Как сообщает
Своеасаблівы сімвал Беларусі — лён. Без яго немагчыма ўявіць жыццё і народны побыт беларусаў. З лёну шылі вопратку, ручнікі, аздаблялі хату льнянымі сурвэткамі. Выкарыстоўвалі расліну і ў народнай медыцыне.
Гэта — толькі кароткі экскурс у гісторыю лёну. А вось больш падрабязна аб ёй раскажа адзіны на Дзятлаўшчыне музей лёну, размешчаны ў Раготнаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе.
Музей адкрыўся ў 2010 годзе. Экспазіцыі змяшчаюць інфармацыю аб ільнаводстве ў Беларусі, на Дзятлаўшчыне, адметнасцях перапрацоўкі расліны. Ёсць стэнды, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці Дварэцкага льнозавода, Аршанскага льнокамбіната. Яго вырабы змешчаны ў экспазіцыі музея.
Увогуле цяпер ён налічвае 102 экспанаты асноўнага фонду. Сярод іх ёсць і сапраўдны ткацкі станок, які па праву займае цэнтральнае месца ў музеі.
Кіраўніком музея з’яўляецца Вольга Карлаўна Антончык — таленавіты чалавек, аб чым сведчаць зробленыя ёю і яе дочкамі дэкаратыўныя вырабы з лёну, якія аздабляюць школьны музей.
За час работы музея ў ім адбылася не адна экскурсія. Гэта пацвярджае кніга водгукаў, на старонках якой — запісы аб прыемных ўражаннях ад убачанага, словы падзякі за працу на ніве захавання народнай спадчыны.