https://www.traditionrolex.com/8
Вядомы беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч правёў тры тыдні ў Злучаных Штатах Амерыкі у рамках праграмы “Internetional Visitor Leadership” і дзеліцца сваімі ўражаннямі:

Злучаныя Штаты Амерыкі валодаюць найбуйнейшай эканомікай у свеце. Амерыка з’яўляецца бясспрэчным лідэрам у гандлі, прамысловай вытворчасці і вытворчасці прадуктаў харчавання. У ЗША знаходзяцца чатыры найбольш загружаныя аэрапорты свету і пракладзены самыя доўгія ў свеце сеткі аўтамабільных дарог і чыгункі. Тут больш, чым у любой іншай краіне, уладальнікаў аўтамабіляў, тэлефонаў, тэлевізараў, радыёпрымачоў і мікрахвалёвак. Амерыканцы болей за ўсіх укладаюць у турызм і атрымліваюць ад яго самы вялікі прыбытак. Акрамя таго, Амерыка – сінонім якаснай музыкі. Вядомы беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч у рамках праграмы “Internetional Visitor Leadership” правёў тры тыдні ў гэтай краіне і дзеліцца сваімі ўражаннямі: 

– Нашае знаёмства з Амерыкай адбывалася цягам трох тыдняў – з 14 лістапада па 6 снежня. За гэты час мы даведаліся, што яна з сябе ўяўляе з пункту гледжання культуры. Галоўны прынцып: ты ўкладаеш уласныя грошы ў любы культурны праект, табе скасоўваюць падаткі. Гэта былі тры тыдні, насычаныя сустрэчамі, адкрыццямі, новымі людзьмі, гатэлямі, самалётамі, машынамі. Мы наведалі пяць гарадоў: Вашынгтон – сталіцу, Сіэтл на паўночным захадзе ЗША, Канзас-сіці ў Цэнтральнай Амерыцы, Новы Арлеан на поўдні і Нью-Ёрк на ўзбярэжжы Атлантыкі.

– Гэта было ваша першае падарожжа ў Злучаныя Штаты?

– Так, я быў у Амерыцы ўпершыню, і мне вельмі там спадабалася. Амерыканцы любяць вялікія машыны, канкрэтыку, упэўненасць у сабе і энергічны лад жыцця. Гэта датычыцца і музыкі. Мне як музыку было цікава, што слухаюць амерыканцы. Я быў прыемна ўражаны, што паўсюль, нават у звычайных прадуктовых крамах, гучыць якасная музыка. Яна грунтоўная, і ў ёй няма лёгкадумнага налёту. Канешне, немагчыма падагульняць, бо Амерыка ўся розная. Напрыклад, Канзас-сіці – гэта сталіца другой эпохі амерыканскага джазу. І гэта ўнікальнае месца, радзіма Паркера, павольна памірае. А ў Новым Арлеане жывуць вельмі вясёлыя людзі, нягледзячы на тое, што яны пакутвалі праз ураган Катарыну ці калісьці былі абцяжараныя барацьбой за правы чорных. Яны гэтага не хаваюць, наадварот, кажуць і спяваюць аб гэтым. І мне гэтая рыса характару ў арлеанцах вельмі падабаецца.

– Значыць, добрую музыку варта слухаць у Новым Арлеане?

– Новы Арлеан – найпрыгажэйшы горад Амерыкі і, бадай, самы вясёлы. Нават на вуліцы можна пачуць шмат музыкаў самага высокага ўзроўню. Калі хочаш адарвацца, паслухаць цікавую музыку і пасядзець у рэстарацыі, дзе сядзелі Нікалас Кейдж ці Брэд Піт, трэба ехаць у Новы Арлеан. У Амерыцы гэта так натуральна, што ў кожнай, нават самай непрывабнай кавярні, сядзела якая-небудзь зорка. Са знакамітасцю і сёння можна спаткацца ў звычайнай кавярні: амерыканская эліта часта п’е каву. Для нас гэта гучыць трошкі шокава: як можна у простай кавярні ўбачыць Луі Рыда ці, скажам, Джона Траволту?

– І рэстарацыі выкарыстоўваюць гэта на сваю карысць, прывабліваючы турыста знакамітымі імёнамі?

– Усе зарабляюць грошы.

– А ці добра амерыканцы ведаюць тых, хто жыў з імі побач?

– Амерыка ў гэтым сэнсе дзіўная краіна. Напрыклад, мы наведвалі Сіэтл. Кажуць, што гэта радзіма гранжу. Аднак, амерыканцы часам гэтага не ведаюць. Былі на магіле Джымі Хендрыкса – легендарнага амерыканскага гітарыста. Пра яго таксама не шмат хто ведае. Калі кажаш, што ён тут, чуеш у адказ здзіўленае пытанне: “Really?” А увогуле, Сіэтл – прыгожы індустрыяльны горад, дзе над пэўным раёнам увесь час лятаюць боінгі: іх там выпрабоўваюць. Горад вядомы і тым, што недалёка ад яго жыве Біл Гейтс: мае над возерам вялізную дачу.

– Пераканаліся ў тым, што Амерыка – краіна кантрастаў?

– Так, напрыклад, у Вашынгтоне насупраць Белага дому можа сядзець дзед з дрэдамі, апрануты ў парваныя джынсы, вельмі падобны да Бога Джа. Ён – мясцовая легенда, якую ўсе фатаграфуюць. Прычым, ён не патрабуе за гэта грошай і спіць тут жа, на лаўцы, нікому не замінаючы і нічога не парушаючы. Альбо насупраць таго ж Белага дому можа стаяць намёт, дзе жыве жанчына, якая нечага дамагаецца. Калі жанчыне трэба сысці, яе падмяняе сябар. У намёце заўсёды нехта ёсць: і ў залеву, і ў спёку.

А Нью-Ёрк – гэта горад, які ніколі не спіць. З аднаго боку, Нью-Ёрк уражвае. Мы былі на Брадвеі, хадзілі на мюзікл “Чыкага”, сустракаліся з тэатраламі, якія цікавяцца ў тым ліку і беларускім тэатрам. Я выступаў перад беларускай дыяспарай у царкве. У гэтым горадзе вельмі насычанае культурнае жыццё. З іншага боку, самае галоўнае, і не толькі ў Нью-Ёрку, а ў любым іншым амерыканскім горадзе, – выбіраць раён, па якім можна хадзіць. У кожным горадзе ёсць пэўныя вуліцы, на якія лепш не выходзіць: цябе могуць абрабаваць ці збіць. Амерыка не самая бяспечная краіна. Там нямала паліцэйскіх, і яны працуюць па шчыльным графіку, як у амерыканскім кіно. Да законапаслухмяных грамадзян паліцэйскія ставяцца вельмі добразычліва. Так, каля Белага дому з імі часта фатаграфуюцца турысты.  

– Падчас вашага падарожжа Амерыка пачала рыхтавацца да святаў...

– Мы якраз трапілі на Thanksgiving day. Дзень, калі ўсе адно аднаму дзякуюць. Гэта сямейнае свята, калі амерыканцы едуць да сваіх бабуль, дзядуль ці бацькоў, каб сустрэцца ўсёй сям’ёй, з’есці святочнага індыка і даволі весела правесці час, штосьці ўзгадаць, памаліцца Богу. У Нью-Ёрку мы жылі літаральна за сто пяцьдзесят метраў ад 5-й авеню і вельмі блізка ад галоўнай елкі Амерыкі. У першы дзень нават мелі праблемы з пропускам, бо, калі ўсталявалі елку, павінна было адбыцца яе ўрачыстае адкрыццё, і вуліцы заблакавалі. За некалькі тыдняў да Каляд каля кожнай крамы ці рэстарацыі з’яўляецца “зазывала”, які са званочкам у руках спявае калядныя песні “Jingle Bells” ці “I Wish You a Merry Christmas!” Яны запрашаюць зайсці і набыць што-небудзь. У гэты час у Амерыцы пачынаюцца вялікія распродажы, sales, падчас якіх адбываюцца сапраўдныя штурмы гіпермаркетаў. У савецкія часы так штурмавалі ГУМ альбо ЦУМ, калі з’яўляліся імпартныя рэчы. Увогуле, амерыканцы ўвесь час нешта набываюць. Для іх – гэта частка жыцця, яны так прызвычаіліся.

 

– Амерыканцы вядомыя ва ўсім свеце тэмпам свайго жыцця, у якім прытрымліваюцца прынцыпу: “Хто паспеў, той і з’еў”. Наколькі гэта адчувальна?

– Сапраўды, гэта можна адчуць і ў прамым, і ў пераносным сэнсах. Сярод іншага, амерыканцы прызвычаіліся вельмі хутка есці на вуліцах. Паход у рэстаран звычайна нешта каштуе. Можна паабедаць ад 50 даляраў і да бясконцасці. А можна і за 10 даляраў мець абед. Калі за маленькім столікам акрамя цябе будуць сядзець дзед з бабуляй – для Амерыкі гэта не страшна. Кожны сам сабе, ніхто нікому не перашкаджае, у рот не глядзіць, але адначасова і не адгароджваецца. З еўрапейскай кухняй таксама праблем няма. Мы і боршч елі, і салат з буракоў, і ўкраінскі аліўе, і грэчку – гаспадыня адной з рэстарацый з Уралу прыехала. Амерыка – тая краіна, дзе можна знайсці ўсё: хочаш найлепшую французскую кухню, хочаш – італьянскую, японскую ці кітайскую. Патрапіўшы ў гіпермаркет, я таксама быў шакаваны разнастайнасцю асартыменту. Я быў шмат дзе: і ў японскіх, і нямецкіх, і французскіх гіпермаркетах. Там таксама ўсяго багата, але ў амерыканцаў гэтага ў сотні разоў больш. Гэта тычыцца ў першую чаргу зеляніны, садавіны, гародніны, морапрадуктаў і кулінарных вырабаў.

– А крызіс не паўплываў на разнастайнасць гэтага выбару?

– Амерыканцы шмат кажуць пра крызіс. Нам не пашанцавала: мы прыехалі ў год, калі ў Амерыцы крызіс, але нам так не падалося. З аднаго боку, я разумею, што жыць там не проста. Так, адзін паркінг у цэнтры Вашынгтона каштуе шэсць даляраў за гадзіну. У нас – тры тысячы рублёў. Вядома, скажуць, што ў іх зарплаты вышэйшыя, але там і машын у дваццаць разоў больш. У Амерыцы шмат багатых людзей, а гэта дае магчымасць сярэдняму класу адчуваць сябе больш вольна эканамічна. З іншага боку, я ўпершыню ў жыцці бачыў творы Эль Грэка, Веласкеса, Гоі, Шагала ў арыгінале. Для мяне Амерыка застаецца найбагацейшай краінай у свеце. Краінай, дзе магчыма ўсё.

– Так званая, “амерыканская мара”?

– Людзі часта едуць у Амерыку за няспраўджанымі марамі. Там усё нашмат прасцей і, адначасова, ўсё нашмат складаней. Пытанне не толькі ў грошах. Ты павінен праявіць цікавасць да таго, да чаго імкнешся. Тады будуць і грошы, і прапановы, і мара спраўдзіцца. Людзі там цікавыя. Гэта першае, што важна ў любой краіне. Адразу кідаецца ў вочы, што абсалютна не знаёмыя людзі даволі добразычліва вітаюцца паўсюль: у гатэлі, у краме, калі ты ідзеш па вуліцы... Хтосьці скажа, што гэта “дежурная” ўсмешка. Магчыма. Аднак, гэта прыемна і для чалавека-чужынца, які ўпершыню ў Амерыцы, вельмі важна.

– А ці адчуваеш сябе чужынцам у “краіне эмігрантаў”?

– Наведваючы гарады, якія былі запланаваныя праграмай, мы рабілі перасадкі ў Чыкага, Даласе і іншых месцах. У аэрапортах і ў гарадах вельмі шмат людзей розных нацыянальнасцяў. Гучыць шмат моваў: і мексіканская, і партугальская, і польская. У Новым Арлеане я нават бачыў помнік эмігрантам. У гэтым сэнсе ў ЗША я адчуваў сябе вельмі камфортна.

­– Настолькі камфортна, каб там жыць?

– Мне вельмі спадабалася Амерыка, але гэта не азначае, што я хацеў бы там жыць. Мне хацелася б быць у гэтай краіне турыстам, чалавекам, якому цікава нешта зрабіць з амерыканцамі.

– Напрыклад, супольны праект?

-- Для мяне важна будаваць мост паміж Амерыкай і Беларуссю, адсюль – туды. Дзеля гэтага не трэба кідаць усё тут і жыць там. Дзеля гэтага дастаткова чытаць вершы амерыканскіх паэтаў, пазнаёміцца з кімсьці і ездзіць у госці. Жыць там паўгады, хадзіць у крамы, гатаваць сабе ежу, знаёміцца з краінай, набываць музычныя інструменты, выбар якіх вельмі вялікі. Туды варта ездзіць, каб глядзець, вучыцца. Мне ў Амерыцы дасягаць чаго-небудзь ужо запозна. Мой шоу-бізнес, мая песня тут.

Гутарыла Яна Шыдлоўская

https://www.traditionrolex.com/8