https://www.traditionrolex.com/8

Зусім нядаўна мне давялося наведаць невялікую, але гордую краіну – Чарнагорыю. Гэты край за апошнія некалькі гадоў стаў турыстычнай Мекай на карце Еўропы для беларускіх адпачываючых. Вядома, нездарма: клімат, геаграфічнае знаходжанне, даступнасць адпачынку – усё гэта так прыцягвае пакрыўджаных адсутнасцю сонца і мора беларусаў. Але мой аповед будзе трохі пра іншую Чорную Гару.

Мэтай маёй паездкі на ўскраек Балканаў было назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Чарнагорыі. Ужо тады я зразумеў, што змагу ўбачыць не хвалі Адрыятычнага мора з галькай уздоўж берагу, але жыццё звычайных чарнагорцаў, наведаць зусім не турыстычныя зоны гэтай балканскай краіны.

Так гістарычна склалася, што Чарнагорыя моцна павязаная з Сербіяй. Але правадзейсны прэзідэнт краіны Вуянавіч у 2007 годзе вывеў краіну са складу федэрацыі з Сербіяй, абвясціўшы незалежнасць Чарнагорыі. Па сённяшні дзень у краіне застаецца шмат прыхільнікаў саюзу з Сербіяй. У цягніку з Бару ў Падгорыцу я размаўляў з мясцовымі «вандроўнымі рок-артыстамі». Стан лёгкага алкагольнага ап’янення дазволіў ім больш разняволена весці гаворку з незнаёмым беларусам. Хлопцы самі інцыявалі размову, таму выкладвалі ўсё як на духу. Яны ганарова заяўлялі, што з’яўляюцца сербамі, хоць нарадзіліся і жывуць у Чарнагорыі, іх краіна мае толькі намінальную незалежнасць. На самой справе, Сербія і сёння для Чарнагорыі знаходзіцца ў статусе «вялікага брата»: харчовая, хімічная, перапрацоўчая, лёгкая і інш. прамысловасці ў Чарнагорыі адсутнічаюць – усё імпартуецца з Сербіі. Галоўнай галінай эканомікі Чарнагорыі ёсць турызм, і невялікая доля належыць горназдабычы.

Чарнагорыя – краіна з водарам кавы і тытуню. Кава на Балканах вельмі смачная, мае спецыфічны, адметны смак, лёгкі і мяккі (гурманы павінны мяне зразумець). Яе п’юць паўсюль і ў неймаверных аб’ёмах, што мне вельмі да спадобы. У дзень назірання давялося наведаць каля трынаццаці «пунктаў» для галасавання. У кожным з іх члены камісіі былі гатовыя з радасцю падаць кубачак кавы, прыгатаванай на мясцовы лад. Чаму месца для галасавання я ўзяў у двукоссе? Справа ў тым, што чарнагорцы надта не клапаціліся, дзе размясціць участак для галасавання. Напрыклад, у высакагорных рэгіёнах гэта былі тыповыя балканскія збудаванні. Але вельмі часта будынкі былі без вокнаў – без дзвярэй, з гнілою, або проста «разбомбленаю» столлю.

Вясна ў гэтым годзе прыпазнілася таксама і ў Чарнагорыі, таму на некаторых выбарчых участках для ацяплення выкарыстоўвалі змайстраваныя на месцы печкі-буржуйкі. У горных вёсках на ўчастку ў складзе камісіі былі пераважна мужчыны. Намагаючыся строга выконваць заведзеную працэдуру галасавання, у вольныя хвілінкі дазвалялі прапусціць чарку-другую мясцовай самагонкі – ракіі. Маўляў, гэта робіцца для падтрымання бадзёрага настрою і пачуцця свята. Як паведаміла эксперт з мясцовай няўрадавай арганізацыі, для чарнагорацаў выбары – гэта свята (знаёмая гісторыя). Заўважыў, што многія жанчыны сталага веку прыходзілі на ўчастак у доўгіх чорных спадніцах, чорных блузках ці гольфах, і абавязкова ў грубым мужчынскім пінжаку. Мяркую, гэта нейкі знешні архаічны элемент, змадыфікаваны ў ХХ стагоддзі жаночы народны гарнітур, які захоўваецца да нашых дзён.

Адзін з цікавых выпадкаў таксама адбыўся высока ў гарах: участак знаходзіўся ў мясцовым пахавальным бюро, ля ўваходу стаяла падрыхтаваная верхняя частка труны для нябожчыка, і ўжо на ўчастку нам паведамілі, што тут зараз рыхтуюцца да пахавання, таму ў складзе камісіі толькі два чалавекі, астатнія задзейнічаны ў пахаванні.

Пах тытуню і цыгарэтнага дыму – яны паўсюль: на ўчастках для галасавання, у кавярнях, у цягніках, у прыбіральнях, паўсюль, дзе толькі можна ўявіць, апроч хіба што аэрапорту. Паляць жанчыны і мужчыны ў неймаверных аб’ёмах. Гэта сапраўды ўражвае, а часам і здзіўляе. Абсалютным шокам было, калі на выбарчым участку, пад дзяржаўным сцягам, перад стосам бюлетэняў і іншых дакументаў усе прадстаўнікі камісіі запалілі цыгарэты, салодка пацягваючы дым. Але ўжо пазней, у кантэксце мясцовага дыскурсу, адметнае паленне перастала мяне так моцна здзіўляць.

Агулам, напрыканцы адзначу, што сапраўдная, нетурыстычная Чарнагорыя пакінула толькі станоўчыя і прыемныя ўражанні. Гэтая маленькая краіна з пунсовым сцягам здолела захаваць сваю аўтэнтычнасць, неістотна паддаючыся працэсам усеагульнай глабалізацыі. Упэўнены, што яшчэ шмат чаго вартага для асэнсавання можна знайсці на горных абшарах Чорнай Гары, але зраблю гэта ў наступны раз.

Ну, а выбары, з большага прайшлі ў адпаведнасці з усімі нормамі і патрабаваннямі міжнароднай дэмакратычнай супольнасці пад пільным наглядам назіральніцкай місіі беларусаў – удзельнікаў адмысловага праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка». Выніковую справаздачу назірання можна праглядзець тут: http://www.eotp.info/news/52875

https://www.traditionrolex.com/8