https://www.traditionrolex.com/8
Ці могуць беларускія санаторыі стаць пляцоўкай для дзелавога турызму?

Ці могуць беларускія санаторыі стаць пляцоўкай для дзелавога турызму?

Сёлета давялося двойчы ўдзельнічаць у дзелавых мерапрыемствах, якія праводзіліся на базе беларускіх санаторыяў. Ад арганізатараў я даведалася, што гэта хутчэй вымушаная мера – арэнда пляцовак у горадзе каштуе занадта дорага, а большасць аграсядзібаў не могуць адначасова  змясціць 20-30 удзельнікаў з начлегам. Выходзіць, што санаторыі сапраўды могуць стаць пляцоўкай для дзелавога турызму, асабліва ў нізкі сезон. Але ці дастаткова намаганняў прыкладаюць упраўленцы, каб санаторыі з вымушанай меры сталі сапраўды прывабнымі аб’ектамі?

Па прыездзе ў лячэбна-аздараўленчы комплекс Хімвалакна, што ў Горадні, бачу здзіўленыя вочы калегаў. Звыклыя да чатырохзоркавых гатэляў Вільні, Львова ды Беластока, для іх незвычайна апынуцца амаль што ў піянер-лагеры. Санаторый пачынаецца з вахты. Мімаход не пройдзеш – трэба даць справаздачу вахцёрцы – хто ты, адкуль і навошта прыехаў. Многія яшчэ памятаюць СССР, таму ведаюць, што вахцёрка тут галоўны чалавек. На першым паверсе існуе некалькі элітных нумароў, дзе нядаўна зрабілі рамонт. Захаплення мала, але жыць можна. А вось на другім паверсе пачынаецца сапраўдны студэнцкі інтэрнат 70-х – дабіты санвузел, ярка-зялёная фарба на сценах, аблупленая фарба на вокнах, старыя дываны на скрыпучых ложках… Уражанне такое, што машына часу Кіра Булычова запрацавала на поўную моц у адваротным кірунку. Сама сустрэча праходзіць на першым паверсе санаторыя. Абасобленнай каферэнц-залі няма, таму звычайныя пастаяльцы, якія праходзяць міма ў сталовую, на хвіліну затрымліваюцца – а раптам яны прапускаюць нешта важнае і абмеркаванне датычыцца іх таксама? Але самая незвычаянай фішка – тэлефон-аўтамат, які час ад часу звінеў, і на ўсе нашыя просьбы да вахцёркі выключыць яго, яна адказвала: “Я не ведаю, чаму ён звоніць. Нічога зрабіць не магу!”

Асобная тэма – гэта харчаванне ў санаторыях. Для людзей, якія едуць сюды падлячыцца, варыянт дыет-стала сапраўды добрая нагода разгрузіць арганізм, але толькі не для тых, хто прыехаў на бізнэс-сустрэчу, трэнінг ці семінар. Раптоўна высвятляецца, што без дыет-сястры нельга змяніць рацыён. А таму вегетарыянцы, пра якіх адміністрацыю папярэджвалі загадзя, павінны есці тое, што дадуць. У такіх установах лічаць, што “вегетарыянскае меню – гэта тое самае, што нармальнае, толькі без мяса”. А таму атрымаць на вячэру грэчневую кашу на вадзе  не дзіўна. І куды пайсці падсілкавацца пасярод сасновага лесу? Альтэрнатывы няма. А калі раптам нехта з удзельнікаў захацеў дадатковы кубак гарбаты ці кавы, яму даходліва патлумачаць – “не паложана”. І не прапаноўвайце даплаціць. Марныя намаганні! Кожны пакецік гарбаты загадзя выпісваецца на складзе, таму лішніх няма. Уявіце цяпер, як гэта патлумачыць замежнікам, якія апынуліся з вамі на адным мерапрыемстве?

00-00

Асобная размова – высяленне. Гэта трэба зрабіць не проста своечасова – у 12 гадзінаў, а яшчэ лепш загадзя, каб да гэтага часу нумар яшчэ паспелі прыбраць і засяліць туды новых людзей. Менавіта такое тлумачэнне я атрымала ад супрацоўніц санаторыя “Світанак”, які знаходзіцца пад Менскам. Але ў суседзяў з 209-га нумара гісторыя была больш камічная. У нумар, дзе жывуць мужчыны, раптоўна заляцела прыбіральшчыца з пытаннем: “Тааак, 211 ужо вызвалілі? Можна там прыбіраць?” Калегі, якія ў гэты час толькі збіралі свае рэчы, нават не знайшліся, што ёй адказаць.

Адзіным плюсам, апроч эканамічных цэнаў, у санаторыях можа лічыцца прырода і спакой вакол медыцынскіх цэнтраў пры адноснай блізкасці да горада. У астатнім жа – мэнэджарам санаторыяў яшчэ трэба шмат папрацаваць, каб удзельнікі канферэнцыяў захацелі вярнуцца сюды ізноў. У наступны раз, магчыма, ужо ў якасці кліентаў.

 

https://www.traditionrolex.com/8