https://www.traditionrolex.com/8
<p>У планетарыі спектр паслуг з кожным годам пашыраецца: там ладзяць адукацыйныя лекцыі для школьнікаў рознага ўзросту і студэнтаў, ёсць папулярныя праграмы для шырокага кола слухачоў — турыстаў, наведвальнікаў парку. Існуюць таксама індывідуальныя мерапрыемствы кшталту «Неба на дваіх» і «Зорнае вяселле» — гэткі рамантычны сеанс для маладых. Хутка плануецца ўвесці тэлескапічныя назіранні ля планетарыя і фотасесію пад зорным небам</p>

Калі ісці ў Мінску па галоўнай алеі парку імя Горкага і адразу ля ўвахода трошкі збочыць направа, можна трапіць у чароўнае месца. Мы прызвычаіліся да таго, што зоркі можна пабачыць толькі ноччу, але супрацоўнікі сталічнага планетарыя — а мы наведаліся менавіта сюды — здольныя расказаць і паказаць усё зорнае неба ў любы час і пару года пры любым надвор'і...

— Наш планетарый адчыніў свае дзверы летам 1965 года, — расказвае загадчык Аляксандр Мікуліч. — Гэта адзіны публічны планетарый, які застаўся ў Беларусі. Зорная зала, якая змяшчае 120 гледачоў, абсталявана купалападобным экранам і оптыка-механічным апаратам «Планетар», вырабленым у ГДР. Праекцыйны апарат таксама мае разнастайныя тэхнічныя магчымасці, паведамляе «Звязда».

У шасціметровай вежы абсерваторыі ўсталяваны тэлескоп-рэфрактар. З дапамогай гэтага аптычнага інструмента пад кіраўніцтвам кампетэнтных спецыялістаў наведвальнікі могуць назіраць Сонца і плямы на ім (дзённае назіранне), Месяц, планеты Венеру, Марс, Юпітэр, Сатурн, характэрныя імглістасці.

У планетарыі спектр паслуг з кожным годам пашыраецца: там ладзяць адукацыйныя лекцыі для школьнікаў рознага ўзросту і студэнтаў, ёсць папулярныя праграмы для шырокага кола слухачоў — турыстаў, наведвальнікаў парку. Існуюць таксама індывідуальныя мерапрыемствы кшталту «Неба на дваіх» і «Зорнае вяселле» — гэткі рамантычны сеанс для маладых. Хутка плануецца ўвесці тэлескапічныя назіранні ля планетарыя і фотасесію пад зорным небам. Неабходнае абсталяванне ўжо ёсць, на доўгіх вытрымках можна зрабіць цудоўныя кадры. Па словах загадчыка, займае гэта 5–10 хвілін, і ў планетарыі адразу можна раздрукаваць здымак.

З дапамогай супрацоўнікаў планетарыя можна прыдумаць шмат рамантычных падарункаў, а вось зорку з неба для каханай можна дастаць толькі на словах — такую папулярную ў апошні час паслугу, як продаж сертыфікатаў на зоркі, планетарый не падтрымлівае.

У Мінску, вядома, ёсць прыватныя арганізацыі, якія аказваюць такую паслугу, але гэта не пажадана, бо гэтыя падарункі не ўхваляе Міжнародная астранамічная асацыяцыя. На іх сайце так і напісана: «Вы, безумоўна, можаце набыць сертыфікат у падарунак, але ў каталогі яна будзе занесена не пад тым імем, якое вы ёй даяце, а пад агульнапрынятай назвай». Таму фактычна гэта тое ж самае, што купіць проста прыгожую паперку.

Паход у планетарый — забава не толькі для дзяцей і закаханых, таксама там ёсць гурткі для моладзі. Падчас летніх канікулаў гурткі спынялі сваю дзейнасць, але хутка зноў пачынае працаваць клуб аматараў астраноміі, у якім займаюцца 40 чалавек.

Справа гэта аматарская, таму навукай сур'ёзна там не займаюцца. Хтосьці з куратараў назірае і фіксуе даныя пра розныя астранамічныя з'явы, напрыклад, перакрыцці зоркі астэроідамі. Але гэта ўсё трымаецца выключна на энтузіязме, і грошы на гэтым ніхто не зарабляе.

Сам гурток пачаў працаваць у 2008 годзе. Ён аб'ядноўвае апантаных студэнтаў, старшакласнікаў і працоўную моладзь, якія хочуць навучыцца карыстацца тэлескопам і атрымаць новыя веды па астраноміі і касманаўтыцы. Запісацца можа кожны, але спачатку трэба патэлефанаваць і даведацца, калі адбудзецца наступная сустрэча.

— Зараз мы арганізоўваем дзіцячы гурток, — дадае Аляксандр Мікуліч. — Падрабязная інфармацыя пра яго — у нас на сайце.

Апошнім часам цэны трошкі павялічыліся, але гэта не асабліва паўплывала на колькасць наведвальнікаў. За год мінскі планетарый наведвае каля 40 тысяч дзяцей і дарослых, гэта даволі вялікая колькасць для такога невялікага планетарыя, і народу заўсёды хапае. Галоўныя наведвальнікі — школьнікі (каля 70%), бо большасць праграм менавіта на іх і разлічана. Звычайна інтарэс да лекцый павялічваецца з пачаткам вучэбнага года, але зараз кола паслуг пашыраецца, і таму нават летам наведвальнікаў было шмат.

— Хутка ў нас круглая дата — планетарыю спаўняецца 50 гадоў. Мы спадзяёмся, што юбілей сустрэнем у адноўленым будынку, з новымі абсталяваннем і тэлескопамі, — адзначае загадчык. — Таксама плануецца зрабіць прыбудову, але захаваць адметную своеасаблівую архітэктуру. Поўны праект рэканструкцыі ўжо гатовы. Хацелася б, каб рэканструкцыя стала першым крокам да развіцця планетарыяў у Беларусі.

Для таго каб трапіць у планетарый, можна набыць квіток на праграму выхаднога дня (афіша ёсць ля ўваходу і на сайце) ці запісацца па тэлефоне і далучыцца да групы ў будні дзень. Можна таксама сабраць сваю групу (ад 10 чалавек) і замовіць прыватную экскурсію.

Настасся Храловіч 

https://www.traditionrolex.com/8