https://www.traditionrolex.com/8
<p><span style="line-height: 20.7999992370605px;">Не трэба здзіўляцца, калі раптам даведаецеся, што ў галоўнай рэзідэнцыі ордэна езуітаў у Рыме вісяць партрэты расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ і яе сына Паўла І, а паміж імі — гравюра з барокавымі сілуэтамі нашага старадаўняга Полацка.</span></p>

У 1773 годзе каталіцкі свет здрыгануўся. Два з лішнім стагоддзі рымскія папы называлі езуітаў «вачыма свайго розуму», але яго святасць Клімент XIV вырашыў, што цудоўна абыдзецца і без занадта пільных вачэй. Сваёй пастановаю ён скасаваў Таварыства Ісуса, як афіцыйна называўся ордэн, і пазбавіў яго усёй маёмасці і пасадаў.

Але пры чым тут Полацк? — запытаецеся вы. А пры тым, што за год да згаданага вердыкту адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. У выніку Расійская імперыя захапіла ўсходнебеларускія землі і паставіла сваю памежную варту на дзвінскім правабярэжжы за колькі сотняў крокаў ад Полацкага езуіцкага калегіума, вядомага ва ўсёй тагачаснай Еўропе.


Габрыэль Грубер. Гравюра невядомага мастака пачатку XIX ст.

«Иезуитским монастырям и училищам сделайте особую опись, — пісала Кацярына генерал-губернатару Чарнышову. — Вы за сими наипаче недреманно смотреть имеете, яко за коварнейшими из всех прочих латинских орденов». Здавалася, пасля такіх слоў сябрам Таварыства Ісуса заставалася толькі паказаць валізы. Але муза гісторыі Кліо ўжо пякла на сваёй кухні адзін з найзабаўнейшых парадоксаў эпохі.

На левым баку Дзвіны, які зас­та­ваўся ў Рэчы Паспалітай, кара­леў­­скія рэвізоры апісвалі езуіцкія маёнткі. На правым рабілася штосьці неверагоднае. Выконваючы царыцын наказ, людзі Чарнышова нястомна сачылі за айцамі-езуітамі і слалі ў сталіцы імперыі рэляцыі, але іх чытанне прыносіла Кацярыне не трывогу, а непрыхаванае захапленне.

Полацкія сябры ордэна першыя прысягнулі ёй і з гэтае нагоды адправілі ў саборы Святога Стэфана пышнае набажэнства. Рэктар Полацкага калегіума Станіслаў Чарневіч выправіўся ў Пецярбург і зачараваў усіх вучонасцю і манерамі, а полацкі прапаведнік Язэп Катэбрынг настолькі ўразіў імператрыцу красамоўствам, што атрымаў пажыццёвую пенсію. «Надо сознаться, что эти мошенники — отличные люди, — запісвала Кацярына ў сваім дзённіку. — Нигде еще не смогли устроитьчто-нибудь подобное их школам».

Царыца выдатна разумела выгоды сяброўства з езуітамі. Па-першае, яна заваёўвала сімпатыі новых падданых-католікаў. Па-другое, не трацячы ні рубля, захоўвала на далучаных землях высокаразвітую сістэму адукацыі. Чуючы пра Полацк, у Ватыкане моршчыліся, быццам ад зубнога болю: недзе там, пад крылом праваслаўнай імператрыцы, багацеў і набіраў сілу забаронены папам ордэн.

Адкрытая ў лiстападзе 2014 г. мемарыяльная дошка Габрыэлю Груберу на сцяне аднаго з карпусоў былой Полацкай акадэмii, дзе цяпер вучацца студэнты Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Скульптар Павел Вайнiцкi. Архiтэктар Вадзiм Глiннiк. Фота А. Глiннiка.

 

Кацярына дала дазвол адкрыць у Полацку навіцыянт для падрыхтоўкі езуіцкіх паслушнікаў. У 1780 годзе адбылося ўрачыстае прыняцце навіцыяў у забаронены ордэн. Вестка пра гэта разнеслася па Еўропе і перасекла на караблях акіян. Яна азначала, што Полацк зрабіўся афіцыйнай сталіцаю Таварыства Ісуса. Як пішуць езуіцкія гісторыкі, берагі Дзвіны замянілі ордэну берагі Тыбра. (Гэта доўжылася да 1814 года, калі папа Пій VII даў дазвол на аднаўленне ордэна.)

Гнаныя прыхільнікі Таварыства Ісуса знайшлі Полацк на картах і рушылі сюда з усяго свету. З Італіі прыбыў Каятан Анджыяліні, які на радзіме меў славу таленавітага прамоўцы, жывапісца і дойліда. Нічым не саступаў яму доктар Сарбонскага ўніверсітэта Дзід’е Рышардо, паліглот і спецыяліст у гісторыі і археалогіі. З Новага свету, праз Лісабон і Данцыг, да Полацка дабраўся амерыканскі мільянер Тэнорыа дэ Карваял, які ахвяраваў ордэну ўсё сваё багацце. У Полацк ехалі літаратары, мастакі, медыкі, бібліяфілы і гісторыкі, хімікі і астраномы. Езуіты Злучаных Штатаў накіравалі ў Полацк просьбу зацвердзіць амерыканскую філію ордэна пад назваю Беларускай правінцыі. На полацкіх пляцах і вуліцах, у калідорах і аўдыторыях калегіума тады гаварылі на добрым дзясятку еўрапейскіх моў. На нейкі час горад стаў адной з інтэлектуальных сталіц Еўропы.

Найславуцейшым з полацкіх езуітаў застанецца ў гісторыі наро­джа­ны ў 1740 годзе ў Вене славенец Габрыэль Грубер. У дваццаць пяць гадоў ён уступіў у Таварыства Ісуса і рыхтаваў сябе да місіянерскай працы ў Кітаі. Забарона дзейнасці ордэна змусіла змяніць маршрут і з’явіцца ў Полацку.

Напачатку айцец Габрыэль выкладаў у Полацкім калегіуме матэматыку, механіку, фізіку, маляванне і архітэктуру і рупліва абсталёўваў кабінеты і аўдыторыі. У астранамічнай зале, напрыклад, быў размешчаны васьміфутавы тэлескоп, у кабінеце фізікі стаялі тры электрычныя машыны і электрафор з дыяметрам шэсць футаў. Калекцыя мінералагічнага кабінета зрабіла б гонар любому ўніверсітэту.

Груберу належыць і заслуга стварэння ў Полацкім калегіуме ўнікальнага музея, які ў той час мог даць фору пятроўскай кунст-камеры ў сталіцы імперыі. Айцец Габрыэль заснаваў і карцінную галерэю з арыгіналамі Рубенса і Сальвадора Розы, з багатай калекцыяй партрэтаў еўрапейскіх манархаў, шыкоўным зборам скульптурных твораў і 2000 гравюр. Выдатны механік, Грубер, несумнеўна, меў непасрэднае дачыненне і да стварэння славутых полацкіх робатаў. Непадрыхтаванаму госцю езуіцкага калегіума здавалася, што ён трапіў у сапраўднае царства дзівосаў. Па залах ездзіў у механічнай калясцы жалезны Купідон, у краме гандляваў купец-робат. Згадка пра галоўнае калегіумнае дзіва — механічную галаву-паліглота — трапіла пазней у III том папулярнай у свой час серыі«Живописная Россия»: «Чудовищною редкостью, приводившею в восторг и трепетное любопытство, служила колоссальная говорящая человеческая голова. Высоко в стене, почти под потолком, вделана была голова старца с длинными седыми волосами. Подвижная, c глазами, принимавшими разные выражения, и, главное, говорящая на всех употребительных языках, голова эта, понятно, приводила в недоумение, восторг и в то же время возбуждала страх. Иезуит, сопровождавший посетителей музея, приглашал их задавать какие угодно и на каком угодно языке вопросы. Голова немедленно отвечала внятно, громко, логично, с полным знанием обстоятельств и обстановки спрашивавшего, так что тот приходил просто в ужас».


Даўнейшыя карпусы Полацкай акадэмii. Паштоўка пачатку ХХ ст.

Здаецца, нельга знайсці такую галіну навукі ці мастацтва, у якой прырода не надзяліла б прафесара Грубера талентам. Матэматык, гісторык, хімік, медык, кандытар… Жывапісец і гравёр, ад якога атрымаў першыя ўрокі майстэрства вядомы рускі мастак Фёдар Талстой. Мовазнаўца, што вольна валодаў лацінскай, італьянскай, французскай, нямецкай, польскай, рускай і беларускай мовамі. Калі расійскі трон заняў Павел І, дзвюх думак наконт таго, хто паедзе з місіяй да новага імператара, у Полацку не ўзнікла.

У сталіцы справы пайшлі так паспяхова, што полацкі прафесар хутка атрымаў дазвол наведваць імператара ў любы час і заходзіць у кабінет без дакладу. Грубер стаў рэктарам створанага ім Пецярбургскага калегіума, дзе вучыліся дзеці шмат каго з рускіх арыстакратаў. Дзевяць гадаванцаў полацкіх езуітаў сталі ўдзельнікамі паўстання на Сенацкай плошчы, што, між іншым, дало падставы аднаму з гісторыкаў ордэна заявіць, быццам ідэі дзекабрызму ўзгадаваныя Таварыствам Ісуса. (Дарэчы, у 1991 годзе на востраве Капры адбыўся міжнародны семінар на гэтую тэму.) Вядома, што ў Грубераў калегіум бацькі хацелі спачатку аддаць і Сашу Пушкіна, аднак якраз тады адкрыўся Царскасельскі ліцэй.

1802-гі стаў годам абрання Габрыэля Грубера генералам ордэна. Яго называлі «душой, розумам і правадыром беларускіх езуітаў». Можна ўявіць, колькі ворагаў у праваслаўнай сталіцы прагнулі ягонай смерці. Адзін з іх пакінуў нам партрэт езуіцкага генерала: «У гэтай прыгорбленай постаці з вялізнай, зусім непрапарцыйнай малому целу і загостранай уверсе галавой змяшчаўся розум і талент дэмана і найзлейшае сэрца; у заўсёды апушчаных долу вачах блішчэла нейкае злавеснае святло; сціплая і як быццам нясмелая хада хавала самыя ганарлівыя і дзёрзкія планы душы».

Што да розуму і дзёрзкасці планаў, аўтар гэтага непрыхільнага, але надзвычай выразнага партрэта не памыліўся.

Пад уплывам Грубера Павел І дабіўся ад Ватыкана афіцыйнага аднаўлення езуіцкага ордэна ў Расійскай імперыі. Пра давераную асобу цара дачуўся Напалеон. Ён наладзіў з полацкім прафесарам сакрэтнае ліставанне, маючы на мэце разарваць альянс Пецярбурга з Лонданам. Неузабаве расійскія газеты ўзяліся ганіць усё англійскае. Справа ішла так паспяхова, што на загад цара згарэў увесь наклад выдадзенага ў полацкай езуіцкай друкарні календара, куды трапіў ухвальны артыкул пра брытанскі каралеўскі флот…
У 1805 годзе пецярбургская рэзідэнцыя Таварыства Ісуса загарэлася. Афіцыйнае паведамленне сцвярджала, што езуіцкі генерал Гарбыэль Грубер задыхнуўся ў дыме.

Магчыма, у свае апошнія хвіліны Грубер успомніў даўнюю мару: стварыць у Полацку другі пасля Віленскага ўніверсітэт на землях былога Вялікага княства Літоўскага.

План чалавека «з розумам і талентам дэмана» ажыццявіць праз сем гадоў наступны генерал ордэна Тадэвуш Бжазоўскі.

Але гэта ўжо іншы сюжэт.

https://www.traditionrolex.com/8