2 лютага ў горадзе Люсекiл паблiзу Гётэборга (Швецыя) адкрываецца выстава работ керамiста Элiзабет Халгрэн i мастака па тэкстылю Брыт-Марыi Хансан. Гэта падзея культурнага жыцця паўночнай краiны мае непасрэднае дачыненне да Брэстчыны: керамiчная частка экспазiцыi прысвечана вёсцы Гарадная на Столiншчыне.
Мiнулым летам Элiзабет Халгрэн удзельнiчала ў Мiжнародным пленэры ганчароў, што традыцыйна раз у два гады праходзiць у Гарадной. Знаёмства з новым месцам натхнiла шведскую мастачку на стварэнне калекцыi аўтарскай кафлi, якая б расказала гледачу пра самабытнасць Прыпяцкага Палесся, паведамляе «
Керамiчная плiтка – матэрыял навобмацак халодны, але забыцца на гэта прымушае цёплая колеравая гама, ужытая Элiзабет. Яе палатно (пакуль мы можам меркаваць пра яго па дасланых фотаздымках) нагадвае коўдру ў стылi «пэчварк». На кафляныя квадрацiкi нанесены крыжы розных канфiгурацый, ромбы, фантастычныя кветкi… Дзе ж тут Гарадная? I раптам, уважлiва ўгледзеўшыся ў абстрактныя малюнкi, ахнеш: вось жа яны – гараднянскiя «мамзэлькi» (гаршчэчкi ёмiстасцю ў 1 лiтр), сподачкi, гладышы! Кожны з прадметаў стаў элементам, як бы сказалi мастацтвазнаўцы, цэнтрычнага арнамента. З радасным здзiўленнем знаходзiш у пялёстках аранжава-чорнай кветкi профiль патомнага ганчара Аўрама Басаўца. Свой малюнак ствараюць паўтораныя некалькi разоў выявы вясковых жанчын i хлопчыка, што грае на глiнянай акарыне. Прысутнiчаюць тут i беларускiя ўзоры ў выглядзе фрагмента абруса i дэкору на фасадзе хаты…
Становiцца зразумела: керамiстка заклала два ўзроўнi ўспрыняцця сваёй iдэi. Спачатку ты бачыш абстрактную дэкаратыўную форму, а потым – канкрэтны прадмет цi персанаж. Гэта нагадвае калейдаскоп цi гульнi з люстэркамi.
– Вестка пра маючую адбыцца ў Швецыi «гараднянскую» выставу стала для мяне самым дарагiм калядным падарункам, – гаворыць каардынатар пленэру – загадчыца аддзела традыцыйнай культуры абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко. – Калекцыя кафлi, створаная Элiзабет Халгрэн, – гэта вялiкi ўклад у справу адраджэння ганчарнага промыслу ў Гарадной, яго папулярызацыi. Будзем прыкладаць усе намаганнi, каб арганiзаваць знаёмства з гэтай работай у нас на Беларусi.
Шведская карона з гараднянскай глiны
Жыхары вёскi Гарадная ўжо прывыклi да прыезду замежных майстроў на пленэры па ганчарству. А вось шведаў да мiнулага лета тут яшчэ не бачылi. Першымi ластаўкамi са Скандынавii сталi керамiсты са Стакгольма Элiзабэт Халгрэн i Монiка Ёхансан. У падарожжы «па краiне беларусаў» iх суправаджаў Клас Острам – муж Монiкi. Ён жа скрупулёзна фiксаваў кожны дзень пленэру на фота i вiдэа.
Добразычлiвыя i адкрытыя, госцi з Паўночнай Еўропы без капрызаў выносiлi спартанскiя ўмовы пленэрнага побыту, актыўна ўдзельнiчалi ва ўсiх мерапрыемствах – ад прэзентацыi нацыянальнай кухнi да дыскусii аб лёсе Гарадной. Вельмi iмпанавала iх шчырае iмкненне шукаць кропкi судакранання са славянамi, рабiць акцэнт на тое, што роднiць людзей, а не раз'ядноўвае.
…Экскурсiя па ландшафтным заказнiку «Сярэдняя Прыпяць». Кацер з удзельнiкамi пленэру павольна плыве па галоўнай рацэ Палесся. А яна шчодра дзелiцца сваiм хараством. Вось шэрая чапля стала ля вады i спакойна пазiруе. Хтось з экскурсантаў скардзiцца: пакуль дастаў фотакамеру, дзюбатая красуня засталася ззаду. Але птушка, быццам спачуваючы яму, узмахвае крыламi, абганяе кацер i зноў маляўнiча замiрае перад наведзенымi на яе фотааб'ектывамi. Потым, не зважаючы нi на кога, з берага на бераг пералятае ўдод…
Шведы цiкавяцца ў дырэктара заказнiка Iвана Яхнаўца, цi бываюць тут турысты са Скандынавii. I калi чуюць у адказ: «Не. Вы – першыя», – усклiкаюць, што пра гэты птушыны рай абавязкова павiнны даведацца iх суайчыннiкi. Сярод iх ёсць такiя аматары прыроды, што дзеля адной птушачкi не палянуюцца абагнуць зямны шар.
Адным з мерапрыемстваў пленэру быў вясковы кiрмаш з дэманстрацыяй i продажам глiняных вырабаў. Вiзiтоўкай скандынаўскай экспазiцыi смела можна было назваць зробленую Монiкай калекцыю падсвечнiкаў у выглядзе кароны – галоўнага дзяржаўнага сiмвала Швецыi. Прычым побач з прывезенымi гатовымi вырабамi стаялi i яшчэ не абпаленыя «кароны» з гараднянскай глiны. У гэты час i адбылося адно нечаканае знаёмства.
Гараднянка Вера Iларыёнаўна Кiсель расказала шведам, што мае сваяка ў Стакгольме. У Другую сусветную вайну яе дзядзька 14-гадовым падлеткам трапiў у Германiю на прымусовыя работы, а потым у канцлагер. Пры вызваленні важыў 31 кiлаграм. Ад урача-паляка пачуў, што Беларусь спалена датла i нiхто там не выжыў. Застаўся на Захадзе. Асеў у Швецыi. Атрымаў адукацыю, завёў сям'ю. З роднымi змог сустрэцца толькi праз 38 гадоў пасля вайны.
А завяршылася размова тым, што сям'я Кiсялёў запрасiла стакгольмцаў i арганiзатараў пленэру да сябе на кубачак кавы. Калi ж iнтэрнацыянальная кампанiя пераступiла парог дома, выcветлiлася, што тут накрыты багаты стол. Размова цякла на дзiва нязмушана, а потым перарасла ў беларуска-шведскi фестываль застольнага фальклору. Спачатку шведы весела адбiвалi рытм, калi гаспадыня дома на пару з дырэктарам гараднянскага Цэнтра ганчарства Алiмпiядай Леанавец праспявалi запеўку са словамi «Завярнуўшы ў куток, па тры чарачкi ў раток налiвайтэ!». А потым нашчадкi вiкiнгаў самi выдалi цэлы пласт падахвочваючых да выпiўкi прыпевак. Кульмiнацыйны момант настаў, калi шведы хорам праспявалi загад кожнаму ўзяць сваю чарку i перакулiць яе над галавой. Ахвярай застольнай правакацыi стаў усеагульны ўлюбёнец – перакладчык Жэня Фурс. Ён быў настолькi запатрабаваны абодвума бакамi беларуска-шведскага дыялогу, што не паспяваў нi паесцi як след, нi выпiць. Таму куляць яму прыйшлося амаль поўную чарку…
Пры развiтаннi гаспадыня казала, што сёння ж пазвонiць у Стакгольм i раскажа дзядзьку, як прымала яго землякоў. А шведы ў сваю чаргу адказвалi:
– Нам прыемна, што ваш родзiч знайшоў шчасце ў нашай краiне!
Вось вам народная дыпламатыя ў дзеяннi.
Новы пралёт літаратурнага моста
Калi шведскiя керамiсты толькi ў 2012 годзе адкрылi для сябе Брэстчыну, то iх суайчыннiкi-лiтаратары пачалi «асваенне Палесся» адзiнаццаць гадоў таму. Сродкам iх перамяшчэння стаў так званы «лiтаратурны аўтобус», а спадарожнiкамi – беларускiя майстры прыгожага пiсьменства.
Ля вытокаў гэтай iнiцыятывы стаяць дзве асобы: журналiст са Стакгольма Марыя Сёдэрберг i старшыня праўлення культурна-творчага грамадскага аб'яднання «Калегiум» (г. Пiнск) Надзея Аўсiевiч. Пазнаёмiлiся яны ў 1997 годзе. З таго часу КТГА «Калегiум» разам з Марыяй зладзiлi шэраг культурных праектаў, адным з якiх стала i лiтаратурнае падарожжа. Пачаўшыся ў 2002 годзе з Пiнска, яно нарэшце ў 2011 годзе дасягнула i Брэста. Тады ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасцi прайшлі лiтаратурны вечар i конкурс маладзёжнай паэзii. А ў 2012 годзе, калi прымаючым бокам стала абласная бiблiятэка iмя Максіма Горкага, арганiзатары зразумелi, што знайшлi вельмi перспектыўнага партнёра, з якiм можна горы звярнуць.
Нагадаем, што мiнулагодняе, адзiнаццатае па лiку падарожжа было прысвечана памяцi Адама Мiцкевiча. Зразумела, што на тэрыторыi Беларусi яно ўключала наведванне Навагрудка i музея-сядзiбы Мiцкевiчаў ля вёскi Завоссе ў Баранавiцкiм раёне. Але лiтаратурны аўтобус завярнуў яшчэ i на Бярозаўшчыну. На тое мелася свая матывацыя. Разам са шведамi ехалі паэт Алесь Разанаў, якi нарадзiўся ў вёсцы Сялец, i пiсьменнiк-дакументалiст Святлана Алексiевiч, якая пачынала сваю працоўную бiяграфiю ў бярозаўскай раённай газеце. Не выключана, што гэты заезд быў зроблены перш за ўсё для перакладчыцы i лiтаратурнага крытыка Кайсы Эберг Лiндстэн з Гётэборга.
Справа ў тым, што спадарыня Лiндстэн – гэта той чалавек, праз якога скандынавы адкрываюць для сябе беларусаў. Менавiта яна пераклала на шведскую мову кнiгу Святланы Алексiевiч «У вайны не жаночае аблiчча» (у мiнулым годзе навiнка прыйшла да чытача). Шведская версiя адрознiваецца ад савецкага варыянта: яна змяшчае тэксты, якiя сама аўтар не ўключыла ў першае выданне. Таксама адноўлены фрагменты, выдаленыя цэнзурай. А яшчэ дадалiся iнтэрв'ю з жанчынамi, якiя самi звязалiся з пiсьменнiцай, пасля таго як кнiга ўпершыню пабачыла свет.
Зараз Кайса Эберг Лiндстэн працуе над перакладам i выданнем новай кнiгi Алексiевiч. А сумесная паездка па Беларусi стала для яе цудоўнай магчымасцю ўжыцца ў светаадчуванне пiсьменнiка, якi прадстаўляе iншую культуру, убачыць тыя мясцiны, якiя так цi iнакш звязаны з творамi, якія яна перакладае.
Для самой жа Алексiевiч гэта была першая вандроўка па Беларусi пасля дзесяцiгадовай адсутнасцi ў краiне. «Паездка ўспамiнаецца радасна i цёпла, – потым напiша яна ў лiсце да арганiзатара мерапрыемства з брэсцкага боку, намеснiцы дырэктара абласной бiблiятэкi iмя Максіма Горкага Галiны Бурынай. – Мне здаецца, што ў маiх кнiгах з'явiцца больш дакладны гук i больш дакладныя словы, новыя думкi, бо я ўсё атрымлiваю з першых рук, а не праз інтэрнэт або чыесьцi расказы».
Некалькiмi гадзiнамi вымяраўся Дзень шведскай i беларускай лiтаратуры ў абласной бiблiятэцы. Але, аказваецца, столькi можна паспець за такi адрэзак часу! Адбылася сустрэча дзiцячай пiсьменнiцы Сары Лундберг з юнымi чытачамi, прайшоў семiнар з удзелам Алеся Разанава i Святланы Алексiевiч, запомнілася сумесная вечарына шведскiх i беларускiх лiтаратараў, успомнілі пра конкурс юнацкай паэзii, дзе пераможцу чакала падарожжа па Швецыi. Хiба можа не ўразiць такая лiчба: 182 паэты ва ўзросце 15–18 гадоў з розных населеных пунктаў Брэстчыны прапанавалi на разгляд свае творы?
Не толькi брэстчанам запомнiлiся гэтыя сустрэчы. Калi ў вераснi 2012 года каардынатар праекта Надзея Аўсiевiч наведала славуты кнiжны кiрмаш у Гётэборгу, колiшнiя ўдзельнiкi пiсьменнiцкай вандроўкi Сара Лундберг, Лiна Экдаль, Анэлi Юрдаль i Кайса Эберг Лiндстэн з ахвотай паглыбiлiся ва ўспамiны (можна прачытаць на сайце абласной бiблiятэкi). А для агульнаеўрапейскага кнiжнага свята Марыя Сёдэрберг падрыхтавала стэнд «Лiтаратурнае падарожжа па Беларусi». Дарэчы, экспазiцыя такога кірунку была адзiнкавай на агромнiстай кiрмашовай прасторы.
Проста фантастычны працяг мела гэтая гiсторыя для пераможцаў конкурсу юнацкай паэзii Дар'i Пыж'янавай (Белаазёрск) i Веранiкi Сiдарук (Брэст). У суправаджэннi супрацоўнiцы аддзела лiтаратуры на замежных мовах Юлii Гiдлеўскай дзяўчынкi наведалi Швецыю. Яны не толькi знаёмiлiся з краiнай на працягу тыдня, але i прынялi ўдзел у паэтычным фестывалi ў горадзе Хэрнёсанд.
Як вядома, адным з арганiзатараў вышэйзгаданай культурнай акцыi ў Брэсце выступiў Шведскi iнстытут. Кiраўнiк лiтаратурных праектаў гэтай установы Данiэль Густаўсан-Пэк параўнаў вынiкi супольнай акцыi з узвядзеннем яшчэ аднага пралёта лiтаратурнага маста, якi сваiмi апорамi глыбока стаiць у агульнай еўрапейскай глебе.
Праз пяць месяцаў пасля Дня шведскай i беларускай лiтаратуры прадзюсар праекта i каардынатар з беларускага боку зноў зрабілi вiзiт у абласную бiблiятэку iмя Горкага. Яны прапанавалi правесцi ў Брэсце не дзень, а днi шведскай i беларускай лiтаратуры, а падарожжа зрабiць па памятных месцах, звязаных з iмем Фёдара Дастаеўскага.
Але, здаецца, з гэтых намераў нiчога не атрымаецца. Спадарынi Сёдэрберг i iншым асобам было адмоўлена ў атрыманнi беларускай вiзы. У вынiку прынята рашэнне перанесцi днi шведскай i беларускай лiтаратуры-2013 у Львоў.
Людмiла Бунеева