https://www.traditionrolex.com/8
<p>Дзяўчынцы, што каля 1104 года прыйшла на свет у сям’і князя Святаслава-Георгія і княгіні Сафіі, далі старажытнае полацкае імя Прадслава. Князёўна з маленства чула паданні пра дзеда Усяслава, пра Рагнеду-Гарыславу ды іншых славутых продкаў, чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці роднай зямлі. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі – адукаваныя манахі, якія хутка навучылі ўнучку Чарадзея чытаць і пісаць. Першымі яе кнігамі былі Псалтыр, Часаслоў, жыццяпісы святых. Прыйдзе час, і сама яна зробіцца гераіняю такога жыццяпісу. Створыць яго пры канцы ХІІ стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў. Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускай літаратуры «Жыццяпіс Еўфрасінні Полацкай» дойдзе да нас болей чым у сотні спісаў і будзе галоўнай крыніцай біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.</p>


Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр

Навука давалася Прадславе значна лягчэй, чым аднагодкам. У тыя часы дзяцінства было карацейшае за сённяшняе. Мінулася князёўскай дачцэ дванаццаць гадоў – трэба збірацца замуж. Тым болей што слава аб Прадславінай прыгажосці і адукаванасці разнеслася «па ўсіх гарадох», і ў Полацк зачасцілі сваты. Вядома, што бацькі намерыліся аддаць князёўну замуж за сына нейкага багатага валадара, але яна абрала іншую пуцявіну.

«Святым духам напоўніўся розум яе, – гаворыцца ў «Жыццяпісе», – і сказала сабе: «Што будзе, калі надумае бацька аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца!» І яшчэ сказала сабе: «Што ж паспелі роды нашыя, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхная, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы моц мужчынскую, целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды – тых памятаюць на зямлі…»

Прадслава пайшла ў манастыр і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню.

У манастыры Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын свайго часу. Апрача Бібліі яна чытала творы рымскіх і візантыйскіх багасловаў, якіх шануюць як айцоў царквы. У полацкіх кнігазборах былі творы выдатнага хрысціянскага прапаведніка Іаана Златаслова, а таксама славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія. Князёўна вывучала Нестараву «Аповесць мінулых гадоў» і візантыйскія летапісы, якія знаёмілі з падзеямі сусветнай гісторыі. Да рук Еўфрасінні траплялі і трактаты візантыйскіх філосафаў Міхаіла Псела і Іаана Італа, што пярэчылі афіцыйным багаслоўскім поглядам. Полацкая кніжніца магла чытаць працы Арыстоцеля і Платона, знаўцам якіх быў яе сучаснік Клім Смаляціч.


Фрэска XII ст. са Спасаўскай царквы ў Полацку. Верагодны партрэт Еўфрасiннi

Пражыўшы колькі гадоў у манастырскай слабодцы, князёўна пасялілася ў Сафійскім саборы, дзе, як паведамляе «Жыццяпіс», «нача книги писати своими руками». Праца перапісчыка была настолькі фізічна нялёгкая, што ёю тым часам займаліся толькі мужчыны. Раза­м з перапісваннем царкоўных кніг, хронік, папулярных тады зборнікаў афарызмаў пяро асветніцы магло выводзіць радкі Полацкага летапісу. Еўфрасіння пісала і ўласныя творы   –малітвы, павучанні, а яшчэ перакладала з грэчаскай і лацінскай моў.

Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова яна надала, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры, дзе былі адкрытыя адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг – скрыпторыумы. Адзін майстар рабіў тут каляровыя ініцыялы, другі – мініяцюры, трэці – пераплёты. Калі ўзнікала патрэба перапісаць кнігу хутчэй, яе дзялілі на некалькі частак. Са скрыпторыумаў кнігі разыходзіліся па ўсяму Полацкаму княству і за межы нашай старажытнай дзяржавы.

Каб аздобіць полацкія храмы абразамі, Еўфрасіння адкрыла таксама іканапісную майстэрню.

У створаных рупнасцю ігуменні Еўфрасінні школах юныя палачане, апрача царкоўнаславянскай, вучылі грэчаскую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі з прыродазнаўства і медыцыны. З найбольш здатнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзіліся заняткі ў паэтыцы і рыторыцы. Вялікая ўвага аддавалася гісторыі. Вучні мусілі добра ведаць радавод полацкай дынастыі, важныя падзеі з мінуўшчыны княства і ўсяго ўсходняга славянства.

Невядомаму аўтару «Жыццяпісу» Еўфрасінні Полацкай, напэўна, пашчасціла быць сярод тых, хто атрымліваў ад яе выдатныя ўрокі красамоўства. Дзякуючы яму мы таксама маем магчымасць ацаніць літаратурны і прамоўніцкі талент асветніцы.

«Вось сабрала нас, нібы птушанятаў, пад крылы свае і на пашы, нібы авечак, каб вы пасвіліся ў Божых наказах. А я з лёгкім сэрцам стараюся вучыць вас і дождж вучэння на вас праліваю! Але ж вашыя нівы стаяць, не ўзыходзячы, а год ужо завяршаецца, а лапата ляжыць у гумне. І баюся, што будзеце вы пустазеллем…»

? Вобраз Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай, узноўлены ў 1992–1997 гг. мастаком-ювелірам Міколам Кузьмічом на аснове апісанняў, малюнкаў і фотаздымкаў арыгінала. Паводле задумы Еўфрасінні старажытны крыж павінен быў вечна «жыватварыць» душы палачан

Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, Еўфрасіння стала нашай першай мецэнаткай. На яе замову дойлід Іаан у 50-х гадах ХІІ стагоддзя ў зусім новых формах збудаваў за трыццаць тыдняў храм Спаса – вяршыню полацкай архітэктурнай школы. Ігумення была замоўцаю знакамітага Полацкага крыжа – нашай нацыянальнай святыні, а таксама ацалелых да сёння ўнікальных фрэсак Спасаўскай царквы, сярод якіх знаходзіцца і верагодны партрэт самой асветніцы. З яе імем звязана з’яўленне на нашай зямлі прывезенага з Візантыі абраза Божай Маці, вядомага як Адзігітрыя Полацкая.

Ігумення Еўфрасіння ніколі не губляла сувязяў з вонкавым светам, была яму настаўніцай і суддзёй. У 1129 годзе Кіеў здолеў на кароткі час усталяваць сваю ўладу над Полацкам, і полацкіх князёў Рагвалодавічаў адправілі ў высылку ў Візантыю. Уся­славава ўнучка заставалася тады, пэўна, адзінаю з усёй полацкай дынастыі, хто пазбег высылкі. Знаходзячыся за манастырскімі сценамі, яна стала своеасаблівым сцягам змагання палачан за незалежнасць.

Праз веча яна ўплывала на запрашэнне ў Полацк князёў і на прызначэнне епіскапаў, кандыдатуры якіх мусіў ухваліць агульны сход месцічаў. Са згоды Еўфрасінні ў 1132 годзе горад скінуў кіеўскага стаўленніка і абвясціў сваім князем роднага брата ігуменні Васільку Святаславіча. «Жыццяпіс» кажа, што яна не хацела нікога бачыць ворагамі: «ни князя со князем, ни бояри с боярином, ни служанина со служанином – но всех хотеша имети, яко едину душю». Міратворныя клопаты Еўфрасінні, што мелі на мэце патушыць міжусобныя спрэчкі Рагвалодавічаў, адлюстраваліся ў царкоўных спевах, створаных у яе гонар у ХІІ стагоддзі: «Князем сродником друг на друга дерзающе подъяти меч возбранила еси, яко оружие обоюдоостро словесем божим устрашающем…»

На схіле жыцця Еўфрасіння намерылася здзейсніць паломніцтва ў Святую Зямлю.

Пры канцы красавіка 1167 года ігумення і яе спадарожнікі сястра Еўпраксія і брат Давыд дасягнулі ерусалімскіх муроў. Там Еўфрасіння папрасіла Госпада, каб дазволіў ёй памерці ў Святым горадзе, дзе адбылося збаўленне чалавечага роду. Неўзабаве яна занядужала, на дваццаць чацвёрты дзень хваробы сканала і была пахаваная ў Ерусаліме ў Феадосіевым манастыры Святой Багародзіцы.

Помнiк Еўфрасiннi ў Полацку. Скульптар Iгар Голубеў. 2000 г. ?

У 1187 годзе ўсходнеславянскія манахі перавезлі нятленныя парэшткі Еўфрасінні ў Кіеўскі Пячорскі манастыр. Там, у падземным храме Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы, рэліквіі давялося спачываць болей за сем стагоддзяў. Мошчы святой былі ўрачыста вернутыя ў яе родны горад толькі ў 1910 годзе. Цяпер яны захоўваюцца ў Спасаўскім храме полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Палачане прызналі сваю асветніцу святой яшчэ восем стагоддзяў таму. Да паловы XVI стагоддзя Полацк быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх зямель. Адсюль шанаванне князёўны-ігуменні пашыралася па ўсёй Беларусі. Паступова святая Еўфрасіння стала ў свядомасці вернікаў нябеснаю заступніцай – патронкаю не толькі Полацка, але і ўсёй Бацькаўшчыны.

Разам з праваслаўнымі беларусамі найпадобнейшую Еўфрасінню паводле даўняй традыцыі прызнае святою і Каталіцкая Царква.

Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай урачыста адзначаецца штогод 5 чэрвеня паводле новага стылю. Асаблівым сэнсам напаўняюцца тады словы асветніцы з яе «Жыццяпісу»: «Баюся, што будзеце вы пустазеллем, і аддадуць вас агню непагаснаму. Пастарайцеся ж, дзеці мае, пазбегнуць яго, і зрабіцеся пшаніцаю чыстай…»

https://www.traditionrolex.com/8