https://www.traditionrolex.com/8
<p>У замку поўным ходам вядуцца будаўнічыя работы, між іншым, вароты яго ні дня не бываюць зачыненымі для гасцей горада, турыстаў, мясцовых аматараў гісторыі. Штодзень тут праходзяць экскурсіі, папулярнасцю карыстаецца анімацыйная праграма «Вяселле Ягайлы»</p>

Як паведамляе «Лидская газета»:

У замку поўным ходам вядуцца будаўнічыя работы, між іншым, вароты яго ні дня не бываюць зачыненымі для гасцей горада, турыстаў, мясцовых аматараў гісторыі. Штодзень тут праходзяць экскурсіі, папулярнасцю карыстаецца анімацыйная праграма «Вяселле Ягайлы», што рэалізуецца з дапамогай турыстычнага агенцтва «Святавіт».

Але набліжаецца новы сезон, і да яго супрацоўнікі гісторыка-мастацкага музея ўжо грунтоўна падрыхтаваліся. У мінулы чацвер яны прапанавалі прэзентацыю новых праектаў, якія будуць сёлета рэалізаваны.

Турыстаў правялі па замкавых калідорчыках з крутымі лесвіцамі і паказалі памяшканні, у якіх не проста пануе атмасфера Сярэднявечча – яны напоўнены жыццём у поўным сэнсе гэтага слова.

У адной з залаў размясцілася экспазіцыя «Гербы Лідчыны». Галоўнае месца ў ёй займае герб Ліды, якому, дарэчы, 420 гадоў, але не меншую цікавасць выклікаюць гербы лідскай шляхты. А ў другім памяшканні распачала працу «Сярэднявечная майстэрня»… Тут уласнаручна плятуцца сапраўдныя кальчугі, ствараюцца ўпрыгожванні і розная атрыбутыка, аднаўляюцца сярэднявечныя касцюмы. Немалую цікавасць выклікае наведванне «залы рэканструкцыі гістарычных падзей», дзе можна не толькі ўбачыць, дакрануцца, але і нават прымерыць даспехі, шлемы, абутак, якія насілі сярэднявечныя жыхары Ліды. Можна ўзяць у рукі кап’ё ці меч, паназіраць, як востраць стрэлы ды рыхтуюцца да чарговых баёў воіны. У гэтым сэнсе цікавай будзе і выстава зброі Вялікага княства Літоўскага, якую арганізавалі ўдзельнікі рыцарскага клуба «Дайнава».

У паўзмроку мільгнула прыгожая сярэднявечная дама… І турысты па вузкім калідорчыку рушылі далей, каб у яве апынуцца на тэрыторыі сярэднявечнай Ліды. Вось у троннай зале сабраліся кароль і яго верныя слугі, слаўныя рыцары, мечнікі, музыкі, дамы сэрца… На вачах у прысутных адбываюцца пасвячэнне ў рыцары і сапраўдны рыцарскі бой, які прыносіць воінам доблесць і славу ва ўсім наваколлі і далёка за ім. «Слава каралю!» – выкрыкваюць рыцары. «Слава каралю!» – міжволі вырываецца ў прысутных, уяўленне якіх усё яшчэ там, у мінуўшчыне.

– Новыя праекты ўжо пачалі працаваць у Лідскім замку, і пабачыць іх можа кожны жадаючы, – адзначае дырэктар гісторыка-мастацкага музея Ганна Драб. – Асабліва карыснымі экскурсіі ў замку будуць для індывідуальных наведвальнікаў, якія змогуць прыгледзецца, дакрануцца да прадметаў часоў Вялікага княства Літоўскага, прымерыць вопратку, кальчугу, даспехі, адным словам, апынуцца ў той атмасферы.

Летам жа ў замку пачне працаваць яшчэ адзін блок – па выхадных днях можна будзе наведаць экскурсіі з рыцарскім абходам замка пад гукі званоў у Фарным касцёле.

Па словах Ганны Мікалаеўны, знакавай падзеяй з’яўляецца вяртанне ў замак рыцараў, удзельнікаў рыцарскіх клубаў, а таксама моладзі, якая аб’ядналася ў гурток ваеннай гісторыі. Жамчужына нашай зямлі – гэта Лідскі замак, сёлета яна перажывае новы віток гісторыі.

Вольга ЯХАНТАВА

https://www.traditionrolex.com/8