікаў і іншых гаспадароў былі таксама забраныя ў дзяржаўную ўласнасць.

На пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў Каробчыцах можна было паглядзець старажытныя яўрэйскія могілкі адразу пры ўездзе і парэшткі старога вадзянога млына, якія канчаткова былі знішчаны падчас будаўніцтва запруды на р. Ласасянка (Ласосна) у канцы вёскі. Непадалёку, каля дачных участкаў, стаіць металічны крыж – напамін аб савецка-польскай вайне 1920 года.

У 90-я гады ХХ ст. шмат земляў у Каробчыцах было аддадзена пад катэджнае будаўніцтва, у тым ліку і на месцы былога стрэльбішча. Каля р. Ласасянка выкуплена ці ўзята ў арэнду частка тэрыторыі разам з рэчкай. Амаль усю рыбу з рэчкі вылоўліваюць новыя гаспадары. У Каробчыцах Гарадзенскі мясакамбінат пабудаваў агратурыстычны комплекс «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы» з базай адпачынку, рэстаранам «Замак Зеваны», невялікім заапаркам, паркоўкай і г.д.

Тут пабудавала сабе базу адпачынку і жыллёва-камунальная гаспадарка. У інтэрнэце знаходзім таксама ў Каробчыцах і дзве прыватныя аграсядзібы Міхальчык Ірыны (д. № 17) і Марчэнка Алега (вул. Вячэрняя, д. 8).

Патэнцыйна маршрут можа быць цікавы жыхарам Беларусі (знаёмства з рэгіянальнай беларускай гісторыяй, культурай, прыродай), Польшчы (Карскі ў экспедыцыях вывучаў беларускую мову і культуру ў паселішчах, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, – Кузніца, Заблудава, Жукі, Саколка, ст. Жэдня, Гарадок, Валілы, ст. Новакаменная, Ліпск, Беласток, Варшава).

https://www.traditionrolex.com/8