https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>З 24 мая па 25 чэрвеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка – Някрасава, 3) будзе праходзiць выстаўка твораў беларускіх і літоўскіх мастакоў «РАЗАМ».</strong></p>

Выстаўка ладзіцца ў межах супрацоўніцтва Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў з Пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і галерэяй Літоўскага саюза мастакоў «АРКА» (Вільнюс).

З XIII стагоддзя беларусы і літоўцы жывуць побач і разам, а мяжа паміж нашымі краінамі з'явілася толькі ў ХХ стагоддзі. Жывучы побач, мы часцяком больш ведаем пра мастацтва далёкіх краін, чым пра творчасць нашых суседзяў.

Каб папоўніць веды аб творчасці беларускіх і літоўскіх мастакоў, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў з 24 мая па 25 чэрвеня і ў вільнюскай галерэі «АРКА» ў жніўні бягучага года і будзе праходіць выстаўка «РАЗАМ».

Літоўскі бок прэзентуюць мастакі-жывапісцы з асацыяцыі «Мост». Нефармальную групу аб’ядноўвае агульная экспрэсійная манера жывапісу, агульныя праекты, выстаўкі і міжнародныя пленэры. Творчы шлях асацыяцыі пачаўся ў 1995 годзе, калі мастаківыпускнікі Вільнюскай Акадэміі мастацтваў арганізавалі першы пленэр ў Нідзе, на Куршскай касе. Фарбы і формы прыроды Літвы, багатыя жывапісныя традыцыі літоўскага мастацтва – пастаянная крыніца натхнення мастакоў асацыяцыі «Мост». Работы мастакоў аб’яднання экспанаваліся ў розных краінах: Германіі, Італіі, Індыі, Эстоніі, Фінляндыі, Латвіі, Расіі і Беларусi. Першая выстаўка літоўскага жывапісу ў нашай краіне адбылася ў 2003 годзе, і з тых часоў дзве суседнія краіны пастаянна абменьваюцца выстаўкамі, беларускія і літоўскія мастакі творча працуюць разам.

На выстаўцы «РАЗАМ» будуць прадстаўлены работы cямі літоўскіх аўтараў: Скаідрэ Бутнаруце, Саўлюса Круопіса, Артураса Савіцкаса, Рамунаса Дагіса, Ёнаса Ленкуціса, Гедыміна Бержыніса-Бержынскаса, Юозаса Пранцкявічуса.

Беларускую частку праекта прадставяць работы вядомых творцаў: жывапіс Анатоля Кузняцова, Ірыны Кузняцовай, Тамары Шэлест, Дзяніса Барсукова; графіка Веры Ягоўдзік; фатаграфіі Уладзіміра Парфянка і Аляксея Кузняцова.

Кошт квіткоў:
30 000 – агульны на экспазіцыю
20 000 – школьнікі, навучэнцы, студэнты дзённай формы навучання
і члены творчых саюзаў (пры прад’яўленні пасведчання)
15 000 – пенсіянеры (пры прад'яўленні пенс. пасведчання)
бясплатна – дзеці да 5 гадоў.

afisha.tut.by

https://www.traditionrolex.com/8