https://www.traditionrolex.com/8
<p>«Полацк – гонар вякоў» – так называецца новая кніга пра горад, якая выходзіць да яго юбілею ў выдавецтве «Беларусь» на 264 старонках, беларускай і рускай мовах з грунтоўным англійскім рэзюмэ</p>

Як паведамляе «Народнае слова»:

«Полацк – гонар вякоў» – так называецца новая кніга пра горад, якая выходзіць да яго юбілею ў выдавецтве «Беларусь» на 264 старонках, беларускай і рускай мовах з грунтоўным англійскім рэзюмэ. Фотаздымкі да багата ілюстраванага выдання зрабіў новапалачанін Ігар Супранёнак. Аўтар тэкста – вядомы беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук, пісьменнік, сцэнарыст Сяргей Тарасаў. З ім наша гутарка.

– Сяргей Васільевіч, адну са сваіх кніг пра Полацк вы назвалі «Фенікс беларускай гісторыі». Як тлумачыце гэтую назву?

– Полацк перажыў шмат ліхалеццяў і адрадзіўся ў нашай гісторыі, як міфічны Фенікс – сімвал вечнага абнаўлення, высакародства і адзінкавасці. Але сёння, на мой погляд, гэта ўжо і «жар-птушка», да якой трэба імкнуцца, спазнаць і патрымаць у руках.

– Што самае важнае павінен ведаць пра Полацк кожны беларус?

– Што тут радзіма нашай дзяржаўнасці. Пачатак нашай тоеснасці, нашага асэнсавання сябе, адметнага ўсведамлення ў часе і прасторы. Самастойнае княства Еўропы Сярэднявечча. Гонар Рагнеды і Рагвалода. Пачатак хрысціянства на Беларусі. Непадлеглы літоўскім князям магдэбургскі горад. Полацк – стрыжань, вакол якога мы сабраліся, і тое, чым мы адрозніваемся ад іншых. Як прававернаму мусульманіну, так і кожнаму беларусу раз у жыцці трэба прайсці свой полацкі шлях «ад Мекі да Медзіны».

Гісторыя Полацка, памятныя мясціны, скарбы зямныя і духоўныя – залатая спадчына беларускай і еўрапейскай культуры, падмурак мінулага і будучыні народа і краіны.

– Вы больш за 30 гадоў даследуеце Полацк, праводзілі тут шмат археалагічных раскопак. Падзяліцеся самымі моцнымі ўражаннямі, якіх сенсацый яшчэ чакаеце?

– Даследую і па сёння, спыніцца немагчыма. Здаецца, займаўся гэтым ад нараджэння. Калі сыходзіць снег, зямля становіцца чыстай і пахкай, першае, што жадаеш, – узяць рыдлёўку, капнуць і пачуць гэты непаўторны водар не бульбяной, а гістарычнай зямлі. З яе аскепкамі, косткамі. Калі разламаеш камок, а там лісток ХІІ стагоддзя – зялёны-зялёны... І збожжа, што не паспелі пасеяць...

Неяк, у 1987-1988 гг., на плошчы Свабоды расчысцілі маставую канца ХІ – пачатку ХІІ стст. Іду па ёй – і раптам думка: «Я ж першы, хто крочыць па гэтай драўлянай вуліцы за апошнія восем стагоддзяў!!!» Быццам чую галасы, бачу людзей. Іх жытлы, рэшты, натуральна, вось яны, перада мною. Так што кожнае сведчанне жыцця продкаў па-свойму сенсацыйнае.

Некаторыя асаблівасці культурна-эканамічнага паходжання горада пакуль не ўсвядомлены грамадствам. Над гэтым і працую. Сёння для навукоўца заданне не столькі капаць, колькі аналізаваць. Разгадаць застаецца, хоць гэта і  дзіўна, як Полацк хрысціўся і хто быў першым епіскапам, які асвячаў Сафію, хто яе будаваў...

Адкрыць новае ў Полацку – гэта не цуд, а норма. Кожны сантыметр зямлі – дзесяцігоддзі жыцця продкаў. Варта задумацца: якія сантыметры застануцца пасля нас?

Ларыса Малашэня

https://www.traditionrolex.com/8