https://www.traditionrolex.com/8
<p>Цэнтры духоўнага жыцця ў Беларусі, Расіі і за мяжой сталі для многіх нашых землякоў асноўнай мэтай іх паломніцкіх, турысцкіх вандровак.</p>

Нядаўна група католікаў і праваслаўных з Валожына і іншых населеных пунктаў пабывала ў Польшчы на Беласточчыне.

Яны наведалі Гару Крыжоў, размешчаную ў мясцовасці Свята Вода. У час падарожжа пабывалі ў храмах Беластока, азнаёміліся з гістарычнай спадчынай гэтага горада. Для сваіх землякоў пазнавальную экскурсію наладзіў клерык Беластоцкай вышэйшай духоўнай семінарыі Сяргей Матус. Дарэчы, Сяргей нарадзіўся і вырас у нашым райцэнтры. За апошнія 39 гадоў ён стаў першым у Валожынскай парафіі, хто выбраў у сваім жыцці шлях да святарства. Клерыку засталося вучыцца яшчэ два гады, перш чым пачнецца яго самастойнае духоўнае жыццё ў адным з каталіцкіх храмаў.

…Гара Крыжоў – сакральнае месца з багатай гісторыяй. З глыбокай даўніны працягваецца сюды бясконцая вандроўка. Адусюль едуць сюды вернікі, яны вязуць, а некаторыя ўвесь няблізкі шлях нясуць з сабой крыжы з рознага матэрыялу, рознага памеру і мастацка-архітэктурнага афармлення. У выніку крыжоў тут сабралася бясконцае мноства. Яны – сімвалы глыбокай веры, гэта і шчырая падзяка Усявышняму за канкрэтную дапамогу, за выздараўленне, гэта і індывідуальная просьба кожнага, хто пабываў тут, аб падтрымцы ў цяжкую жыццёвую хвіліну.

Масіўны металічны крыж устанавілі тут і паломнікі з Валожыншчыны. Да крыжа прымацавана шыльдачка з надпісам: «З удзячнасцю Богу за адраджэнне веры на Беларусі. Пілігрымы з парафіі Святога Юзафа ў Валожыне».

40 чалавек – католікаў і праваслаўных – пакланіліся ў кастрычніку гэтаму святому месцу, склалі свае шчырыя малітвы. Ініцыятарам і галоўным арганізатарам гэтай паездкі была Марыя Уладзіміраўна Матус. Дакрануцца да духоўнай, рэлігійнай спадчыны жыхары раёна за апошнія гады мелі магчымасць не раз. Адбылося восем паездак па Беларусі, Польшчы. Прынялі нядаўна вернікі ўдзел і ў нацыянальнай пілігрымцы на Святую зямлю – у Іерусалім і іншыя знакавыя мясціны Ізраіля.

psl.by

 

https://www.traditionrolex.com/8