У госці да Васіля Быкава: беларускія экскурсаводы пабывалі ў музеі-сядзібе пісьменніка

02.10.2014 - Новости

Автор: Мікалай ЧЫРСКІ, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў


У госці да Васіля Быкава: беларускія экскурсаводы пабывалі ў музеі-сядзібе пісьменніка

Гэтым летам у дзень 90-годдзя Васіля Уладзіміравіча Быкава пад Мінскам адкрыўся ў былым лецішчы пісьменніка музей-сядзіба Васіля Быкава – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Імя аўтара выдатных твораў  «Знак бяды», «Сотнікаў» і «Альпійская балада» – з тых, якія вядомы усяму свету. Напярэдадні Сусветнага Дня турызму экскурсаводы наведалі дачу-музей Васіля Быкава.

Калі праехаць па МКАД і звярнуць направа на Ждановічы, не даязжаючы да маста праз раку Свіслач, а потым яшчэ праехаць адзін км і звярнуць налева, то трапіш у Ждановічы-6.

Знайсці музей не так і проста. Дзякуй Богу, што спадар Алесь, загадчык музея, нас вёў па тэлефоне і сустракаў у Ждановічах. Лецішча знаходзіцца ў Ждановічах-6, вуліца Вінаградная, 62. Утульны дом з сілікатнай цэглы пад беластвольнымі бярозкамі. Заходзім у гасподу, і немагчыма вызваліцца ад думкі і ўражвання, што гаспадар  выйдзе насустрач, а зараз проста, мабыць, піша ці малюе ў другім пакоі.

Спачатку мы трапляем у невялікую вітальню, а затым у гасціную: яна залітая сонцам, абшытая вагонкай, каля сцяны на увесь пакой – вялікі стол са светлага натуральнага дрэва, палакіраваны, з такімі ж светлымі стуламі. Над сталом – лампа з круглым зялёным абажурам, невялікі камін, абліцаваны цёмна-карычневай пліткай (кабанчыкам). Падлога зроблена з дошак, пакрытая лакам. У гасцінай многа карцін, падараваных сябрамі Васіля Быкава. У кутку – радыёпрыёмнік з крутолкай і старыя вінілавыя пласцінкі. Адна з іх, з песнямі Ігара Лучанка, – з аўтографам кампазітара. Васіль Уладіміравіч любіў пасядзець тут у крэсле-качалцы і паслухаць музыку.

З гасцінай, насупраць стала, – дзверы ў невялікую кухню. Гатавалі тут нямнога. Захавалася  усё тое, як было пры Быкавых. Звычайны посуд, тэрмас з выявай алімпійскага Мішкі, чайнік для запарвання гарбаты з сімволікай Перамогі, хлебніца… Звяртае на сябе ўвагу роспіс у верхняй частцы сцяны. Ззяюць на светлым фоне кавуны, баклажаны, дыні, вінаград і іншыя дары прыроды. Усю гэту прыгажосць зрабіў сам гаспадар.

З гасціннага пакоя лесвіца вядзе на другі паверх. Кабінет пісьменніка… На стале – чарнавік апавядання «Жоўты пясочак», друкавальная машынка з запраўленым  лістом, па правую руку – чашка з лыжкай… На спінку стула накінуты пінжак… На паліцах кабінета – кнігі з аўтографамі. Цікавы аўтограф пакінуў Уладімір Караткевіч на першым томе  «Выбранае»: «Дарагому майму другу Васiлю Быкаву, якога я люблю не таму, што зараз яго «ўсе» любяць, а таму, што я любiў яго i быў за яго, калi лаяць яго лiчылася добрым тонам, i так буду рабiць i надалей... ...i жонцы ягонай Iрыне, «свайму хлопцу», – каб iм яшчэ доўга добра, светла, шчаслiва i карысна для людзей жылося. Ул. Караткевiч. 9 студзеня 81 г. Дзень Вадохрышча».

Асобна ляжаць дыпломы: аб прысваенні звання Героя Сацыялістычнай працы, аб прысуджэнні Ленінскай прэміі за аповесць «Знак бяды» і іншыя дакументы. Тут пісьменнік пісаў не так многа, затое маляваў з задавальненнем. Майстэрню яго пабудавалі ў мансардзе, над гаражом. Пісьменнік любіў сваю майстэрню. Тут было сонца і цяпло. Ён праводзіў тут многа часу.

Карціны Быкава вісяць уперамежку з падараванымі яму. Акварэль з рамантычным замкам прэзентаваў Уладзімір Караткевіч. На другім баку – радкі з верша Караткевіча «Успамінае, гонар не мінае». І, мабыць, пасля смерці сябра Быкаў наклеіў сюды выразаны з газет некралог.

Перад акном на стале – раскрыты эцюднік, пэндзлі, цюбікі з фарбамі. На эцюднік пастаўлены малюнак з надпісам «Мастацкі зуд». Пісьменнік паказаў сябе ў выглядзе смешнага чалавечка, які працуе за мальбертам. Малюнак даціраваны 1993 годам. Сышоўшы па прыступках уніз, пападаеш ва ўнутраны двор з альтанкай.

Да дома прыбудаваны гараж. Быкаў мог сваімі рукамі разабраць-сабраць аўтамабіль. Аўтамабільная тэма раскрыта і ў яго малюнках, напрыклад «Момант пазора» або «Ляснуўся… 29 марта 1991 года». Аўтамабіля ў гаражы пакуль няма – хаця на сваім аўтамабілі В.Быкаў много вандраваў. Тут многа інструментаў па аўтасправе. З экспанатаў – трохкалёсны веласіпед ягонай жонкі. У гаражы створана экспазіцыя «Дарогі Быкава». На карце свету пазначаны месцы, дзе пабываў пісьменнік. Парыж, Рым, Уладзівасток, Стакгольм, Хельсінкі, Мадрыд, Нью-Ёрк… Яшчэ экспанаты – геаграфічныя карты, намаляваныя самім пісьменнікам.

Мы развітваліся з музеем-сядзібай Васіля Быкава, і, здаецца, нам ветла ківалі бярозкі сядзібы: «Да пабачэння! Да новых сустрэч, экскурсаводы!»

 

Рубрики: Экскурсии

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах