https://www.traditionrolex.com/8
<p>«Быць ці не быць слуцкаму поясу?» — такое пытанне сёння не стаіць: наватканыя слуцкія паясы неўзабаве з'явяцца, папоўняць сувенірны фонд і стануць адным з галоўных брэндаў нашай краіны. Аднак па якой тэхналогіі будуць вырабляцца паясы, на падставе якіх матэрыялаў і на якім абсталяванні<strong></strong>?</p>

«Быць ці не быць слуцкаму поясу?» — такое пытанне сёння не стаіць: наватканыя слуцкія паясы неўзабаве з'явяцца, папоўняць сувенірны фонд і стануць адным з галоўных брэндаў нашай краіны. Аднак тое, па якой тэхналогіі будуць вырабляцца паясы, на падставе якіх матэрыялаў і на якім абсталяванні, абмяркоўвалася на «круглым стале», арганізаваным Інстытутам культуры Беларусі, паведамляе «Звязда».

Спецыяліст Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля АДАШКЕВІЧ паведаміла, што праца па стварэнні новых слуцкіх паясоў ідзе поўным ходам.
 
Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам праведзены навукова-даследчыя работы па праекце «Распрацоўка тэхналогій вырабу аналагаў слуцкіх паясоў». Для іх вытворчасці вырашана выкарыстоўваць сучаснае ткацкае абсталяванне, таму з германскай фірмай «Магеба» заключаны кантракт на набыццё сучасных станкоў. Расказала Наталля Адашкевіч і пра тэхналогію вытворчасці:

— Варыянт пошуку і набыцця аўтэнтычнага станка і вырабу слуцкіх паясоў менавіта на ім разглядаўся не толькі Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта, але і Акадэміяй навук, і Нацыянальным мастацкім музеем. Аднак было вырашана, што ўзнаўляць працу старога станка будзе нашмат даражэй, чым набыць новы з тымі тэхнічнымі характарыстыкамі, якія патрэбны для стварэння слуцкага пояса. Сама тэхналогія вытворчасці стваралася Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, пасля зацвярджалася і Інстытутам мастацтвазнаўства, і Міністэрствам культуры. Пакуль распрацавана тэхналогія толькі аднаго пояса, які знаходзіўся ў Інстытуце мастацтвазнаўства, — таго, што можна было ўзяць, разгледзець пад мікраскопам, вывучыць. У далейшым кожны новы пояс таксама будзе стварацца толькі пры наяўнасці арыгінальнага вырабу. Такім чынам, пад кожны гістарычны выраб будзе стварацца асобная тэхналогія.

Наталля Адашкевіч запэўніла, што гэта толькі пачатковы этап працы, і дадала, што ў праграме ёсць пункт, згодна з якім наша краіна, верагодна, будзе набываць арыгінальныя паясы ў замежных калекцыянераў, музеяў. Пра тое, што набыццё аўтэнтычных слуцкіх паясоў і стварэнне асобнага музея, — надзвычай важны пункт праграмы, гаварыла начальнік аддзела Інстытута культуры Беларусі Ала СТАШКЕВІЧ:

— Мы маем зусім небагатую калекцыю слуцкіх паясоў — толькі 11, але і з іх не ўсе рабіліся ў Слуцку. І як мы можам пры наяўнасці такой нерэпрэзентатыўнай калекцыі траціць дзяржаўныя сродкі на адраджэнне паясоў, калі на гэтыя грошы можам купіць некалькі калекцый слуцкіх паясоў і ганарыцца імі? Ніколі копія не будзе раўназначнай па каштоўнасці арыгіналу. З цягам часу арыгінал будзе толькі ўзрастаць і ў кошце, і ў каштоўнасці. Копія Рэмбрандта нічога не вартая на аўкцыёне, у той час як сам Рэмбрандт — гэта некалькі мільёнаў долараў! Тое ж і з нашымі слуцкімі паясамі. Таму закупка на аўкцыёнах, на маю думку, павінна быць прыярытэтным напрамкам праграмы.

Доктар філалагічных навук, прафесар, супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі Адам МАЛЬДЗІС таксама адстойваў аўтэнтыку: ён выказаў меркаванне, што для вырабу сучасных паясоў варта адшукаць аўтэнтычны ткацкі станок таго часу. Супаставіўшы ўсе факты, Мальдзіс зрабіў выснову, што найбольш верагодна адшукаць станок, адпаведны слуцкаму, у Стамбуле:

— Як вядома, Маджарскія (майстры-ткачы ХVІІІ—пач. ХІХ стст. — бацька і сын, арандатары Слуцкай фабрыкі князёў Радзівілаў, на якой вырабляліся слуцкія паясы. — Аўт.) прыехалі з Турцыі. Таму мы вялікую надзею ўскладаем на гэту краіну, бо ў Стамбуле могуць быць аўтэнтычныя станкі, на якіх ткаліся і персідскія, і пасля слуцкія паясы. Бо мы ведаем, што Маджарскія прывезлі з сабой на Беларусь адзін ткацкі станок, а пасля мясцовыя ўмельцы па гэтым узоры зрабілі яшчэ некалькі дзясяткаў.

Адам Мальдзіс распавёў і пра тое, што пачаць пошукі аўтэнтычнага станка не так ужо і складана. Генеральны дырэктар грамадскага аб'яднання «Дыялог Еўразія» ў Беларусі Іхсан ДЫЛЕКЧЫ яшчэ раней паведаміў, што можна проста зрабіць ксеракопіі выяў нашых слуцкіх паясоў і па электроннай пошце адправіць спецыялістам у Стамбул. На падставе гэтага можна будзе паспрабаваць адшукаць аўтэнтычны станок.

Яшчэ адно верагоднае месцазнаходжанне аўтэнтычнага станка — французскі горад Ліён, дзе ў тыя часы вырабляліся аналагі слуцкіх паясоў:

— У ІІ палове ХІХ ст., калі слуцкія паясы ўжо перасталі быць моднымі (на змену сармацкаму стылю адзення прыйшоў еўрапейскі), — удакладніў Адам Мальдзіс, — паясоў было выраблена шмат, іх на ўзбраенне ўзялі жанчыны. У альбоме Вольгі Дзёмкінай «Музей тканін у Ліёне» можна бачыць, як у парыжскіх жанчын да зямлі звісаюць паясы — вось як, аказваецца, можна выкарыстаць слуцкія вырабы.

Па прыездзе ў Ліён Вольга Дзёмкіна (прадстаўніца беларускай дыяспары ў Францыі, мастачка. — Аўт.), абяцала зрабіць усё, каб адшукаць арыгінал станка, які, пэўна ж, захаваўся, калі там ёсць музей ткацтва ХVІІІ ст. Ёсць здагадкі і пра тое, хто прывёз ткацкі станок у Ліён:

— У Гродне, прыехаўшы з Ліёна, працаваў Жылібер — вядомы батанік, лекар. У 90-х гадах ХVІІІ ст. ён вярнуўся ў Ліён. Верагодна, што ён павёз з сабой станок. Таму я маю надзею, што ў Ліёне ў музеі ткацтва або ў мэрыі, дзе таксама выстаўлены старадаўнія станкі (бо іх вырабы з'яўляюцца французскім брэндам), можа адшукацца аўтэнтычны станок, — сцвярджае Адам Мальдзіс.

Вырабляліся паясы па тыпу слуцкіх і ў Польшчы, і ва Украіне, але там адшукаць старадаўнія станкі, на думку даследчыкаў, малаверагодна. Затое паехаць туды, каб вывучыць тэхналогію стварэння слуцкага пояса, неабходна, на думку кандыдата мастацтвазнаўства Маі ЯНІЦКАЙ:

— У Беларусі тэхналогія вырабу слуцкіх паясоў грунтоўна нікім не даследавалася.
Мы маем толькі павярхоўныя звесткі, якія існавалі ў ХІХ ст., пра тое, што гэты беларускі брэнд стаў настолькі папулярным у Еўропе, што дзясяткі гарадоў сталі вырабляць гэтыя паясы, і кожны рабіў па сваёй тэхналогіі: толькі знешні ўзор (арнаментацыю, кветкі) крыху мянялі, а кампазіцыю захоўвалі. А сёння найбольш вывучаны слуцкія паясы ў Польшчы. Ядзвіга Хрушчынская даследавала больш за 200 паясоў, якія захоўваліся ў варшаўскім музеі. І калі яна вывучыла тэхналогію вырабу кожнага з іх, аказалася, што толькі некалькі дзясяткаў з'яўляецца слуцкімі паясамі. Іх тэхналогія была ўнікальнай, яе ніхто не мог паўтарыць, хоць вырабляліся паясы яшчэ на 20 мануфактурах.
З тых 200 паясоў, даследаваных Хрушчынскай у Польшчы, два нават мелі подпіс «Слуцк», але былі фальсіфікацыяй. Уяўляеце, якое трэба правесці даследаванне, каб выявіць сапраўдныя паясы? І ўсё тое, што мы маем і лічым слуцкімі паясамі, могуць такімі і не з'яўляцца. Мы нават не ведаем, які слуцкі пояс сапраўдны. Таму трэба спецыяліста Інстытута мастацтвазнаўства Марыю Віннікаву, якая вывучала тэхналогіі ткацтва, паслаць у Варшаву азнаёміцца з гэтымі двума дзясяткамі паясоў, якія сапраўды з'яўляюцца слуцкімі. Неабходна пачакаць, пакуль яна вернецца са сваімі ведамі, а пасля і станок выкарыстоўваць, і матэрыялы набываць.

Нягледзячы на розныя меркаванні, цягнік, як заўважалі на «круглым стале», ужо пайшоў. Нагадаю, што 8 мая 2012 года ў пасланні Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі прагучала, што неабходна ўзнавіць вытворчасць славутых слуцкіх паясоў, адрадзіць рамяство і зрабіць яго сучасным брэндам. Зыходзячы з гэтага распрацавана канцэпцыя адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы». На яе падставе да 15 кастрычніка ў Савет Міністраў павінна быць прадстаўлена канкрэтная праграма на 2012—2015 гады.

Як бачна, у выкананні гэтага дзяржаўнага заказу ёсць два бакі: падсправаздачны і творчы — калі першы нельга не выканаць, то другі немагчыма прыспешваць. Будзем спадзявацца, што праца з нацыянальным брэндам дапаможа ўсім зацікаўленым асобам аб'яднацца.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

https://www.traditionrolex.com/8