Як паведамляюць «Навiны Камянеччыны»:
Па ўражанні зусім не абавязкова ехаць за трыдзевяць зямель. Варта толькі аднойчы выбрацца з дому ў час водпуску, у выхадныя ці ў дні школьных канікулаў або, калі праездам апынецеся на дарозе Каменец-Белавежскі, звярнуць з яе ў бок Перкавічаў. Шлях праз вёску, некалькі паваротаў – і вось яны, збудаванні былой калгаснай зверафермы, з прыбудаванымі вальерамі, дзе прагульваюцца грацыёзныя птушкі ростам да двух метраў і вагою больш за сотню кілаграмаў. Нязменна побач – гаспадар, увага якога патрабуецца тут штодня.
Гаспадарка Валерыя Яскаўца – фермерская (больш за 30 гектараў зямлі), але ў задумках з самага пачатку быў разлік, што і на турыстычным маршруце па Камянеччыне яна будзе дарэчы. Праўда, пакуль тут не могуць прапанаваць, як у кафэ пры страусавай ферме ля Кобрына, стравы са страусяціны, вырабы мастацкай майстэрні. Аднак далучыцца да экзатычнага «харчу» можна і ў Перкавічах. Напрыклад, набыць гіганцкае яйка, вагой да паўтара кілаграма, каб зварыць (на гэта спатрэбіцца больш як гадзіна) ці спячы. За адзін прысест яго не з’есці – хіба што кампаніяй. Цяпер, пасля зімы, страусы зноў пачынаюць несці яйкі – гэтую здольнасць птушка захоўвае на працягу 40 гадоў. Частка яек будзе закладзена ў інкубатары для аднаўлення статку. Ды і заказы на страусавых птушанят ужо атрымалі. А гаспадар вядомага на Пружаншчыне турыстычнага комплексу «БелавежТур» Мікалай Бурнос збіраецца набыць тут поўную сям’ю страусаў – траіх асобін. Ён жа дапамог Яскаўцам наладзіць і збыт страусавага мяса ў Санкт-Пецярбурзе, пасля таго як пакаштаваў прыгатаванае Юліяй са страусяціны. Натуральнае і экзатычнае. Рэалізуюць гаспадары мяса і ў Брэсце. Кошт яго не вышэй, чым бараніны і цяляціны.
Страусы любяць прастору. Таму і пад дахам іх не абмяжуеш некалькімі «квадратамі» на асобіну. Валерый мае намер павялічыць статак да 200 галоў. Але гэта магчыма пры наяўнасці памяшканняў, якія прыходзіцца дабудоўваць…
Фермерскі надзел забяспечвае страусаў (іх цяпер 80–90 галоў) кормам. Сена, фуражнае зерне, нетаварная агародніна, бульба – усё прыдасца на ферме. Бульбы летась мелі 15 гектараў, ураджай – выдатны, бо насенка была элітнай і 1-й рэпрадукцыі. І гэтымі днямі ўсё яшчэ наведваюцца купцы сюды па бульбу, якой да вясны захавалі больш за 100 тон.
Хоць цана на яе невысокая, але расчараванне Яскаўцам не ўласціва: адмаўляцца ад бульбы Валерый не збіраецца. Да таго ж і памочнік адмысловы ў сям’і з’явіўся – бульбаўборачны камбайн. Хоць ён і аднарадковы, летась не толькі сваю бульбу гаспадар з ім «адолеў», але і другім дапамог. Сёлета плануе змяніць камбайн на двухрадковы.
Валерый і Юлія Яскаўцы, у якіх падрастаюць двое сыноў, знайшлі ў вёсцы цікавую справу, якая пачыналася з пакупкі трох дарослых птушак у 2007-м. Моцна ў руках трымаюць сваю сініцу (чытай – страуса), ніколі не шукалі жураўля ў горадзе. І хоць той цікавы занятак звязаны з нялёгкай сялянскай працай, але мэта – вялікая сіла. У найбліжэйшых планах сям’і значыцца добраўпарадкаванне пад’язной дарогі да фермы, экскурсійнай сцежкі вакол вальераў, каб наведвальнікам было больш зручна. Сюды не раз зазіралі ўжо арганізаваныя групы школьнікаў і цікаўныя дарослыя. З’явяцца на дарозе і ўказальнікі, каб турыст у пошуку страусавай фермы не ператвараўся ў следапыта. Магчыма, з часам ён зможа паспытаць тут і страусавыя каўбаскі, і амлет… Юлія ва ўсіх ідэях і пачынаннях падтрымлівае мужа. Тым больш, што яны не застаюцца фантазіяй, а паступова рэалізуюцца; і зарабіць сям’я можа столькі, колькі трэба на жыццё, і сынам-школьнікам урокі працоўнага выхавання на сямейнай ферме даспадобы. Вось толькі на адпачынак у Карпатах, якія Юлія марыць паказаць дзецям, часу пакуль не стае.
Галіна НОВІК