https://www.traditionrolex.com/8
<p>У сярэднявечча вайна была справай штодзённай</p>

Гісторык, археолаг, аўтар і сааўтар больш як 90 навуковых артыкулаў і 6 манаграфій, адказваючы на пытанні карэспандэнта газеты «Гомельская праўда», распавёў аб тым, што яго бацька таксама займаецца археалогіяй. Больш таго, яго даследніцкая дзейнасць мае дачыненне да нашага рэгіёна: у 70-80 гадах мінулага стагоддзя ён праводзіў раскопкі курганоў у ваколіцах Рагачова.

— У нас дома была вялікая бібліятэка. Калі я быў яшчэ маленькім хлопчыкам, мог дацягнуцца толькі да ніжняй паліцы, на якой стаялі кнігі выключна па археалогіі, — усміхаецца Мікалай Плавінскі. Вось так і нараджаюцца дынастыі.

На думку гісторыка, сучаснай навукова-папулярнай літаратуры, якая б давала вынік працы археолагаў, у нашай краіне, на жаль, мала. У Мікалая Плавінскага разам з другімі беларускімі гісторыкамі ўзнікла ідэя — выдаць серыю кніг па ваеннай гісторыі, бо такія папулярныя выданні ёсць практычна ва ўсіх краінах свету, у тым ліку ў Расіі і Украіне. Пачалося ўсё з невялічкай кніжкі «Войска Полацкага княства», пасля якой аўтар узяўся за больш сур’ёзнае выданне з максімальнай колькасцю ілюстрацый. Аснову кніжкі «Узбраенне беларускіх земляў XI-XIII стагоддзяў» складае навуковы тэкст, які максімальна перапрацаваны ў разліку на шырокае кола чытачоў.

0

Ёсць і факты, якія тычацца нашага рэгіёна: «Як і ў эпоху вікінгаў, клінкі мячоў сярэдзіны XI-XIII стст. імпартаваліся на беларускія землі з Заходняй Еўропы, аб чым сведчаць наяўныя клеймы з лацінскімі надпісамі. Аснашчэнне прывазных клінкоў магло адбывацца на месцы. Сведчаннем таму з’яўляюцца матэрыялы са зброевай майстэрні, выяўленай на вакольным горадзе Гомеля. Майстэрня належала збройніку, які займаўся пераважна слясарна-зборачнымі і рамонтнымі аперацыямі, аб чым сведчыць набор інструментаў і асартымент дэталяў засцерагальнага і наступальнага узбраення, выяўленых у ёй. Гомельская майстэрня загінула ў пажары, які, па меркаванні аўтара раскопак А. А. Макушнікава, адбыўся ў 1239 годдзе і быў звязаны з мангольскім нашэсцем на Чарнігаўскую зямлю. Разам з тым, цалкам верагодна, што летапісны Гомій мог быць спалены манголамі і некалькі пазней — у сярэдзіне ХІІІ стагоддзя, магчыма ў 1250 гады».

3

— Вайна — справа брутальная. Але для сярэднявечнага грамадства яна была справай штодзённай. Тады людзі жылі ў стане войнаў, таму навейшыя тэхнічныя дасягненні яны ў першую чаргу выкарыстоўвалі ў вайне, — тлумачыць Мікалай Плавінскі выбар тэмы свайго даследвання. — Менавіта па развіцці ўзбраення, па прагрэсіўнасці таго ці іншага войска можна казаць і пра развіццё грамадства ў цэлым, тым больш, што менавіта ад якасці ўзбраення залежыла, у першую чаргу, выжыванне грамадства.

— Як выглядаў беларускі ваяр знатнага роду ў перыяд сярэднявечча?

— Што тычыцца Беларусі, то асноўная масса войска была ўзброена сякерамі і коп’ямі. А прадстаўнік знаці — гэта чалавек у кальчузе і шлеме з вельмі якасным узбраеннем: з мячом, прывезеным недзе з Германіі. З нечым кшталту булавы ці кісценя, прывезенымі таксама з Кіева ці з поўдня Русі. Ну неяк так. У вас тут на поўдні Беларусі былі элементы, характэрныя для усходнееўрапейскіх стэпаў: гэта маглі быць шаблі. Увогуле пра некаторыя рэчы і, у прыватнасці, пра сярэднявечныя мячы, можна распавядаць вельмі доўга, амаль што бясконца, бо кожны меч — гэта твор мастацтва, які рабілі вельмі шмат часу, які каштаваў вельмі дорага і быў увасабленнем самой эпохі — эпохі вікінгаў і эпохі рыцарства.

4

— Якая археалагічная знаходка даставіла вам найбольшае задавальненне?

— Ведаеце, скажу так. Археолагу павінна быць не істотна, што ён капае, хай то раскопкі ў цэнтры горада XIX стагоддзя ці нешта блізкае да тэмы, якой ён займаецца. Што тычыцца самых цікавых знаходак, гэта было пахаванне прадстаўніка княжацкай адміністрацыі на паўночным захадзе Полацкай зямлі, якога пахавалі з сякерай, кап’ём, з наборам гандлёвага інвентару, былі нават вагі для ўзважвання срэбра і набор гірак. Ну, і жанчына яшчэ ў падарунак яму там ляжала…

5

Трэба адзначыць, што прэзентацыя прайшла пры падтрымцы культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Нагадаем, што ў сакавіку навукова-папулярная кніга Мікалая Плавінскага і серыя па ваеннай гісторыі Беларусі была прэзентавана ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Відэа – Мікалай Плавінскі на прэзентацыі сваёй кнігі «Узбраенне беларускіх земляў» (аўтар – Наталля Прыгодзіч)

Наталья Пригодич

Фото: аўтара

https://www.traditionrolex.com/8