https://www.traditionrolex.com/8
<p>У мінулым годзе Беларусь выдала палякам 70 тысяч віз. У параўнанні з 244 тысячамі польскіх віз, выдадзеных грамадзянам Беларусі, гэтая лічба, можа, і не падасца вельмі вялікай, але яна ўсё ж значная. Што прываблівае палякаў у Беларусі і што перашкаджае ім прыязджаць сюды часцей?</p>

У мінулым годзе Беларусь выдала палякам 70 тысяч віз, паведамляе Polskie Radio S.A. У параўнанні з 244 тысячамі польскіх віз, выдадзеных грамадзянам Беларусі, гэтая лічба, можа, і не падасца вельмі вялікай, але яна ўсё ж значная. Што прываблівае палякаў у Беларусі і што перашкаджае ім прыязджаць сюды часцей?

Палякаў у Беларусь прыцягвае сумесная гісторыя, блізкая культура, а таксама «аўтарытарны экстрым», кажа польскі музычны крытык Марцін.

Марцін: У Беларусь едуць тыя, хто цікавіцца гісторыяй, хацелі б пабачыць Навагрудак, Гродна, Пінск. Ёсць таксама жаданне адчуць пэўны экстрым. Ёсць людзі, якія хочуць убачыць, як праходзяць выбары, як арганізуюцца мітынгі. Ёсць таксама вялікая колькасць тых, якія проста жадаюць пазнаёміцца з беларусамі, з беларускай культурай, зразумець, што ў нас, беларусаў і палякаў, агульнага.

Польскі інжынер Пётр плануе неўзабаве паехаць у Беларусь. Сваю цікавасць ён тлумачыць наступным чынам.

Пётр: Беларусь прываблівае сваёй «іншасцю». Я там некалі ўжо быў, а цяпер хацеў бы паказаць яе сваім сябрам. Гэтая краіна прыцягвае сваім «усходнім каларытам». Акрамя таго, Беларусь мае вельмі неадназначны палітычны строй, і мне вельмі хацелася б убачыць, як там выглядае паўсядзённае жыццё.

Пётр хацеў бы паездзіць па Беларусі з палаткай, але аказваецца, што згодна з беларускімі законамі гэта немагчыма. Каб атрымаць візу, трэба мець адрас пражывання. Яго пацвярджае рэзэрвацыя з гатэля, пуцёўка турыстычнай фірмы ці хаця б пісьмовая заява ад грамадзяніна Беларусі, што ты будзеш жыць у яго. Запрашэнне – асноўная перашкода, якая адахвочвае палякаў ад паездкі ў Беларусь, кажа Пётр.

Пётр: Вельмі мала людзей, якія плануюць паездку ў Беларусь, могуць загадзя прадказаць, дзе яны будуць жыць, у каго папросяць запрашэнне. Адна з маіх знаёмых збіралася ехаць у Беларусь, сабрала ўсе дакументы, але ніхто ёй не растлумачыў, што абавязкова трэба мець запрашэнне ад прыватнай асобы альбо пацвярджэнне рэзэрвацыі з гатэля. Галоўная праблема – гэта не кошты візы, а менавіта запрашэнне. Мы вельмі часта бываем ля мяжы Беларусі, хацелі б туды выбрацца на пару дзён, але з-за візавых фармальнасцяў гэта проста немагчыма.

Акрамя неабходнасці мець беларускі адрас, замежнікам, якія прыязджаюць больш чым на чатыры дні, перашкаджае іншая фармальнасьць – неабходнасць рэгістравацца ў мясцовых органах унутраных спраў. Пра гэта распавядае перакладчыца Вераніка.

Вераніка: Нават калі ты едзеш без палаткі, а проста да добрага знаёмага, могуць узнікнуць складанасці. Калі да аднаго сябра едуць 5 чалавек, у пасольстве ўжо ўзнікаюць пытанні. Гэта значыць, падаваць 5 разоў адзін і той жа адрас пражывання праблематычна. Калі ты не ведаеш адраса, а хочаш за невялікія грошы паглядзець краіну, то тады ты павінен зарэгістравацца на сайце каўч-сёрфераў і знайсці знаёмых, якія б былі гатовыя выслаць табе запрашэнне. Калі ў візавай анкеце ты падаў адрас знаёмага, які прапісаны ў Гомелі, то праз чатыры дні ты разам з гэтым жа чалавекам абавязкова павінен паехаць у Гомель і зарэгістравацца, а гэта не вельмі прыемная працэдура. Рэгістрацыя стварае прывязанасць турыста да аднаго месца.

Іншых вялікіх перашкод для атрымання беларускай візы няма, кажа Вераніка. У беларускіх консульствах у Польшчы няма вялікіх чэргаў, персанал ставіцца на наведвальнікаў ветліва, і візы выдаюцца на працягу пяці дзён.

Праўда, замежнікам з па-за Еўропы візы атрымаць нашмат цяжэй. Грамадзяне Мексікі ці, напрыклад, Алжыру ў дадатак да ўсіх дакументаў павінны мець запрашэнне, зацверджанае ў органах унутраных спраў. Для грамадзян большасці краін свету беларускія аднаразовыя візы каштуюць 60 еўра. А вось грамадзянам ЗША дазвол наведаць Беларусь абыдзецца ў два разы даражэй – у 160 долараў.

https://www.traditionrolex.com/8