Зрабіць музей савецкай гісторыі пад адкрытым небам, паставіць туды помнік Леніну, стары аўтамат з газіроўкаю… Улады Савецкага раёну Гомля раскручваюць брэнд «савецкі» ды прымяраюць ідэю стварэння кутка савецкай гісторыі, паведамляе
Куды падацца Леніну?
У Савецкім раёне Гомля паўстала праблема: што рабіць з адзіным помнікам Леніну. Рэч у тым, што на месцы ААТ «Сантэп», якое мусяць ліквідаваць, паставяць новы бізнес-цэнтр. І помнік правадыру пралетарыяту, які стаіць на гэты месцы, наўрад ці ўпішацца ў новы ўрбаністычны пейзаж. Гэтак і нарадзілася ў раённых уладаў ідэя стварыць куток савецкай гісторыі.
Зараз разглядаецца два варыянты лёсу Ільіча: альбо рамантаваць, бо помнік перабывае ў аварыйным стане, альбо перасяліць на іншую пляцоўку. У другім выпадку Гомель можа стаць першым у краіне горадам, што нарэшце набраўся смеласці ды знайшоў для Леніна належнае месца – сярод гістарычных экспанатаў.
Брэнд «Савецкі»
Як паведаміў службе інфармацыі «Белсату» старшыня адміністрацыі Савецкага раёну Гомля Алег Вялічка, ідэя кутка савецкай гісторыі звязаная з PR’ам брэнду «савецкі».
«Наш раён носіць назву «Савецкі», і мы папулярызуем гэта, робім брэндам. Стараемся на лагатыпах пісаць гэтае слова. І пры абмеркаванні пытання гісторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі раёну з’явілася ідэя зрабіць куток савецкай гісторыі са старымі атрыбутамі савецкага часу. Калі мы рэалізуем задачы на гэты год, то падумаем над будучай праграмаю развіцця раёну ў звязку з гэтай ідэяй», – кажа спадар Вялічка.
Такім чынам, першы ў Беларусі вулічны музей савецкай гісторыі з помнікам Леніна ў цэнтры можа з’явіцца ўжо налета.