https://www.traditionrolex.com/8
<p>Той, хто чакае знайсці пад вокладкай новага пуцяводніка «Ад Белавежскай пушчы да Палескіх балот» усю дробязную, другарадную інфармацыю пра гэты рэгіён Беларусі, можа разачаравацца: такой «энцыклапедычнасці» дадзе­ная кніга не мае.</p>

А той, хто хоча па-сапраўднаму ўлюбіцца ў Беларусь – можа з радасцю пачынаць гэтую чытанку. У ёй зной­дзецца ўсё тое, што прывабіць кожнага не толькі да паўднёвых палескіх абшараў краіны, але і ўсёй нашай Бацькаўшчыны.

На прыкладзе новага выдання «Рифтура», створанага Таццянай Хвагінай і Анатолем Вараваю і вытанчана аздобленага фотаздымкамі маючага «асобае вока» Сяргея Плыткевіча, ёсць магчымасць шмат чаму навучыцца.

Найперш, навучыцца бачыць і выбіраць. Выбіраць галоўнае. Тое, што не толькі агаломшвае сваёю непаўторнасцю і сапраўднасцю, але вымагае думаць, штурхае спалучаць новае са старым, прымушае звязваць мінулыя веды з новымі звесткамі і пераварочвае былое разуменне і ўспрыманне месца, краю, а то і ўсёй краіны.

Майстэрства спрактыкаванага экскурсавода ў дадзеным пуцяводніку навідавоку. Знаёмства з кнігай не прыпыняе на думцы, што ты чытаеш не пра ўсе без выключэння мясціны Берасцейшчыны, а толькі пра тыя, на якія мэтанакіравана звяртае нашу ўвагу аўтар аповеду. Наадварот, унікаючы ў змест кнігі, увесь час усё больш разумееш, што проста неабходна тое, пра што зараз чытаеш, убачыць на ўласныя вочы. Трэба неяк паехаць і нарэшце пазнаёміцца са… сваёй краінай.

І што важна, тэксты нарысаў пра тую ці іншую вёску, мястэчка або горад сваімі выбранымі з агульнай нашай гісторыі месцамі клічуць не толькі ў Палескі край. А таксама і ў Паазер’е, і ў Панямонне, і па Падняпроўю з Цэнтральнай Беларуссю. Бо і там таксама чакае такая ж гісторыя і такая ж прыгажосць! Пасля гэтага палескага пуцяводніка напраўду хочацца вандраваць.

Кажучы пра тое, чаму можна навучыцца са старонак дадзенай кнігі, асобна варта адзначыць фактуру тэксту. Яна не «дзяжурная» для такога кшталту выданняў. У словах, імёнах і эпітэтах, ва ўважлівым цытаванні ёсць тое, што робіць змест кнігі па-свойму дапаможнікам для экскурсаводаў.

Уступ пачынае кнігу словамі пра немагчымасць ахапіць адным позіркам усю «непрыкметную прыгажосць і сапраўднае багацце» берасцейскай зямлі. Трэба прыпыніцца і ўгледзецца, каб спасцігнуць гэтыя беларускія мясціны з іх мінуўшчынай і сучаснасцю, з іх людзьмі і прыродай. Паспрабуем гэта і мы.

Кожны з 16-ці раёнаў Брэсцкай вобласці мае ў кнізе асобны раздзел. Алфавітны парадак дазваляе знайсці патрэбны, але мы будзем азнаямляцца па парадку. Першаю памагатаю ў прадстаўленні кожнага раёна выступае геаграфія. Храналагічны прынцып успрыняцця тэрыторыі вельмі пасуе, і чытач адразу арыентуецца ў прасторы, зважаючы на згаданыя ў тэксце рэкі, межы, шляхі і гасцінцы. Часта, але не занадта, згадваюцца разнастайныя алегарычныя назвы, якія трапна замацаваліся за людзьмі, гістарычнымі падзеямі, а таксама рэкамі, азёрамі, узвышшамі, выспамі і населенымі пунктамі. Згадкі пра «раку багоў» (Ясельда) або «чыноўніцкі пасёлак» у Баранавічах, «без­дзяжскую вікторыю» М.К. Агінскага ці «людвінаўскія ўніверсітэты» Э. Ажэшкі, «апостала Палесся» Андрэя Баболю і «пяснярку Палесся» Марыю Радзевіч з кобрынскага Грушава, «бучэмлянскую» вішню, «Палескую Амазонію» ў Сярэдняй Прыпяці і «Ляхавіцкую фартэцыю», «цара-дуба» ў маларыцкім Гусаку, «коласаўскую школку» ў Пінкавічах, «палескую ластаўку» Я. Янішчыц альбо «агурковую сталіцу», столінскія Альшаны, – кожны раз дадаюць нам, турыстам, да вобразу Палесся новыя, спачатку загадкавыя адценні, якія магчыма зразумець, толькі завітаўшы ў нагаданую ў пуцяводніку мясцовасць і пазнаёміўшыся з абставінамі нара­джэння такога красамоўнага вобраза-характарыстыкі! А як гэтая вобразнасць можа дапамагчы кемліваму экскурсаводу!

Кніга пра Берасцейшчыну змяшчае 242 артыкулы пра населеныя  пункты краю і прыродныя асабліва ахоўныя тэрыторыі. Як шмат гэта? Даволі для апантанага вандроўніка, які можа знайсці на поўдні Беларусі месцы вытокаў творчасці слынных і, на жаль, забытых творцаў (Адам Міцкевіч (Завоссе), Тадэвуш Касцюшка (Мал. Сяхновічы), Уладзіслаў Галубок (Ст. Лясная Баранавіцкага р-на), Рафал Слізень (Вольна), Андрэй Рымша (Пенчын), Алесь Каско (Чудзін))… Даволі для разумнага тураператара, які знойдзе на старонках пуцяводніка шмат варыянтаў, каб ў новыя маршруты прывабіць самых патрабавальных турыстаў.

«Самае-самае» заўжды вабіць масавага спажыўца турыстычнага прадукту. Са старонак дадзенай кнігі такіх феноменаў можна назбіраць нямала, напраўду толькі, што разглядаць гэтым выключным? Ці не выключным можна лічыць кобрынскі сядзібны дом Суворава, якім пазней валодаў Аляксандр Міцкевіч (брат паэта) і адкуль ішла «падтрымка паўстанцам Рамуальда Траўгута, пасля пакарання якога яго ўдава і дачкі знайшлі тут абарону»? Якая грымаса гісторыі ў тым, што будынак, атрыманы за падаўленне аднаго вызваленчага паўстання, стаў месцам прытулку ўдзельнікаў другога мяцяжу!

Ці не могуць стаць самамэтаю вандроўкі пінскія Кудрычы – «сапраўдны палескі скансэн»? «Тут няма ніякай «бутафорыі», ніякіх «навабудаў». Крытыя чаротам хаты з клунямі і «каморамі», хлявы, на якіх развешаны прылады працы і розны інвентар, зроблены ўласнымі рукамі, «сцёпкі» – для захавання ежы, борці-калоды з цэлых сасновых ствалоў – усё гэта праўдзівае», – чытаем мы на старонках пуцяводніка.

А якімі прыцягальнымі, магічнымі і натхняльнымі з’яўляюцца месцы былых бітваў, былога супраціву, змагання! Такіх месцаў на Берасцейшчыне скрозь усю мінуўшчыну назбіралася таксама досыць: Брэсцкая крэпасць (1915, 1939, 1941), Чыжэўшчына (Крупчыцкі бой, 1794), Кобрын (1812), Гарадзечна (1812), Макраны (1863), Мілавіды (1863), Бяроза (30-я гг. ХХ ст.).

Сучасны турызм у вялікай ступені – гэта турызм з этнічным і экалагічным зместам. І ў гэтай сваёй адметнасці ён знойдзе процьму магчымасцяў у беларускім Палессі. Прычым абок з непаўторным беларускім паляшуцкім каларытам месцяцца знакі цудоўнай габрэйская культуры.

Этнічныя туры немагчымы без увагі да Моталя з яго музеем, млыном і «Мотальскімі прысмакамі», да баранавіцкіх Русінаў, да музея «Бярэсце», да кобрынскага Дзівіна ці краязнаўчага музея ў Давыд-Гарадку. Як не завітаць у «Бяздзежскі фартушок» Драгічынскага раёна з больш чым двумастамі фартухоў альбо ў «Сядзібу ганчара» ў Гарадной – центр палескага ганчарнага мастацтва, ці ў музей І. Супрунчука ў Цярэблічах.

Страчаная габрэйская цывілізацыя нагадвае праз помнікі Халакосту (Рубель, Калдычава, Дамачава, Ганцавічы, Добрая Воля, Лахва…), праз сляды адметнай архітэктуры (Молчадзь, Пінск, Брэст) і цераз значную колькасць векапомных імёнаў, лёсам звязаных з палескай зямлёй.

Пуцяводнік шматкроць згадвае самыя розныя постаці нацыянальнай культуры, запрашаючы датыкнуцца да іх малой бацькаўшчыны (Завоссе, Крошын, Петкавічы, Дастоева…), «пенатаў» (Варацэвічы, Ястрэбель, Грушава), спасцігнуць вытокі іх таленту.

Сённяшняя экскурсія патрабуе ад экскурсавода асобных слоў, здольнасці дэманстрацыі не проста прывабных мясцін і аб’ектаў, але дэманстрацыі сувязяў культуры, пераемнасці, запазычанасцяў. А вялікая колькасці архітэктурных аб’ектаў можа бянтэжыць турыста мяшанкаю стыляў і форм. І тут дадзены пуцяводнік выступае дапаможнікам. Патрэбныя словы, выразныя прыклады, відавочныя ўзоры, красамоўныя вобразы – усё гэта багата прапанавана чытачу. «А інтэр’ер зачароўвае вуаллю ляпных зорчатых скляпенняў», – чытаем мы словы, прысвечаныя Траецкаму касцёлу ў Чарнаўчыцах. І нам хочацца туды адправіцца абавязкова.

Кожны нарыс пра населены пункт пачынаецца ў кнізе па-свойму. У адным выпадку спачатку ўвага надаецца згадцы ў летапісе, у другім – галоўнай вуліцы, у трэцім – храму; іншым разам аўтары пачынаюць з назвы альбо былога гаспадара (ці гаспадаркі). Кожны такі пачатак – невыпадковы: ён робіць акцэнт, вызначае асноўныя каардынаты месца, падказвае, нагадвае, тлумачыць. Такія дэталі нарысаў – добры знак турыстам і экскурсаводам. Адны паводле іх свядома будуць знаёміцца з турыстычнымі аб’ектамі. Другія – пра іх асэнсавана апавядаць.

Кніга-пуцяводнік па Берасцейскаму краю выглядае прыгожым прыкладам такога кшталту літаратуры. Яе хочацца чытаць. Яе прыемна перагортваць і ўгледжвацца ў невыпадкова і густоўна падабраныя фотаздымкі. Рускамоўны фармат кнігі ў дадзеным выпадку зразумелы, бо яна адкрывае для вялікай рускамоўнай аўдыторыі замежных турыстаў нашу краіну. А для беларускіх турыстаў, упэўнены, такая годная кніга ў хуткім часе вый­дзе і на роднай мове.

Сваім зместам выданне пуцяводніка «Ад Белавежскай пушчы да Палескіх балот» звяртае ўвагу на тое, што прапанаванае ўвазе чытача літаральна «адшліфавана» папярэдняй вялікай колькасцю экскурсійных прамоў аўтараў, іх прафесійным унутраным адчуваннем вартасці таго, што сапраўды мае сэнс данесці словамі разумнага экскурсавода да дапытлівага экскурсанта, турыста-«зубра» і турыста-пачынальніка.

За вандроўніка з такой кнігай у руках можна быць спакойным. Ён усё знойдзе і пра ўсё даведаецца.

https://www.traditionrolex.com/8