https://www.traditionrolex.com/8
<p>Пра заўтрашні дзень палацавага комплекса і музея «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў».</p>

Замок_0764

Яшчэ нядаўна жыхарам пасёлка не верылася, што хаця б частка рэшткаў замка, у якім некалькі стагоддзяў таму размяшчалася рэзідэнцыя знакамітага магнацкага роду, набудзе прэзентабельны выгляд, набліжаны да першапачатковага, а цікаўным праезджым, што захапляюцца веліччу архітэктуры, якую бачна яшчэ на пад’ездзе да Ружан, будзе што паглядзець, акрамя паўразбураных сцен. Супрацоўнікі музея, а ён адкрыўся тут з завяршэннем першага этапу рэстаўрацыйных работ, абяцаюць турыстам не толькі пазнавальныя экскурсіі, але і цікавыя падарожжы ў мінулае…

Пра заўтрашні дзень палацавага комплекса і музея «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў», у прыватнасці, расказаў яго дырэктар Руслан Кніга.

— На бягучым тыдні завяршыліся работы ў выставачнай зале, — паведаміў Руслан Сяргеевіч. — Хочацца адзначыць, што там мы выкарыс-тоўвалі спецыяльную тэхналогію: за кошт перагародак і нішаў былі павялічаны выставачныя плошчы. Як плануецца, тут у асноўным будуць выстаўляцца мастацкія палотны гісторыка-культурнай тэматыкі.

Дарэчы, па даручэнні Прэзідэнта краіны да канца наступнага года павінен быць завершаны другі этап работ, якім прадугледжана рэстаўрацыя заходняга флігеля. Хутчэй за ўсё новыя памяшканні чакае тая ж перспектыва: флігель стане часткай ужо існуючага музея. У другім корпусе мяркуецца стварыць, я б сказала, своеасаблівую «машыну часу», якая будзе пераносіць наведвальнікаў у гістарычнае мінулае. Якім чынам? Сёння вядзецца распрацоўка эскізаў жаночага і мужчынскага адзення, якое насілі ў ХVI-XVIII стагоддзях. Наведвальнікі змогуць апрануць касцюм шляхціца ці селяніна і стаць удзельнікамі імправізаваных падзей, якія адбываліся сотні гадоў таму. Як зазначае дырэктар музея, сваю дапамогу ў рабоце ў гэтым накірунку прапанаваў і Ружанскі шматпрофільны цэнтр па рабоце з дзецьмі, падлеткамі і моладдзю.

 — Дзякуючы дырэктару цэнтра Аксане Уладзіміраўне Манчык, пры пазашкольнай установе створаны гурток, выхаванцы якога ўжо займаюцца пастаноўкай тэатральных прадстаўленняў. Інсцэніроўкі рыхтуюцца як свецкія, так і ваенна-гістарычныя.

 Палац знакаміты не толькі як цэнтр тэатральнага жыцця, але і ткацкага майстэрства: у Ружанах працавалі суконныя мануфактуры, рабілі аналагі знакамітых слуцкіх паясоў. Таму разглядаецца ідэя афармлення залы, дзе будзе паказвацца працэс вырабу сукна, у якім жадаючыя таксама могуць прыняць удзел.

 — У Еўропе гэта даўно наладжана і вітаецца, — аргументуе Руслан Сяргеевіч, — паколькі лічыцца, што праз аднаўленне рамяства фарміруецца нацыянальная самасвядомасць чалавека, ён, калі так можна сказаць, уліваецца ў гісторыю.

Але гэта ўсё пакуль перспектывы. Вернемся да рэчаіснасці: цяпер галоўная задача — афармленне музея. Прымаючы да ўвагі тое, што шматлікія ваенныя дзеянні мінулых стагоддзяў не абышлі бокам і Ружаны, шэдэўраў мастацтва, якія маюць дачыненне да вялікага роду Сапегаў, на тэрыторыі Беларусі практычна не засталося.

— Сотні кніг, карцін, мастацкіх вырабаў, нумізматычных калекцый знаходзяцца ў музеях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Кракаўскім нацыянальным музеі, музеях і архівах Кіева, Львова, Вільнюса… Кіраўніцтва нашага раёна накіроўвала туды лісты з просьбай перадаць частку рэчаў на гістарычную радзіму, але, зразумела, ніхто не жадае расставацца з такога роду каштоўнасцямі, — гаворыць Руслан Кніга.

Замок_0787

Відавочна паўстала праблема з напаўненнем музея экспанатамі. Часткова вырашыць яе ўдалося з дапамогай стварэння копій карцін, на якіх намаляваны прадстаўнікі роду, лёс якіх звязаны з гісторыяй замка, і асноўных палітычных асоб: каралёў, князёў, біскупаў, рэлігійных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Швецыі, Прусіі, Маскоўскай дзяржавы і Расійскай імперыі.

Асноўнае месца займае макет Ружанскага палацавага комплекса, створаны студэнтамі Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, які доўгі час знаходзіўся ў экспазіцыйнай зале Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея і нядаўна быў перададзены ў Ружаны на пастаяннае захоўванне. Акрамя копій карцін, у музеі ёсць і копіі палітычных картаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. А таксама плануецца стварыць серыю картаў, якія адлюстроўвалі б адносіны ВКЛ, Рэчы Паспалітай з дзяржавамі-суседзямі.

У 2008 годзе студэнты І курса Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна на чале з з выкладчыкам гістарычнага факультэта праводзілі археалагічныя даследаванні карпусоў замка, чым таксама нямала дапамаглі: імі былі знойдзены больш за 300 артэфактаў. Многія, вядома, сёння не ўяўляюць сабой экспазіцыйнай каштоўнасці, аднак некалькі дзясяткаў іх адабралі ў якасці экспанатаў: жаночыя ўпрыгожанні, пярсцёнкі, манеты ХVII-XIX стагоддзяў, асколкі шкляной прадукцыі, бутэлькі з унікальным афармленнем, чаркі, якія і зараз гавораць пра веліч іх гаспадароў…

Ганаровае месца ў музеі занялі ўнікальныя рэчы, якія перадаў на часовае захоўванне жыхар вёскі Лінова Мікола Папека. Гэта латунны шэўрон з ініцыяламі Аляксандра Сапегі, бронзавая нагрудная пячатка з выявай радавога герба «Ліс» ХVII стагоддзя (пакуль гэта самы каштоўны экспанат) і свінцовая пломба Ружанскай суконнай мануфактуры. Акрамя таго, ім аддазена для напаўнення экспазіцыі вялікая колькасць манет ХVI-XVIII стагоддзяў, гузікі, кулі.

Унікальнымі рэчамі, якія ўпрыгожваюць інтэр’ер выставачнай залы, сталі два гадзіннікі, вырабленыя ў Францыі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, якія перадалі ў музей старшыня райвыканкама Аляксандр Іванавіч Юркевіч і яго намеснік Васіль Мацвеевіч Казак.

Сёння ў музеі гатовы прыняць ад насельніцтва любую рэч, якая мае дачыненне да гісторыі: гаршкі, прасы, манеты… Асабліва тыя, якія звязаны з дваранскім саслоўем. Больш таго, калі гэтыя  рэчы сапраўды маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, магчымы варыянт іх пакупкі.

Напрыканцы гутаркі Руслан Кніга адзначыў: можна з упэўненасцю сцвярджаць, што рэчы, звязаныя з палацам і родам Сапегаў, ёсць і ў жыхароў Ружан.

— Хочацца спадзявацца, што хаця б хто-небудзь з гэтых людзей ахвяруе штосьці музею. Тут рэчы зоймуць дастойнае месца і стануць даступнымі для агляду не аднаму чалавеку ці сям’і, а паслужаць выхаванню сапраўдных патрыётаў нашай Бацькаўшчыны.

Марына Вакульская, Аляксандр Мелеш (фота).

«Раённыя буднi» (Пружаны)

На здымках: Палацавы комплекс Сапегаў, які нярэдка называюць беларускім Версалем, упершыню пасля шматлікіх спроб рэстаўрацыі перажывае свае лепшыячасы; старажытны французскі гадзіннік у экспазіцыйнай зале Ружанскага палаца.

***

***

В этой же газете попалась на глаза такая заметка.

"Туристическому кружку нужны туристки"

Турыстычны гурток, які дзейнічае ад раённай станцыі турызму і краязнаўства пры СШ №1 г.Пружаны амаль 25 гадоў, сёння наведваюць 11 падлеткаў. У камандзе юных турыстаў, якая часта прымае ўдзел у злётах, на жаль, няма ніводнай дзяўчынкі. Таму кіраўнік гуртка С.В.Зелянееў запрашае далучыцца да здаровага ладу жыцця і дзяўчат. Жадаючыя займацца турызмам могуць звярнуцца ў метадычны кабінет раённага аддзела адукацыі ці пазваніць па нумары 9-24-53

https://www.traditionrolex.com/8