https://www.traditionrolex.com/8
<p>У самым цэнтры Паставаў на маляўнічым беразе возера, утворанага ў рэчышчы Мядзелкі, у старажытным будынку ў свой час пасяліліся творчыя людзі. Іх суполка завецца Дом рамёстваў «Стары млын»<strong></strong></p>

У самым цэнтры Паставаў на маляўнічым беразе возера, утворанага ў рэчышчы Мядзелкі, у старажытным будынку ў свой час пасяліліся творчыя людзі. Іх суполка завецца Дом рамёстваў «Стары млын». Назва, дарэчы, адпавядае даўнішняму прызначэнню пабудовы, паведамляе "Народнае Слова".

У горадзе з пракаветных часоў сяліліся працавітыя, творчыя людзі. На цэнтральнай плошчы гістарычнага цэнтра дагэтуль захаваліся крытыя гандлёвыя рады, дзе можна было набыць тавар на любы густ. Бо тут жа ў «залаты век» Антонія Тызенгаўза рабілі практычна ўсё. Месцічы і валёнкі валялі, і ткалі. Там, дзе зараз гарадскі парк (пастаўчане яго і сёння завуць «гарбарка»), жылі татары, якія ў гарбарні абраблялі шкуры.

Была тут і паясарня, дзе майстры выраблялі паясы накшталт знакамітых слуцкіх, шылі залатымі і срэбнымі ніткамі на ядвабнай аснове. А для стварэння адмысловых керамічных вырабаў з высокай якасцю абпалу гліны прывезлі нават майстроў з няблізкіх Івацэвічаў…

Якія ж заняткі для душы знаходзяць тутэйшыя творчыя людзі сёння? Ды такія ж, мабыць, як і іх майстравітыя папярэднікі: ткуць на станках, як Алена Крывенькая. Яна сцвярджае, што яе праца – гэта спрыт ног, рук і, канешне ж, галавы. Плятуць з саломкі, робяць габелены. Ёсць свае керамічная і сталярная майстэрні... Самі творцы ездзяць па гарадах і вёсках закупляць неабходныя матэрыялы.

Штатны калектыў складаецца ўсяго з сямі чалавек. Дырэктар Таццяна Петух займае гэтую пасаду з 1998 года. Таццяна Мікалаеўна тутэйшы феномен тлумачыць проста: «Мы – еўрапейскі памежны рэгіён, а такія заўсёды лепей развіваюцца, захоўваюць культурныя здабыткі. У цэнтры Беларусі гэта ўжо трохі размываецца. А тут вельмі адчуваецца блізкасць Літвы, Латвіі, якія захавалі і мову, і традыцыі. Адкрываю каталогі літоўскага ткацтва – гэта ж ўсё наша!» Т. Петух лічыць, што айчынных вырабаў можна не саромецца. У тым жа Кітаі запатрабаваныя беларускія народныя строі, карыстаюцца попытам паясы ды кашулі.

У розныя творчыя гурткі прыходзяць займацца мясцовыя школьнікі. Летам традыцыйна больш дарослых, нават расіяне прыязджаюць на спецыяльныя курсы. Дом рамёстваў ні ў якім разе не з’яўляецца замкнёнай структурай. Наладжаны сталыя сувязі з калегамі. Частыя госці – студэнты мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.Машэрава. Людзі прыязджаюць на рэгулярныя выставы.

Актыўна наладжана экскурсійнае ўзаемадзеянне з Пастаўскім цэнтрам турыстычных паслуг. Напрыклад, сёлета ў рамках масленічнага праекта прымалі па 10-15 груп у дзень. Багата жадаючых было зазірнуць сюды і ў Вербную нядзелю, і ў велікодны час…

IMG_9528

Разам з Домам рамёстваў у «Старым млыне» месціцца і калектыў раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра народнай творчасці. Тут заўсёды вясёлая атмасфера са спевамі, музыкай, гульнямі. Такая, якая і павінна быць у асяроддзі творчых людзей, што не даюць згаснуць духу нашага народа.

https://www.traditionrolex.com/8