https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб зносе двухпавярховага цаглянага будынка № 25/4 па вуліцы Урыцкага (знаходзіцца ў батанічным садзе), які хутчэй за ўсё з’яўляецца капліцай 1859 года, што належала віцебскаму памешчыку Сцяпану Восіпавічу Дуніну-Слепсцю, з надбудаваным другім паверхам.</strong></p>

Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ужо абвясціў тэндар на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на знос коштам 22 мільёны рублёў. У дакументах закупкі ўказаны 1939 год пабудовы будынка, але, верагодна, гэта год перабудовы альбо рамонту.

Будынак ў Віцебскім батанічным садзе, які, верагодней за ўсе, з'яўляецца капліцай Сцяпана Восіпавіча Дуніна-Слепсця 1859 года з надбудаваным другім паверхам. Фота Сержука Серабро

Як навакольныя жыхары, так і супрацоўнікі батанічнага сада, з якімі ўдалося пагаварыць, ведаюць, што там была «ці то капліца, ці то царква». Згодна з кнігай «Странички изъ недавней старины города Витебска», выдадзенай Мікалаем Нікіфароўскім у 1899 годзе, «богач-хлебосол» Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепсць, які валодаў садам пасля першага ўладальніка Івана Іванавіча Вярэб’ева, пабудаваў «в тиши сада» для сябе араторыюм, дзе «проводил молитвенные часы» (ст. 105).

Малюнак капліцы паноў Слепсцёў. W?adys?aw Bojarski / K?osy, 1873. S. 389.

Два стрэльчатых вакны спецыфічнай формы адпавядаюць вокнам на малюнку 1873 года. Фото Юрыя Шэпелева, 2009 год

Спецыфічная верхняя частка стрэльчатага вакна. Фота Сержука Серабро

Згодна з «Памятной книжкой Витебской губернии» 1861 года калежскі асэсар Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепсць у Віцебску займаў пасаду папячыцеля богаўгодных устаноў, быў кавалерам ордэна Св. Уладзіміра IV ступені і меў знак адзнакі за 15 гадоў бездакорнай службы (ст. 17). Таксама пры яго доме быў казённы ўзорны пансіён высакародных дзяўчат Крузе.

Будынак ў Віцебскім батанічным садзе, які, верагодней за ўсе, з'яўляецца капліцай Сцяпана Восіпавіча Дуніна-Слепсця 1859 года з надбудаваным другім паверхам. Фота Сержука Серабро

Сам араторыюм згадваецца ў «Памятной книжке Витебской губернии» 1865 года, дзе адзначаецца год пабудовы і тое, што «храм этот выстроен без всякой нужды» (ст. 198). У кнізе наступнага года дадаюцца звесткі пра пераносны алтар храма.

Бачны цагляны звод скляпення. Фота Сержука Серабро

Выяву гэтага будынка можна знайсці на ілюстрацыі Уладзіслава Баярскага «Ko?cio?e katolickie w Witebsku», апублікаванай у 1873 годзе ў часопісе K?osy, а затым у 1884 годзе ў часопісе Tygodnik Powszechny. На жаль, на ілюстрацыі паблытаная нумарацыя малюнкаў, будынак адразу ж пазнаецца па вельмі спецыфічнай форме стрэльчатых вокнаў, якія захаваліся да сёння. Подпіс (пазначаны № 10 замест № 6) кажа, што гэта капліца паноў Слепсцяў.

Вокны з аркамі на былым фасадзе. якія таксама адпавядаюць малюнку 1873 года. Дзверы, верагодна, былі часткова закладзеныя і атрымалася трэцяе вакно. Фота Сержука Серабро

Вокны з аркамі на былым фасадзе таксама супадаюць з існуючымі. Пазней, праўда, дзверы, якія былі паміж імі, часткова замуравалі і зрабілі трэцяе вакно, што заўважна і па кладцы. А вось на другім паверсе вокны маюць простую прамакутную форму. Скляпенні ў будынку маюць цагляныя зводы.

На ілюстрацыі Баярскага капліца намаляваная ў атачэнні дрэваў, што таксама кажа за тое, што гэта араторыюм Дуніна-Слепсця ў яго садзе.

Будынак ў Віцебскім батанічным садзе, які, верагодней за ўсе, з'яўляецца капліцай Сцяпана Восіпавіча Дуніна-Слепсця 1859 года з надбудаваным другім паверхам. Фота Юрыя Шпелева, 2009 год

Такім чынам, у Віцебску будзе знішчаны адзін з нямногіх ацалелых архітэктурных помнікаў XIX стагоддзя. На жаль, будынак не ўнесены ні ў якія ахоўныя спісы. Ён досыць даўно занядбаны і зарос плюшчом. Як быў храм «выстроен без всякой нужды» для расійскай імперскай адміністрацыі, так, пэўна, няма ў ім патрэбы і для сучаснай беларускай улады.

news.vitebsk.cc

https://www.traditionrolex.com/8