https://www.traditionrolex.com/8
<p>«І паўстала «Спадчына» – дыярыуш Мінскага грамадскага культурна-асветніцкага клуба «Спадчына» – жанрава-інфармацыйна значна шырэйшы, чым дыярыуш.</p>

Хроніка важных падзей з жыцця клуба і яго сяброў ад 21 сакавіка 1984 г. па 17 лістапада 2011 г. падаецца тут у асноўным і пераважна ў звязку са значнымі падзеямі ў жыцці беларускага грамадства. Клубам і асабліва яго старшынёй Анатолем Яўхімавічам Белым (10.12.1939–14.11.2011) – нястомным і самаахвярным служыцелем на ніве беларушчыны – зроблена па жыцці значна больш, чым можна прачытаць на старонках гэтай кнігі. Дарэчы, галоўным хранікёрам пададзеных у дыярыушы падзей быў таксама А. Белы. Выконваючы яго план і запавет, укладальнікі і рэдактары выдання прабачаюцца перад паспалітым чытачом за магчымыя тут недакладнасці і памылкі. А што да памылкі на стар. 121 (замест «Копылшчыну» трэба чытаць «Копысьшчыну»), то гэта памылка друкарская. Але просім прабачэння.

Апроч першай – форматворнай – часткі «Хроніка асноўных падзей», кнігу складаюць яшчэ наступныя тры часткі: «А хто яны – спадчынцы?», «Прысвячэнні «Спадчыне» і «Узнагароды «Спадчыны».

Частка другая «А хто яны – спадчынцы?» складаецца з аўтабіяграфій і біяграфій, а праз іх – творчых партрэтаў членаў клуба (кіраўніка, шараговых і ганаровых). Вось толькі некаторыя імёны: А. Белы, Л. Акаловіч, І. Антанюк, Р. Барадулін, А. Белая, М. Белы, С. Белая, А. Будзянок, В. Быкаў, А. Валахановіч, А.0аГрыцкевіч, Я. Гучок, М. Ермаловіч, М. Карпук, І. Кісялёва, І. Копыл, А. Крывенка, І. Курыцын, М. Лавіцкі, Я. Лаўрэль, Ул. Ліпскі, А. Ліс, А. Лісоўская, Л. Лыч, А. Мальдзіс, А. Мяльчуй, М. Несцярэўскі, Ул. Пецюкевіч, Ул. Раманоўскі, М.  авіцкі, А. Саламонаў, Н. Сармант, С. Сармант, А. Саскавец, Ул. Содаль, Г. Сіўчык, В. Хурсік, Я. Ціхановіч, А. Цыркуноў, Г. Штыхаў, Я. Юхо і іншыя.

У трэцюю частку «Прысвячэнні «Спадчыне» ўваходзяць вершы, вітальныя словы і інш. ад вядомых асоб беларускага культурнага абсягу ў адрас клуба з нагоды розных важных падзей і дат гісторыі Беларусі і клуба.

У апошняй, чацвёртай частцы «Узнагароды «Спадчыны» прыводзяцца дакументальныя сведчанні аб узнагароджаннях Камітэтам Ушанавання пры «Спадчыне» сяброў клуба і іншых асоб нашай Айчыны і замежжа, грама­дзянская дзейнасць якіх на ніве служэння беларушчыне спрыяе нацыянальнаму адраджэнню Беларусі.

У дапаўненне да сказанага вышэй нельга не ўзгадаць Старадарожскі прыватны мастацкі музей Анатоля Белага, заснаваны ім на сядзібе яго бацькоў. Музей створаны для прапаганды гісторыі і культуры Беларусі. Яго наведваюць сёння асобы і групы людзей з Расіі, Украіны, Германіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Грузіі і іншых краін свету; ну і, вядома, з розных мясцін Беларусі. Сведчаннем таму служаць і запісы-водгукі ў кнізе яго наведвальнікаў. Музей мае чатыры двухпавярховыя будынкі, злучаныя паміж сабой галерэямі, восем залаў. Плошча экспазіцыі – каля 500 кв. м; на ёй размешчаны каля 1700 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты князёў, палкаводцаў, палітычных, дзяржаўных, рэлігійных, культурна-асветніцкіх дзеячаў Беларусі, батальныя карціны, краявіды, выявы помнікаў дойлідства, гарадоў і замкаў нашай Айчыны, бюсты і медалі, зробленыя ў гонар знакамітых дзеячаў зямлі беларускай.

Немагчыма назваць, хто з беларускіх мастакоў (тым больш народных і шырока вядомых) не экспануецца сваімі творамі ў гэтым музеі. Такіх няма. Але нельга ўстрымацца, каб не назваць такія знакавыя імёны, як Язэп Драздовіч, Уладзіслаў Галубок, Пётра Сергіевіч, Міхась Філіповіч, Віталь Цвірка, Івонка Сурвіла і многія, многія іншыя. Іх работы таксама там ёсць.

У музеі знаходзіцца зала Васіля Быкава, дзе прадстаўлены выданні яго кніг (і на замежных мовах таксама), малюнкі, асабістыя рэчы пісьменніка. У музеі прадстаўлены выданні клуба «Спадчына» (А. Белы меў ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць) і выданні сяброў клуба ў розных іншых выдавецтвах.

Многа твораў мастацтва і іншых экспанатаў знаходзіцца ў запасніках музея. А дворык перад пярэднім фасадам музея з’яўляецца як бы працягам ці ўступам да музейных экспазіцый. Тут размешчаны помнікі і памятныя знакі ў гонар выдатных людзей нашай Бацькаўшчыны.

І яшчэ. Дзякуючы намаганням А. Белага ўзведзены помнікі нашым знакамітым культурным дзеячам у Беларусі (Мінск, Тураў, Маладзечна, Халопенічы, Старыя Дарогі) і за яе межамі (Яраслаўль): Еўфрасінні Полацкай, Кірылу Тураўскаму, Францыску Скарыне, Міколу Гусоўскаму, Сымону Буднаму, Васілю Цяпінскаму, Максіму Багдановічу, Адаму Багдановічу, Міколу Ермаловічу, Ларысе Геніюш, Анатолю Бярозку і інш. Таму недаравальна культурнаму чалавеку, а тым болей калі ён яшчэ і прыхільнік і аматар турызму ды адпачынку, не наведаць гэты незвычайны музей і адчуць праз мастацкія вобразы подых беларускай гісторыі – у многім трагічнай і няпростай і ў той жа час вельмі цікавай і яскравай.

Але вернемся да выдання «І паўстала «Спадчына». Прысвечанае светлай памяці незабыўнага Анатоля Яўхімавіча Белага, ажыццёўлена яно коштам сяброў клуба. А ў свет выйшла літаральна днямі. Тыраж выдання– 70 паасобнікаў. Выдавец – Віктар Хурсік. На першай старонцы кнігі падаецца партрэт А. Белага, на апошняй старонцы вокладкі – рэпрадукцыя палатна мастака А. Крывенкі «Васіль Быкаў сярод сяброў клуба «Спадчына».

https://www.traditionrolex.com/8