https://www.traditionrolex.com/8
аб 19-м фестывалі беларускай аўтарскай песні на Падляшшы

 Бардаўская восень - гэта фестываль акустычнай беларускамоўнай спеўнай музыкі, які ўжо ў 19-ты раз адбыўся на гэтых выходных у Бельску-Падляшскім, што на Беласточчыне ў Польшчы. Гэта фестываль-парадокс: адбор удзельнікаў праходзіць у сталічным-гераічным Менску, звычайна ў адной з прыстойных гарадскіх кавярняў, і збірае ў якасці гледачоў менскую моладзь што называецца "з прэтэнзіямі". У той жа час фінал адбываецца на сцэне старэнькага правінцыйнага бельскага ДК, і на канцэрты сюды збіраюцца тутэйшыя беларусы, мясцовая інтэлігенцыя літаральна ўсіх пакаленняў, сярод якой ёсць і тыя, хто яшчэ практыкуе працу на зямлі і вядзенне натуральнай гаспадаркі.

IMG_3981  

Парадокс яшчэ і ў тым, што абедзве гэтыя палавінкі (падляшская і менская публіка) маюць прыкладна аднолькавыя музычныя густы: ну як патлумачыць тое, што найбольш запатрабаванымі артыстамі для і для тых, і для другіх становяцца нашыя "не-дзяржаўныя" зоркі: Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Віктар Шалкевіч... Тыя, чые песні ў адным кроку ад статуса народных (хто з нас не адплясваў пад "Госці-госці, хтосьці ёсць няма-кагосьці?" або не зацягваў каля вогнішча пад гітару "Тры чарапахі"?). Збольшага тыя, чые канцэрты ўсё часцей у нас "адмяняюцца па тэхнічных прычынах". І тады пачынаеш па-добраму здзіўляцца тамтэйшым беларусам, якія праз гістарычныя перыпетыі апынуліся ў іншых ўмовах - у складзе сучаснай Польшчы. Не, я не збіраюся расхвальваць беларусаў Падляшша за "захаваную мову і культуру", спрабуючы тым самым націснуць на пачуццё віны абывацеляў РБ. На самой справе, як і ў нас, тамтэйшая моладзь вельмі хутка забывае вясковую мову бацькоў і ўсімі сіламі імкнецца ў сталіцу (толькі для іх сітуацыі - у Варшаву). І беларуская культура там зберагаецца - таксама як і ў нас - дзякуючы асобным актывістам, тым, хто адважыўся правесці жыццё ў гэтых "крэсах" (гэты рэгіён з-за яго эканамічнай адсталасці палякі называюць не іначай як "Polska-B", маючы на ўвазе, што "Polska-А" - гэта цэнтральная, "нармальная" Польшча). Толькі асобныя сем'і заўжды, штодзённа размаўляюць там па-беларуску. І часцей за ўсё менавіта гэтыя сем'і і з'яўляюцца стваральнікамі беларускіх музеяў на Падляшшы, арганізатарамі беларускіх школаў і газет. І ў гэтых жа сем'ях гадуецца моладзь, якая потым арганізуе і "Басовішча", і "Бардаўскую восень" і многія іншыя беларускія фестывалі. Як і старэйшае, так і маладзейшае пакаленне такіх арганізатараў дзейнічае па аднолькавай схеме: дабіваюцца фінансавання ў дзяржаўных польскіх структураў (польская дзяржава сёння актыўна падтрымлівае культуру нацыянальных меншасцяў у рэгіёнах), а таксама знаходзяць падтрымку ў прыватных фундатараў - мецэнатаў з самога Падляшша. І на гэтыя грошы запрашаюцца лепшыя артысты, музыкі, народныя рамеснікі, гісторыкі з Беларусі, - пакуль на гэтай самай Беларусі іх расфасоўваюць па белых і чорных спісах. Там не дзеляць. Галоўны крытэр для тамтэйшых арганізатараў - талент і прафесійны узровень артыста і - абавязкова - папулярнасць сярод публікі. Вось так і ўтвараецца той парадокс: беларуская культура ў сваіх лепшых узорах пачынае дэманстравацца дзе заўгодна - толькі не ў сталіцы Беларусі, усё часцей - на такіх вось прымежных "ускраінах" - няхай даруюць мне гэта слова беларусы Падляшша. Хаця такой фармулёўкай ужо ніяк не назавеш тую ж Вільню, дзе на гэтых жа выходных адбыўся шматтысячны канцэрт "Ляпіса Трубяцкога".
Што да сёлетняй "Бардаўскай восені", то яе пераможцам стаў малады гурт "Нельга забыць" і яго лідэр - Міхал Бараноўскі, чыя асоба ўдала спалучае ў сабе музейнага супрацоўніка і аўтара загрузна-філасофскіх песень а-ля Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі, толькі па-беларуску і з рыфмай. Песні Міхала крыху "грашаць" такім пафасам, які, напрыклад, Юры Шаўчук дазволіў сабе ў нашмат больш познім узросце. Але ўпэўненасць, з якой Міхал транслюе свае думкі-рыфмы ў залу - прываблівае. Верыш. У той жа час гэтага не скажаш пра Ганну Хітрык і яе новы праект "Sounduk" ("Саўндук"), якая завітала на фестываль у якасці запрошанай зоркі. Ганна - выдатная маладая артыстка сталічнанага Купалаўскага тэатра, якая паміж тэатральнымі рэпетыцыямі забаўляецца музычнымі эксперыментамі. І няхай яе фэны накрыюць мяне хоць вядром гнілых памідораў - я не прызнаю гэтую паненку за добрую спявачку. За яе шыкоўным вакалам, сотнямі мілых артыстычных масак, выдатна пастаўленымі рухамі на сцэне не відаць самага важнага - яе самой. Занадта харызматычнае і артыстызаванае выкананне перакрывае яе ўласныя пачуцці. А ці не менавіта гэтым - уменнем адкрыцца - каштоўны сапраўдны артыст? Апроч таго ура-пазітыў-настрой, з якім адбываюцца выступы Ганны &Co, часам хістаецца на мяжы са звычайнай інфантыльнасцю. Радасць, якая не прайшла выпрабаванне пакутай, святло, якое яшчэ проста не зведала цемры...
На адным прафесійным узроўні з выступам "Sounduk" быў і выступ гурта "Дзівасіл", прыемнага, меладычнага, які чаруе голасам сваёй вакалісткі Іны Перасецкай. Але як гэта не дзіўна - у рамках конкурснай праграмы.

IMG_3912  

Іна - прафесійная спявачка, якая ў Менску выкладае вакал і ўжо даўно знаёмая сваімі спевамі ўсім, хто цікавіцца айчыннымі эксперыментамі з фальклорам. І крыху недарэчна было бачыць яе ў ліку маладых канкурсантаў. Але і журы фестываля элегантна "абыграла" гэты момант: Гран-пры быў аддадзены іншаму выканаўцу, а Іна атрымала іншы фестывальны прыз з каментрам аб тым, што сам пан Лявон Вольскі (ён быў адным з сябраў журы) пераможцам лічыў толькі "Дзівасіл" (на фестывалі няма парадкавых месцаў - ёсць Гран-пры і некалькі прызавых лаўрэатаў).
Сам пан Вольскі ўсіх ашчасліўліваў старымі хітамі (ад "Простых словаў" да "Трох чарапах"), але ў кабарэтова-шансонавым, акустычным выкананні, з дамешкам добрага гумару і яркага шоўмэнства. Памагатым у яго быў саксафаніст-флейтыст Павал Аракелян. Ён жа граў ролю Грышкі ў песнях з востра-палітычнага цыклу "Саўка ды Грышка", за які, можна меркаваць, артыст і патрапіў у славуты чорны спіс.

IMG_4033

 

Што ж, гэтая весялуха ў перамешку з хітамі была шыкоўным падарункам для мясцовай публікі, але не клалася на сэрца мне, прыехаўшаму з цёмных абшараў РБ, дзе "адмена канцэртаў па тэхнічных прычынах" стала сумнай ўстойлівай тэндэнцыяй. Хацелася чагось больш натхняльнага, моцнага, герачінага. Яно прагучала - песня пра Героя (з адносна новага праекта "Такога няма нідзе"): роля героя - цяжкая роля/ роля героя - быць на крыжы/ доля героя - светлая мроя/ трэба ісці да апошняй мяжы. У гэтым, як можна было здагадацца, сам Вольскі сучаснай фармацыі, са сваім крэда і выпакутаванай пазіцыяй. Усё астатняе, прагнанае ў паспешлівым тэмпе popurri - гэта толькі мішура, якой артыст спрабуе прыкрыць самае важнае, ці-то дзеля масавай публікі, ці-то дзеля сябе самога, каб выглядаць бадзёрым у рэаліях, якія зусім гэтаму не спрыяюць. Таму яно так і не ліпла адно да аднога - песня пра Героя, глыбокія вершы Анатоля Сыса, дэкламаваныя Вольскім са сцэны - з усёй камедзі-клабнай, карпаратыўна-забаўляльнай атмасферай яго выступу. А больш яно пасавала да сівых валасоў, што раптам прарэдзілі шавялюру Змітра Вайцюшкевіча: цяжка сядзець на радзіме ў палоне. Зрэшты, сімвалічна, што ў апошні дзень фестывалю, ужо ў Беластоку, Зміцер Вайцюшкевіч, прэзентаваўшы як заўжды шыкоўна аформлены новы альбом "Ваячак", прадставіў і зусім новыя песні з так званага "турэмнага" цыкла.

IMG_4172

 

"Бардаўская восень" сканчалася гэтак жа хутка, як і нечаканы сняжок, што збянтэжыў усіх у канцы кастрычніка...
У каторы раз перасякаю мяжу: Кузніца-Беластоцка, Брузгі. Мілыя дзяўчаты-беларускі ў вайсковай форме памежнікаў сваёй усмешкай робяць хмарны кастрычніцкі дзень крыху больш светлым. Ды і кампанія па дарозе дамоў сабралася не абы якая - па тры барды на адзін квадратны метр мікрааўтобуса. Залётны сняжок застаўся, не растаў - як і мае ўражанні ад бельскіх канцэртаў. Над Гародняй паказалася палоска блакітнага неба. Дзякуй Богу, пакуль не ў клетачку.

 

аўтар дзякуе за фотаздымкі Звязу Беларускай Моладзі 

https://www.traditionrolex.com/8