https://www.traditionrolex.com/8

Бельск, я не магу не напісаць пра цябе. Надта з розных бакоў я цябе ведаю, ускраек маёй айчыны. Надта ў розных іпастасях мне прыходзілася завісаць на тваіх вулачках і задворках. Я ведаю, што гэты нарыс ніхто не надрукуе: ТіО скажа што нефармат, "Будзьма" – увогуле парнас для абраных, "Наша Ніва" – ды ну яе ў пень адразу з ейным “заўтра апублікуем”, "Архэ "– і так паставіць ціхенька на свой сайт, абы аўтар не заўважыў, "Большой" – зноў будзе казаць, што за падобныя опусы іх зачыняць. Таму пралятаць – дык з музыкай, ніякіх рэверансаў, ні ў чый бок. І ідзіце лесам адразу тыя, хто хоча знайсці тут ўсялякую бздуру накшталт “Бельск – наш.” Хаця ён сапраўды наш, дакладней – мой, асабісты.

Што такое Бельск? Гэта дзве вуліцы, скрыжаваныя па цэнтры, плошча з ратушай, пара-тройка касцёлаў і цэркваў. У іхняй гісторыі, як і ў нашай – то палякі, то бальшавікі, то зноў палякі. Ніякага шчасця. І вось XXI-е стагоддзе, маць яго так. “Салідарнасці” – і след прастыў, і сінія мужычкі пад пад’ездам і на прывакзальных прасторах – шараць вачыма па паліцах вінна-гарэлачнага. Клянуць польскую “дэмокрацыю”, чакаюць жалезнага Пілсудскага і з зайздрасцю паглядаюць на Беларусь з жалезным Лукашэнкам. Розніца паміж нашымі і іхнімі мужычкамі – пралягае па паліцы вінна-гарэлачнага аддзела: нашыя – усмакавалі недарагое пладова-ягаднае, а пад бельскімі пад’ездамі раніцай у суботу – батарэі піўных бутэлек. Але праўда і тое, што ў Бельску, як і ва ўсёй Польшчы, званы храмаў звоняць значна грамчэй, і лохам-маргіналам застаецца той, хто застаўся сядзець ці ляжаць пад пад’ездам у раніцу нядзелі, а не пашыбаваў пад касцёльную ці царкоўную браму. Хаця няхай там Божанька сам разбіраецца, хто з тых дваіх большы дурань: той, што залівае сабе ў глотку некалькі літраў вадкага дурману, або той, хто пастаянна залівае сабе ў вушы пабожныя плыні “Радыё Марыя”, адключае свой мозг і думае, што ён стаў лепшым.

Што такое Бельск, а разам з ім і ўсё Падляшша? Гэта праваслаўныя цыбулінкі ледзь не над кожнай вёскай. І вось жа хацелася б ляпнуць, што так, жыве Беларусь і г.д., толькі бацюшкі ў цэрквах нават не чулі пра такую. Як у старым добрым XIX-м стагоддзі з амвонаў тут ліецца старая, як свет, хітрая, як чорт, песня пра адзіны рускі народ і іншыя барадатыя міфы, спрадукаваныя ідэалагічным аддзелам Расійскай імперыі пятроўска-карамзінскіх часоў. Мясцовая ўлада тут спансуе беларускія фестывалі і расстаўляе беларускамоўныя дарожныя ўказальнікі – і яна у восем разоў больш беларуская, чым мясцовая царква. Складваецца адчуванне, што Беларусь – гэта нейкі пшык, пустка паміж Расіяй і Падляшшам, прышч, што выскачыў пасяродку і псуе твар зямлі, абедзве яе ружовыя шчакі. Але вось жа, на шчасце, жэўжыкаў, што чыняць падобную псоту, – даволі багата.

Бельск разам з Падляшшам – гэта россып беларускіх фэстаў, музейчыкаў, асяродкаў, гэта некалькі пакаленняў дзеячоў, арганізацый, якія тужацца, каб тут яшчэ хоць хто-небудзь называў сябе беларусам. Фёнікі і Лукашукі, Сосна і Яновіч, Басовішча і Бардаўская восень, Студзіводы і Гайнаўка – ключавыя словы да мясцовай беларушчыны, амаль не вядомыя для жыхара зоны РБ. І як жа міла назіраць шыкоўны кагнітыўны дысананс, які ляскае штораз пры сустрэчы падляшскага беларуса і абывацеля з РБ, калі апошні прамаўляе сваю тыповую правальную фразу: “О, ничего себе! Поляк, а так классно на белорусском говоришь! Правда, немножко с польским акцентом…” І вось жа – гэтым “беларускамоўным палякам” удаецца. Удаецца стварыць міф пра Падляшша беларускае, хай сабе амаль уся іх моладзь – з’язджае ў Варшаву і з замілаванай усмешкай там толькі ўзгадвае сваіх бабцяў і дзядкоў, што “говорать по-свойому”. Больш за тое, мясцовыя беларускія арганізацыі сталі ледзь не асноўным кармільцам для ўсіх гнаных ці непатрэбных артыстаў на тэрыторыі чырвона-зялёнага гета. Што і казаць – лепей есці салка з дранічкам за кошт польскіх дзяржаўных фондаў (а менавіта яны фундуюць беларускія культурніцкія справы на Падляшшы), чым давіцца хлебам з вадой на чырвона-зялёнай зоне. Зрэшты, Польшча таксама бярэ сваё – з кожным перапісам насельніцтва беларусаў у Польшчы становіцца ўсё меней, а палякаў у РБ – усё болей (о святы Шэнгене, о свента Карта паляка! Гатовыя на ўсё дзеля вас!). Таму беларусы як від – пад пагрозай вынішчэння па абодва бакі мяжы, і гэта іх бы я пасяліў у Белавежскай пушчы ў вал’еры пад строгі нагляд, абарону і бясплатную кармёжку. Бо зубры – даюць сабе рады.

Калі вы ўжо патрапілі на Падляшша – завітайце і ў Белавежу – частку пушчы, што знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Гуляць па лясных сцежках тут значна прыемней, чым у нас, бо яны не заасфальтаваныя для праезду турыстычных аўтобусаў, а паабапал лясных дарог не будуюць катэджаў сумніўнага віду ўласнасці. Ды і ў глыбіні пушчы вас не сустрэнуць дзялкі туріндустрыі з літаркай “$” у вачах, якія спёрлі касцюмы ў казачных герояў і робяць выгляд перад ужо добра паддатымі бацькамі, што яны “дораць радасць дзецям” (хацеў бы я правесці даследаванне на тэму зменаў у псіхіцы дзяцей, якія пабывалі ў беларускай Белавежскай пушчы і сустрэліся з Дзедам Марозам, які ледзь не пінком выпіхвае іх ад сябе, бо “за вами другая группа”). Але што да польскай часткі – то яна болей нагадвае мілае Закапанэ ці які-небудзь іншы курорцік, дзе ўсё аддадзена ў рукі прыватнікаў з іх ініцыятывай і канструктыўнай канкурэнцыяй. Тут табе і гатэльчыкі, і кавярні, і сувенірныя крамкі на любы густ, і пракаты ровараў, і вазы з коньмі – так што нашая ўбогая рэчаіснасць з дзяржаўна-кланавым, адзіным магчымым відам уласнасці – нярвова паліць у куточку. Зрэшты, з Белавежы ўжо можна званіць дахаты – тут ужо цягне беларускі МТС, зрэшты, званіць асабліва і не хочацца, бо і так усё добра. Але звякніце і скажыце сваім страшную тайну – зубры жывуць не толькі ў РБ, а ў Польшчы іх – верагодна і болей, і расселеныя яны па многіх запаведных лясах усёй ляшскай краіны.

Але вернемся ў Бельск, да яго дзвюх вуліц, скрыжаваных па цэнтры, з іх адвечна правінцыйнай няспешнай хадой. Базарны дзень вывальвае на іх тысячы картонных каробак з таварам цяжка вызначальнага паходжання, з гандлярамі адразу пазнавальнага паходжання, так што і веданне польскага – не патрэбнае. Бельскі рынак – россып перлінаў і дыяментаў, яхантаў і смарагдаў. Гэта той самы парадыз, дзе можна дастаць красоўкі “Rebok” i “Abibus” (і нашто маім суайчыннікам гэтыя ашаны-шмашаны Беластока?), а калі пакупнік прынцыпова запытваецца пра польскі, не кітайскі тавар, то можа пачуць у адказ, што “палякі ўжо нічога самі не робяць, а ўсё замаўляюць у Кітаі”. Нех бэндзе так, “Бог стварыў лясы й зямлю, усё астатняе – made in China”, – кажу я сабе, і дзеля размовы, толькі дзеля размовы, усё-такі выкопваю сабе аўтэнтычныя польскія шкарпэткі з хаатычнай кучы рынкавага развалу. Шкарпэткі не рвуцца на наступны дзень, нех жые Польска. І так бы я размаўляў бясконца з мясцовым гандляром на драмучай беларуска-польска-расійскай трытрасянцы, перамываючы костачкі то Пуціну, то Парашэнку, шкадуючы разам з імі, што ў іх, бедалажак, няма такога, як у нас, Лукашэначкі. Але вось жа – мой паліглоцкі язык ступарыцца аб смуглявы прышчур вачэй, ваяўнічы выскал зубоў: на мяне глядзіць барадаты джыгіт і совае ў мае рукі падушку, штось бармочучы на сваім цюркскім. Бельск, Падляшша, уся памежная з Беларуссю Польшча – перавалачны пункт чачэнскіх і іншых паўднёвых нелегалаў у іх маісеевым блуканні да зямлі абяцанай – Еўрасаюза, з яго сацыялкай для беспрацоўных і старэчай лянотай што да фізічнай здаровай працы. Ад падушкі адмаўляюся, на салям-алейкум – асцярожна ківаю галавой і азіраюся па баках – як паўднёвыя джыгіты са сваімі сем’ямі ў пятнаццаць чалавек займаюць перыметр ратушнай плошчы Бельска, блакуюць сваімі падушкамі цэнтральныя вуліцы, запаўняюць мястэчка сваёй гаманой з аднымі зычнымі, так што ніводная славянская галосная, ні бландзінка, ні брунэтка – не прашмыгне. І тады задаешся пытаннем – ці маюць рацыю мясцовыя гопнікі і польскія скінхэды з іхнім “azer, go home!” (“Азэры, валіце дамоў!”)? Але як толькі бачыш на дабітым аўтобусным прыпынку бельскіх ваколіц штось накшталт “добра пахлі жыды ў печах Асвенцыма” – разумееш, што ані рацыю, ані якое іншае тэхнічнае абсталяванне гэтым брытагаловым “патрыётам” даваць нельга.

Дык што ж такое Бельск? Гэта цэнтральная, транзітная вуліца, па якой пачынаецца шпацыр тут народжанага чалавечка, пачынаецца з мамкай за ручку, ад крамкі з “дзеценцым убранем” (“дзіцячай вопраткай”), да школкі, беларускай або польскай – няважна, затым праз крамку з “васэльным убранем” (“вясельнай вопраткай”), праз царкву ці касцёльчык – няважна, і да крамкі “вшыстко для погжэбу” (“усё для пахавання”) з безліччу відаў надмагільных лампадак (палякі ведаюць у гэтым толк). Вось і шыбуюць па той вулачцы беларусы і палякі, скіны і дзячы белкульту, прарасійскія бацюшкі і мясцовыя чыноўнікі, мамкі і дзеткі, кумы і дзядзькі, ад першай – і да фінальнай крамкі, каб потым легчы дзесь недалёка, каб на Дзяды – раз на год – стаць нагодай для збору ўсіх сваіх, каб толькі посвіст падляшскага, па-беларуску ўмеранага ветру калыхаў пластыкавыя кветкі на надгробку. І быццам бы збеглі – думаюць тыя, хто зваліў у Варшаву ці яшчэ заходней. Прывідны міф, які грунтуецца на тым, што паміж першай і апошняй крамкай яны адлучыліся моцна ўправа ці значна ўлева, завіталі ў Кээрфур, Ашан і Тэско, і шпацыравалі далей па той жа вуліцы ў крыху больш яркім убранні, да той жа фінальнай крамкі.

Восень ўсё расстаўляе на месцы, агаляе, выкрывае, як ёсць, здымае налёт ілюзорнай мішуры. Менавіта таму я так люблю Бельск і Падляшша ўвосень, калі ніякага шанцу для самападману, дзе зубр і бусел, бабка на падворку і дзедка пад пад’ездам, стары драўляны дом і багаты катэдж – ціха шэпчуць табе, што фінальная крамка – не так далёка, як табе здаецца, таму, хлопча, пільнуй сябе, каб не швэндацца па вуліцы проста так. Бі шкло буцікоў альбо пішы вершы, скандаль у ратушы або спявай так, каб у мясцовым ДК трэсліся сцены, кахай без астачы і змагайся да крыві – толькі не будзь шэрай мышкай на гэтай ціхай вулачцы, не дазваляй ёй застацца ціхай у тваёй прысутнасці, бо цішыня табе і так гарантавана пасля, пад пластыкавымі кветкамі. Зрэшты, будзь сабой, можаш нават шахнуць энэргетычнага напою, каб выкласціся на 150%, але хай там, за мяжой, дзе ўжо не патрэбныя ніякія пашпарты, на цябе спагадліва глянуць і скажуць: “о, гэтага памятаем, нясіце яго на святло, на аперацыйны стол – будзем прышываць крылы”.

 

аўтар удзячны за загалоўны фотаздымак суполцы “Partyzanowy znymki”

 

https://www.traditionrolex.com/8