https://www.traditionrolex.com/8
<p><span style="background-color: #ffffff;">Дом-музей Адама Міцкевіча </span><span style="background-color: #ffffff;">штогод наведвае каля  21-22  тысяч чалавек, у тым ліку — кожны шосты наведвальнік —з-за мяжы.  Экскурсіі праводзяцца  на беларускай, рускай, польскай, англійскай і  нямецкай мовах</span></p>

Як паведамляе «Звязда»:

Пачатак сёлетняга года, абвешчанага ў Беларусі «кніжным», дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба адзначыў выхадам новай кнігі «Сэрцу мілая Айчына» (вобраз Радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча). Менавіта ў студзені, дарэчы, споўнілася 25 гадоў з часу першай публікацыі Мікалая Паўлавіча па гісторыі Навагрудчыны.

— Няўжо застаюцца загадкі, у якіх яшчэ не разабраліся гісторыкі і краязнаўцы? — пацікавіўся я ў Мікалая Гайбы, які мае, зразумела, неафіцыйнае, але ад таго не менш пачэснае «званне» летапісца Навагрудчыны.

— Напрыклад, такая дэталь. Маладога Адама Міцкевіча мастакі часта пішуць з каштанавым колерам валасоў. Мне сустрэлася апісанне знешняга выгляду паэта, якім яго бачыў сучаснік Алаіз Невяровіч. Дык, аказваецца, «валасы яго былі вельмі чорныя». І наўрад ці ён фарбаваўся!..

Увогуле, калі паглядзець у нашых бібліятэках, дык там ёсць творы Адама Міцкевіча, але даследчых кніг пра нейкія кірункі яго жыцця фактычна не знойдзем. Міцкевіча даследуюць у асноўным літаратары, філолагі, а не гісторыкі. Пры гэтым у беларускім міцкевічазнаўстве практычна не выкарыстоўваецца карэспандэнцыя Адама Міцкевіча, якая дае магчымасць зразумець яго грамадзянскую пазіцыю, бачанне ім сваёй Радзімы і стаўленне да яе. Магчыма, у Беларусі не так лёгка гэту карэспандэнцыю знайсці, але ў нашым музеі ёсць тры аб'ёмныя тамы пісьмаў Міцкевіча на польскай мове, два тамы перапіскі філаматаў, а таксама шэраг брашур, якія выходзілі ў 70–80-я гады ХІХ ст. з карэспандэнцыямі паэта. Чытаў і разумеў, што пра гэта ў кнігах пра Міцкевіча нідзе не напісана.

За 150 гадоў, што прайшлі пасля смерці Адама Міцкевіча, у Польшчы выдадзены сотні кніг па розных аспектах жыцця і творчасці: «Адам і Марыля», «Міцкевіч і грамадска-палітычнае жыццё», «Міцкевіч як настаўнік»... Але, мяркую, пра Адама Міцкевіча і Радзіму лагічна пісаць менавіта тут, у Беларусі — як пра земляка.

«Правінцыялізмы»? Я іх ужываў свядома!»

Ведаеце, напрыклад, што ў сваіх пісьмах Адам Міцкевіч восем разоў ужываў слова «Беларусь»? Не агульнавядомае «Літва! Мая Айчына!», а менавіта Беларусь. Напрыклад, у лісце да Ігната Дамейкі ад 7 студзеня 1839 года ён паведамляе, што «Янэк (Чачот) вярнуўся на Беларусь».

— У шырокім разуменні Літвой у часы Міцкевіча працягвалі лічыць усю тэрыторыю сучасных Беларусі і Літвы, паколькі яны на канец ХVІІІ ст. былі аб'яднаны ў Вялікім княстве Літоўскім, — гаворыць Мікалай Гайба. — Грамадзяне гэтай краіны называліся літвінамі. Літвінам лічыў сябе і Адам Міцкевіч, пра што ў кнізе «Сэрцу мілая Айчына» шмат пацвярджэнняў. У ХІХ ст. тэрыторыя былой вялікай дзяржавы складалася з розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў. Прычым менавіта сучасную Беларусь, на мой погляд, Міцкевіч і лічыў сваёй радзімай, пра якую пісаў: «Я маю край, Айчыну дум маіх». Гэта зразумелі ўжо ў ХІХ ст. — вядомы тагачасны даследчык Адам Кіркор у кнізе «Живописная Россия» (1882) заўважыў, што Адам Міцкевіч «па выхаванні, па першых працах сваіх належыць Літве, якая ва ўспамінах усяго яго жыцця, ва ўсіх яго творах зліваецца з Беларуссю».

2

Пакінула свой след у жыцці і творчасці Міцкевіча і сама беларуская мова, словы якой ён свядома выкарыстаў у шэрагу твораў. Вось, напрыклад, беларусізмы з паэмы «Пан Тадэвуш»: халадзец, каўтун, зашчапа, дзяркач, падвода, гарбуз, мятліца, незабудка, свірэпа, расол, атава, прызба, покуць, сені, пракосы, вырай. І гэты пералік далёка не поўны. У ранейшых польскіх выданнях пісалі, што гэта рэгіяналізмы, і давалі літаратурныя словы па-польску. Да таго ж варшаўскія крытыкі часта папракалі паэта за беларускія словы ў яго творах, за псаванне «польскага стылю», на што Адам Міцкевіч адказваў: «Прызнаюся, што я не толькі не асцерагаюся правінцыялізмаў, але, можа, свядома іх ужываю». Пісаў — як адчуваў.

«З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх песнях і казках ёсць усё... «Літоўскі Статут» напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай», — такую ацэнку вартасцям беларускай мовы даваў Адам Міцкевіч, працуючы выкладчыкам каралеўскага ўніверсітэта Каледж дэ Франс у Парыжы.

Магчыма, пры больш спрыяльных умовах ён пісаў бы творы і па-беларуску, але не было яшчэ ні беларускага чытача, ні беларускага выдаўца.

Дарэчы, цяпер, пры незалежнай Беларусі, я бачыў у Польшчы кнігі, дзе прызнаецца, што Міцкевіч выкарыстоўваў не рэгіянальныя польскія словы, нейкія дыялектызмы, а менавіта ўзятыя з беларускай мовы.

А вось апісанне яго родных мясцін у польскіх кнігах, як правіла, зводзіцца да выказвання, што Навагрудак — гэта невялічкае мястэчка ў Літве. Таму ў маёй кнізе зроблена спроба даць разгорнутую характарыстыку горада ў першай палове ХІХ ст., а таксама паказаць некаторыя моманты жыцця Навагрудка ў пазнейшыя часы, звязаныя з ушанаваннем памяці Міцкевіча.

Дзе пахаваны бацькі Адама Міцкевіча?

— У мяне добрыя творчыя стасункі са многімі міцкевічазнаўцамі (польскія калегі, дарэчы, ужо прапанавалі перавыдаць кнігу «Сэрцу мілая Айчына»), але, натуральна, ёсць і разыходжанні ў тых ці іншых ацэнках. Напрыклад, дзе пахаваны бацькі Адама Міцкевіча?

У прыватнасці, польскі даследчык Яраслаў Марэк Рымкевіч мяркуе, што хутчэй за ўсё там, дзе цяпер у Навагрудку гара Міндоўга. І, маўляў, калі ў тым месцы пахаваны бацькі Міцкевіча, то трэба надаць гары гэтае імя, пераназваць яе. Але, па-першае, Міндоўг для нас больш важны, чым для Польшчы. Няўжо думаюць, што ён нам не патрэбны? А па-другое...

У адпаведнасці з запісам у рэгістрацыйнай кнізе, Барбара Міцкевіч была пахавана на дамініканскіх могілках у Навагрудку. Сёння ў горадзе няма могілак з такой назвай. Што ж мелася на ўвазе? Сапраўды, на пачатку ХІХ ст. на гары Міндоўга знаходзіліся могілкі. Аднак я знайшоў успамін Вінцэся Каратынскага, які сцвярджаў, што дамініканскаму касцёлу і раней, і ў сярэдзіне ХІХ ст. належалі іншыя могілкі. З яго апісання я зрабіў выснову, што на сённяшні час гэта так званыя старыя хрысціянскія могілкі, якія існуюць цяпер непадалёк ад гарадскога цэнтра. Праўда, надмагільных помнікаў Міцкевічаў там пакуль не выяўлена. (Заўважым, што Мікалай Гайба выдаў кнігу «Могілкі і пахаванні ў Навагрудку». — Б.П.)

Чаму пасля «Пана Тадэвуша» Міцкевіч больш не пісаў вершаў?

— Гэтае пытанне мяне цікавіць нават больш, чым асабістае жыццё Адама Міцкевіча. Чаму паэмай «Пан Тадэвуш», якая была апублікавана ў 1834 годзе, фактычна завяршаецца яго паэтычная творчасць? Хоць пазней ён пісаў вершы, але пры жыцці паэта яны нідзе не друкаваліся.

Тлумачэнняў гэтаму можна знайсці некалькі. Так, былі сямейныя абставіны: выдаў паэму, цераз месяц ажаніўся, шасцёра дзяцей, доўгі час жонка хварэла, сям'я перажывала матэрыяльныя нястачы... Але, пэўна, прычына і ў тым, што далёка ад Радзімы ён не адчуваў таго жыцця, пра якое мог бы напісаць. Ён напісаў на французскай мове тры п'есы, але гэта каб пракарміцца, а не для душы. У адным з пісьмаў Міцкевіч заўважыў, што «мне неяк шкада перастаць быць літвінам, ды й не па душы ператварацца ў француза». Літвінам ён застаўся ў сваёй душы і думках да канца жыцця.

А галоўным, на маю думку, было тое, што Міцкевіч прад'яўляў да самога сябе і паэзіі вельмі высокія патрабаванні. Ён пісаў у той час: «...Сапраўдная паэзія нашага часу, можа, яшчэ не нарадзілася. Мне здаецца, што вернуцца тыя часы, калі трэба будзе быць святым, каб быць паэтам». І яшчэ: «Я пераконваюся, што занадта шмат жыў і працаваў толькі дзеля свету, дзеля пустых пахвал і дробных мэт. Я, відаць, ніколі не вазьму ў рукі пяра для забаўкі. Толькі тое варта працы, што можа чалавека выправіць або навучыць мудрасці».

Ці запатрабаваны сёння музей?

Цяпер у Доме-музеі Адама Міцкевіча дэманструецца выстава работ землякоў паэта, навучэнцаў мастацкага аддзялення Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў — усе іх працы на тэму апетага паэтам возера Свіцязь і легендарнага горада, што там быў. Вялікі гонар для юных аўтараў!

Ды і прафесіяналы лічаць прэстыжным праводзіць у музеі выставы, творчыя сустрэчы, канцэрты. Напрыклад, летась тут выступілі камерныя калектывы Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

3

А што датычыцца экскурсантаў, то ўжо стабільна музей штогод наведвае каля 21-22 тысяч чалавек, у тым ліку — кожны шосты наведнік —з-за мяжы. Экскурсіі праводзяцца на беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай мовах.

— Бываюць госці з краін Азіі, Афрыкі, Амерыкі, якія, можа, ніколі пра Міцкевіча і не чулі. А паколькі турызм — гэта адзін з відаў адпачынку, то мы стараемся не «грузіць» чалавека інфармацыяй, а даць «зачэпку», каб у яго засталася нейкая асацыяцыя пры ўзгадванні Адама Міцкевіча. А далей захоча — пойдзе ў бібліятэку і будзе чытаць творы паэта і кнігі пра яго, — зазначае Мікалай Гайба.

Навагрудак і музей Адама Міцкевіча ўключаны ў шэраг турыстычных маршрутаў. Праўда, некаторым экскурсаводам бракуе адпаведных ведаў.

— Бывае, прыслухаешся ў горадзе — і такое глупства гіды расказваюць!.. Напрыклад, чуў асабіста, адзін турыст пытаецца, калі быў разбураны замак. Фашысты, кажа гід, разбурылі. Дык ён жа да Другой сусветнай вайны ўжо 300 гадоў фактычна такім, як сёння, стаяў!.. Падобныя глупствы чуў і ў аповедах некаторых гідаў пра Адама Міцкевіча і наш музей.

— Прачытаюць, Мікалай Паўлавіч, вашу кнігу «Сэрцу мілая Айчына» — будзе менш памылак...

— А магчыма, у нечым паправяць і мяне...

Барыс ПРАКОПЧЫК

https://www.traditionrolex.com/8