https://www.traditionrolex.com/8
<p>Адной з асноўных падзей ХХ Дня беларускага пісьменства, які сёлета будзе прымаць на Магілёўшчыне горад Быхаў, стане прэзентацыя ўнікальнага выдання — «Баркулабаўскага летапiсу». Напярэдадні свята выдатны помнік беларускага пісьменства XVI—XVII стагоддзяў быў прадэманстраваны журналістам</p>
Адной з асноўных падзей ХХ Дня беларускага пісьменства, які сёлета будзе прымаць на Магілёўшчыне горад Быхаў, стане прэзентацыя ўнікальнага выдання — “Баркулабаўскага летапiсу”. Напярэдадні свята выдатны помнік беларускага пісьменства XVI—XVII стагоддзяў быў прадэманстраваны журналістам, паведамляе «Мінская праўда».

— У гэтым годзе ў нацыянальным кнігавыданні была зроблена справа, якой можа ганарыцца сучасная Беларусь, — адзначыла першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, дэманструючы грунтоўнае выданне, якое выйшла ў двух тамах.

Як яна патлумачыла, першы том — гэта факсімільнае выданне летапісу, «такое, якое, на жаль, захоўваецца не ў беларускіх фондах, а ў Маскве». Другі том — гэта грунтоўная справа беларускіх навукоўцаў, якія дасканала вывучылі і пераклалі тэкст летапісу, каб сучаснікі маглі ўявіць, як жылі, аб чым марылі нашы продкі.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі». Тыраж факсімільнага тома — 100 экзэмпляраў, другога — 1 тыс. Паводле слоў члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, гісторыка, археолага Ігара Марзалюка, тэкст летапісу выдаваўся і раней, але зараз акрамя яго ўбачыў свет і весь навуковы зборнік.

— Гэтая кніга — унікальная крыніца старабеларускай мовы, багатай на дыялекты, — адзначыў прафесар.

Як сцвярджаецца, летапіс вёў мясцовы святар, які жыў у вёсцы Баркалабава. Ён запісваў усё, што бачыў на свае ўласныя вочы. Дарэчы, іскрынкай юбілейнага свята, па словах Ліліі Ананіч, павінна стаць устаноўка манументальна-скульптурнай кампазіцыі «Баркулабаўскі летапіс». У яе аснову пакладзены знакавыя элементы з гісторыі духоўнага і культурнага жыцця Быхаўскага краю: Баркулабаўскі летапіс і ікона Божай Маці Баркулабаўскай.

 Свята беларускага пісьменства па драбніцах збірае лепшыя літаратурныя набыткі, якія ёсць у кожным рэгіёне нашай краіны.

— У гэтым годзе мы маем добрыя набыткі на ніве айчыннага кнігавыдання. Летась было выдадзена звыш 11 тысяч назваў кніг тыражом больш за 35 млн экзэмпляраў, а ўжо сёлета толькі за першае паўгоддзе выдадзена 5.960 назваў кніг, агульны тыраж якіх перабольшыў 15 млн. Гэта значыць, што мы не зніжаем колькасныя і якасныя паказчыкі нацыянальнага кнігавыдання, — падкрэсліла Лілія Ананіч.

Яна адзначыла, што ў Быхаў прыедуць прадстаўнікі ўсіх гарадоў, якія раней прымалі свята. Яны заложаць памятную алею. А на цэнтральнай пляцоўцы фестывалю з’явіцца цэлая вуліца з павільёнамі, дзе кожная з дэлегацый будзе прэзентаваць свой рэгіён у літаратурна-гістарычным кантэксце. Нагадаем, у розныя гады сталіцамі Дня беларускага пісьменства на Міншчыне станавіліся Нясвіж, Заслаўе, Барысаў. Юбілейнае свята ўвабрала ў сябе ўсе добрыя традыцыі, закладзеныя раней, а таксама прапануе яго гасцям прыняць удзел у абсалютна новых мерапрыемствах.

Па традыцыі ўжо сёмы год запар выдавецкі дом «Звязда» правядзе міжнародны «круглы стол» на тэму «Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў. Ён пройдзе напярэдадні свята, 31 жніўня. Як паведаміў дырэктар выдавецкага дома «Звязда», старшыня Мінскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, падчас яго пройдзе і прэзентацыя праекта «Сугучча сэрцаў», які ўяўляе сабой 11 зборнікаў твораў беларускай літаратуры, перакладзеных на рускую мову, і літаратуры адной з краін СНД. Усё гэта стане падсумаваннем міжнародных стасункаў беларускіх пісьменнікаў.

Дарэчы, у Быхаве будзе працаваць вялікая колькасць пляцовак, на якіх пройдуць самыя розныя культурна-асветніцкія мерапрыемствы. Дзействы будуць працягвацца цэлы дзень. Праграма Дня беларускага пісьменства разлічана на розны ўзрост і густ: ад самых маленькіх да людзей сталага ўзросту, ад аматараў даўніны да тэатралаў. Будуць працаваць кніжныя выставы-продажы, вернісажы мастакоў. Пройдуць аўтограф-сесіі і творчыя сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, журналістамі, гісторыкамі, спарт­сменамі. Так, напрыклад, на адкрыццё басейна ў Быхаве завітае Аляксандра Герасіменя.

Юбілейнае свята будзе адзначана і своеасаблівым рэкордам: у небе над Быхавам спарт­смен-парашутыст Магілёўскага аэраклуба Павел Навіцкі разгарне сцяг Беларусі плошчай амаль 700 м 2. Палотнішча стане самым вялікім не толькі ў рэспубліцы, але і ў краінах СНД і Балтыі.

Вікторыя МАСКАЛЕНКА

https://www.traditionrolex.com/8