Гаворка ідзе пра медыцынскі турызм. Плануецца, што беларускія медыкі заробяць для краіны мільёны долараў. Беларускія замежныя прадстаўніцтвы ўжо пачалі працу па папулярызацыі беларускай медыцыны за мяжой. Аднымі з першых былі дыпламаты ў Варшаве.
4 снежня ў Варшаве ў Цэнтры беларускай культуры адбыўся семінар на тэму: «Медыцынскі турызм Беларусі», паведамляе
Падчас сустрэчы прадстаўнікі беларускіх медустаноў і медыцынскіх тураператараў знаёмілі польскія турыстычныя арганізацыі і фірмы з беларускім рынкам медыцынскіх паслуг.
Інтарэс беларускага боку да рэкламы сваіх паслуг зразумелы. Паводле экспертных ацэнак, сусветны рынак медыцынскіх паслуг у 2012 годзе складаў каля 100 мільярдаў долараў. Адзін з лідэраў – Ізраіль штогод зарабляе на медыцынскіх турыстах каля 500 мільёнаў долараў. У Беларусі таксама статыстыка фіксуе рост такіх турыстаў. Размова ідзе пра дзясяткі тысяч чалавек. Мінскія ўрачы палічылі, што праз некалькі гадоў медыцынскі турызм будзе прыносіць гарадскому бюджэту амаль 9 мільёнаў долараў. Таму ўлады зацікавіліся гэтай галіной. Як зазначыў беларускі пасол у Польшчы Віктар Гайсёнак, беларуская медыцына цяпер на высокім узроўні, дзякуючы намаганням дзяржавы.
Віктар Гайсёнак: Мы можам ганарыцца нашай медыцынай. У нас сацыяльная медыцына, медыцынскае абслугоўванне ў нас бясплатнае, але ёсць магчымасць платных паслуг. Усе гэтыя магчымасці рэалізуюцца дзяржавай.
Высокая якасць абслугоўвання – гэта вынік шматгадовай мадэрнізацыі медыцынскіх устаноў у Беларусі. Пра гэта ў Варшаве распавяла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Таццяна Мігаль.
Таццяна Мігаль: Медыцынскі турызм – гэты напрамак пачаў развівацца ў Беларусі пасля правядзення маштабнай мадэрнізацыі ўсіх арганізацый аховы здароўя рэспублікі. Былі пераабсталяваныя ўсе медыцынскія арганізацыі сучаснай медтэхнікай. Шматлікія спецыялісты прайшлі за мяжой навучанне сучасным методыкам аказання дапамогі. Ахова здароўя ў Беларусі была ўзнятая на новы ўзровень.
У сувязі з гэтым на сённяшні дзень беларускія медустановы маюць магчымасці аказваць дыягнастычныя, лячэбныя і высокатэхналагічныя паслугі. Гэтым карыстаюцца ў першую чаргу расіяне і іншыя суседзі Беларусі, кажа намеснік дырэктара Дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму РБ Андрэй Мартынаў.
Андрэй Мартынаў: У асноўным гэта жыхары Расіі, Польшчы, Літвы, Германіі, Турцыі і Украіны. Гэта асноўныя геаграфічныя напрамкі. Што да медыцынскіх паслуг, то гэта стаматалогія, артапедыя, пластыка, афтальмалогія. Ёсць яшчэ кардыялогія. І яшчэ мы прапануем не толькі лячэнне, але шмат іншых паслуг: абследаванне, рэабілітацыя, аднаўленне.
Гэты патэнцыял заўважылі турыстычныя фірмы, як дзяржаўныя, так і прыватныя. Напрыклад, дзяржаўная ўстанова «ЦэнтрКурорт» робіць націск на сусветныя стандарты камунікацыі з пацыентамі. Гаворыць галоўны спецыяліст па медыцынскім турызме дзяржаўнай установы «ЦэнтрКурорт» Упраўлення справамі Прэзідэнта РБ Ангеліна Буйноўская.
Ангеліна Буйноўская: Медыцынскі турызм у Беларусі толькі стартуе, а ў нас ужо ёсць велізарны досвед – больш за дзесяць гадоў у галіне арганізацыі лячэння больш рэабілітацыйнага напрамку. Лячэнне на базе лячэбных устаноў цяпер набірае абароты. Вельмі важна, каб па сусветных стандартах была наладжана сувязь пацыентаў з медыцынскай установай.
Прыватныя прадпрымальнікі больш звяртаюць увагу на хуткасць ды комплекснасць абслугоўвання. Гаворыць дырэктар аператара медыцынскага турызму MedtravelBelarus Уладзіслаў Андросаў.
Уладзіслаў Андросаў: Мы хочам стаць сваеасаблівым мастком для палякаў, еўрапейцаў да беларускіх медыцынскіх цэнтраў. Працэс падрыхтоўкі і лячэння займае ад тыдня да трох, за гэты час пацыенту трэба патлумачыць усе моманты, звязаныя з падрыхтоўкай, з працэсам лячэння і постаперацыйным перыядам. Не заўсёды медыкі могуць хутка гэта патлумачыць дыстанцыйна. Менавіта для гэтага існуюць такія кампаніі, як наша – аператары мэдыцынскага турызму.
Польскі бок лічыць гэты напрамак супрацоўніцтва з Беларуссю перспэктыўным. Асабліва, калі спросціцца парадак атрымання віз ды канкурэнтнымі будуць цэны, як зазначыў кіраўнік аддзела прамоцыі Міністэрства спорту і турызму Польшчы Рафал Вільчкоўскі.
Рафал Вільчкоўскі: Вядома, што канчатковае рашэнне прымуць патэнцыйныя пацыенты. На гэтае рашэнне будуць уплываць шматлікія фактары. Без сумнення, найважнейшымі момантамі будзе пытанне віз, канкурэнцыі па вышыні цэн і якасці паслуг.
Візы і цэны называлі і іншыя прадстаўнікі польскіх турыстычных арганізацый. Гаворыць Ванда Квяткоўска з Польскай турыстычнай палаты.
Ванда Квяткоўска: Гэта вельмі цікавая прапанова. Таму я сюды прыехала з Варміі і Мазур. Гэтаму спрыяе блізкасць межаў і, спадзяюся, ніжэйшыя цэны, чым у Польшчы. Часам нашы кліенты ездзяць на Захад, а там высокія цэны. На маю думку, на сённяшні дзень галоўнай перашкодай з'яўляюцца візы. Калі б быў спрошчаны ўезд для палякаў так, як ва Украіну, гэта супрацоўніцтва хутчэй бы развівалася.
Беларусь вырабляе сабе імя на рынку медыцынскіх паслуг. Паводле статыстыкі, летась на лячэнне ў Беларусь прыехала каля 115 тысяч замежных грамадзян з 73 краін свету. Нядаўна ў Беларусі лячыўся былы кіраўнік ізраільскага Масаду. Як вядома, Ізраіль мае адну з самых высокаразвітых медыцын у свеце. Гэты факт шмат што азначае.
Падрыхтаваў Юрый Ліхтаровіч