https://www.traditionrolex.com/8

Не так даўно ў гісторыі культурна-асветніцкага клуба «Спадчына» адбылася значная падзея. Сталічнай грамадзе была прадстаўлена кніга ўспамінаў пра старшыню «Спадчыны», вядомага дзеяча нацыянальнага руху Беларусі Анатоля Яўхімавіча Белага, якая мае назву «Жыццё ў імя Бацькаўшчыны». Гэты том змяшчае ўспаміны сяброў клуба, публікацыі ў рэспубліканскім друку, паэтычныя прысвячэнні сябрам і кіраўніку клуба «Спадчына».

Пасля заўчаснай смерці свайго нязменнага кіраўніка, сябры клуба прышлі да думкі ад неабходнасці захаваць памяць пра тую велізарную працу на карысць нацыянальнай памяці нашага народа, якую зрабіў іх лідар і кіраўнік Анатоль Белы як у галіне збору твораў беларускага выяўленчага мастацтва, так і ў захаванні іх пад дахам першага ў Беларусі прыватнага мастацкага музея, які дзякуючы руплівым намаганням А.  Белага паўстаў на яго малой радзіме, у Старых Дарогах. Акрамя гэтага, справядлівасць патрабавала, каб беларуская грамадскасць ведала і пра тое, колькі сіл і энергіі Анатоль Белы аддаваў манументальнай справе – ушанаванню памяці выдатных сыноў і дачок Беларусі ў скульптуры. Як тут не ўспомніць помнікі Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі, мемарыяльны комплекс у дворыку БДУ, помнік Ларысе Геніюш у Зэльве, да ўзвядзення якіх спрычыніліся А. Белы і спадчынаўцы…

Сваімі ўражаннямі ад зместу новага тома памяці А. Белага з намі вырашыў падзяліцца сябар клуба «Спадчына», доктар гістарычных навук, прафесар Л.М. Лыч: «Я вельмі ўсцешаны і вітаю выхад такой цікавай кнігі, таму што пра тую асобу, якой яна прысвечана – А. Белага, афіцыйныя ідэалагічныя структуры і праз трыццаць год ні слова не скажуць і ніякім чынам не ўзгадаюць. Таму самае важкае слова пра Анатоля Яўхімавіча павінны сказаць тыя, хто яго ведаў, хто быў поруч з ім у барацьбе за беларускую нацыянальную ідэю. Мне здаецца, што трэба ўвесці ў практыку стварэнне такога роду кніжак. Я рады, што выдаюцца кнігі пра беларускіх нацыянальных дзеячаў мінулых стагоддзяў. Але трэба, каб людзі ведалі і сваіх сучаснікаў. Тым больш што з імі можна сустрэцца і даведацца пра сённяшнія іх справы, задумкі і пра іх погляд у будучыню».

А адзін з ветэранаў клуба «Спадчына», рэдактар і ўкладальнік кнігі Яўген Гучок у час прэзентацыі гэтай кніжнай навінкі адзначыў: «Падчас працы над кнігай я яшчэ раз упэўніўся ў тым, што Анатоль Белы – незвычайная постаць у нашым нацыянальным руху і што нам яго на сённяшні дзень вельмі і вельмі не хапае! Я лічу, што ён – вялікі Чалавек і Беларус. У часы гістарычных пераломаў такія, як Белы, станавіліся правадырамі народных вызваленчых рухаў. І добра, што выхад гэтай кнігі – яшчэ адна нагода нагадаць пра гэта».

Для многіх сяброў клуба «Спадчына» ўспамінаць пра свайго сябра, кіраўніка і паплечніка было цяжка, але і ганарова. Ганарова таму, што менавіта яго прыклад даваў ім шанц зрабіць для Бацькаўшчыны нешта важкае і значнае, што заставалася б на доўгія часы.

З успамінамі і словамі ўдзячнасці лёсу за сустрэчу з гэтым таленавітым і ў нечым незвычайным чалавекам выступалі перад сабраўшыміся мастакі А. Зіменка і У. Мелехаў, стараста грэка-каталіцкай царквы Ян Антанюк, ветэраны культурна-асветнага клуба «Спадчына» Надзея Сармант, Анатоль Валахановіч, Мікола Несцярэўскі, Мікола Лавіцкі, пісьменнік Васіль Якавенка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка і іншыя спадчынаўцы. Дарэчы, Ганна Вячаславаўна паведаміла, што ў музеі ўжо створаны асабны фонд Анатоля Белага і хутка з ім змогуць знаёміцца даследчыкі і ўсе цікаўныя.

На прэзентацыі прысутнічалі не толькі сябры клуба «Спадчына», але і сям’я Анатоля Яўхімавіча. Ад імя сям’і Белых выдаўцоў і ўсіх сяброў клуба «Спадчына» вітала і падзякавала дачка Анатоля Яўхімавіча, дзяячка беларускага замежжа Святлана Белая: «Мяне вельмі кранула тая шчырасць і любоў у адносінах да таты, якая гучыць ва ўспамніах, што змешчаны ў новай кнізе. Калі я чытала гэтыя радкі, перада мной узнікаў жывы чалавек. І ва мне былі вельмі змешаныя пачуцці, я плакала, бо тата паўстаў перада мной як жывы. Яго характар, прынамсі яго частка, адлюстраваны ў гэтых успамінах вельмі даклада. Я шчыра ўдзячная сябрам «Спадчыны», усім тым, хто спрычыніўся да выдання гэтай кнігі!»

Узвышаную ноту ў праграму прэзентацыі новага кніжнага выдання клуба «Спадчына», якое прысвечана памяці А. Белага, унесла добра вядомая ў краіне спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава, якая не так даўно вярнулася з канцэртнай паездкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Таццяна эмацыянальна, з кранальным пачуццём і артыстызмам выканала шэраг знакамітых беларускіх патрыятычных песень, пачынаючы ад песняроўскай «Спадчыны» на верш Янкі Купалы і знакамітай багдановічаўскай «Пагоні» да паланэза «Развітанне з Радзімай» (музыка М.-К. Агінскага, верш С. Сокалава-Воюша). Гэтыя творы і спевы ўсхвалявалі тых, хто прысутнічаў на прэзентацыі, і нагадалі пра наш абавязак захоўваць памяць пра чалавека, які так шмат зрабіў для Айчыны, ахвяраваў сваім здароўем і жыццём справе ўмацавання яго гістарычнай памяці.

https://www.traditionrolex.com/8