Лазня… Людзі парознаму ставяцца да яе. Хтосьці — зусім раўнадушна, а нехта — з любоўю. Не ведаю, як вас, паважаныя чытачы, а мяне нават само гэтае слова сагравае. Здаецца, лёгкая цудатворная пара ідзе ад складу «ня». Гучыць мякка, пяшчотна, аднолькава, заўважу, — і ў рускай (баНЯ), і ў беларускай (лазНЯ) мовах. Лазня… Адразу ўзгадваюцца прыемныя адчуванні, бадзёрасць, што дораць зносіны з парай і венікам.
У кожнага заўзятага парыльшчыка існуе свая лазневая «цырымонія». Нехта, зайшоўшы ў парылку, адразу бярэцца за коўш — і паддае пары, бо яе малавата. Іншы — спачатку дае свайму арганізму прызвычаіцца да гарачага паветра, а потым вырашае — ці трэба паддаць… Асабіста я прытрымліваюся залатой сярэдзіны: лічу, што на карысць ідзе мера. Таму пачынаю парыцца, калі дыхаць у парылцы няцяжка… Удосталь насцябаўшыся венікам, атрымаўшы карысны для скуры масаж, з задавальненнем акунаюся ў халодны басейн. Адчуванні, прызнаюся, — казачныя! У студзёнай вадзе цяпло, якое назапасіў арганізм у парылцы, павольна разыходзіцца па ўсім целе…
У ЛАЗНЮ — ПА ПРАВІЛАХ!
Аматараў лазні з усёй Полаччыны сабраў Другі чэмпіянат Полацкага раёна па рускай лазні «Знакамітыя Полацкія лазні». Удзельнікаў спаборніцтваў і шматлікіх гасцей сустракалі ў вёсцы Уладычына Азінскага сельсавета. Менавіта ў гэтым населеным пункце Полацкага раёна, у маляўнічым месцы ля возера, знаходзіцца аграсядзіба «У Крэніцы». Яе гаспадар Павел Лысёнак — сам заўзяты аматар актыўнага ладу жыцця і лазеншчык з немалым стажам, прадаставіў камандам умовы для спаборніцтваў. Арганізатары мерапрыемства — Полацкі райвыканкам і гаспадар аграсядзібы — пры распрацоўцы парадку правядзення чэмпіянату паставілі ўмову: усе ўдзельнікі (у кожнай каман-дзе — мужчына і жанчына) павінны мець стаж парэння ў рускіх лазнях не меней за тры гады.
Пакуль заўзятыя лазеншчыкі з Полацкага раёна — прадстаўнікі розных узростаў — рыхтаваліся да спаборніцтваў, яны падзяліліся сакрэтамі атрымання карысці і сапраўднага задавальнення ад лазні. Якія, на іх думку, ведае кожны паважаючы сябе лазеншчык. Па-першае, сапраўдны аматар моцнай пары не ўяўляе свайго жыцця без лазні, таму наведвае яе рэгулярна. Па-другое, кожны сам вызначае, колькі разоў і колькі часу парыцца, з якім венікам і колькі паддаць пары. А яшчэ — нельга парыцца позна вечарам, і ў лазні трэба паводзіць сябе спакойна: не грукаць, гучна не размаўляць і не піць ваду, прызначаную для мыцця…
ПАСЛЯ ПАРЫЛКІ — НА СНЕГ!
І вось удзельнікі чэмпіянату — у парылцы, журы на чале з начальнікам аддзела фізкультуры, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Аляксеем Клінішовым прыступіла да сваіх абавязкаў. Пераможцаў прадстаяла вызначыць па некалькіх крытэрыях: лепшы лазеншчык павінен правесці ў парылцы больш часу, чым іншыя; вышэйшы бал меркавалася налічыць таму, хто прадэманструе найбольшую колькасць прыёмаў парэння венікам; прадугледжваліся і балы за храбрасць — пасля парылкі ўдзельнікам прапанавалі пабе-гаць па снезе… Прадстаяла вызначыць пераможцаў і прызёраў асобна сярод мужчын і жанчын. У камандным першынстве пераможцаў і прызёраў было вырашана вызначаць па найменьшай суме месцаў усіх удзельнікаў каманды, у выпадку іх роўнасці першынство прысуджалася па выніку, які паказала жанчына.
ГУЛЬНІ, ЖАРТЫ І ЗАБАВЫ
Пакуль у лазні праходзілі спаборніцтвы, на гульнёвай пляцоўцы весяліліся госці свята. Работнікі Мацюшэўскага сельскага дома культуры на чале з дырэктарам Уладзімірам Уладзіміравым, які сам выконваў ролю Лазніка, распрацавалі для гасцей свята цікавую праграму з конкурсамі і зімовымі забавамі. Жадаючым прапаноўвалі пакатацца на каньках (быў расчышчаны каток на возеры), паўдзельнічаць у конкурсах па распілоўцы і колцы дроў на хуткасць, а самыя вясёлыя юнакі і дзяўчаты каталіся з гары — хто на санках, а хто — у тазіку… Смеху было, радасці! У свяце актыўны ўдзел бралі не толькі мясцовыя жыхары вёскі Уладычына. Да сяльчан далучыліся навучэнцы Полацкага прафесіянальнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці: намеснік дырэктара навучальнай установы Людміла Васілевіч прывезла на свята лепшых з навучэнцаў, паездка на раённае мерапрыемства стала для іх заахвочваннем за добрую вучобу і актыўны ўдзел у мерапрыемствах ліцэя. Старшыня Азінскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Зданкевіч не толькі прыклаў намаганні ў падрыхтоўцы да свята (разам са старшынёй Адамоўскага сельскага Савета дэпутатаў Анатолем Качаном яны падрыхтавалі гульнёвую пляцоўку, зляпілі снежных баб і крэпасць, расчысцілі каток), але і выйшаў пераможцам у конкурсе па распілоўцы дроў.
Усім жадаючым работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прапаноўвалі баранкі, пячэнне і гарачы чай з самавара. Дарэчы, гэты атрыбут свята выклікаў цікавасць у многіх, бо разаграваўся на вуглях! Вясёлая музыка запрашала ўдзельнікаў свята ў карагод, і многія выходзілі, каб пагрэцца ў танцы. Актыўнасць праявіла ААТ «Полацкі малочны камбінат». Прадпрыемства не толькі каманду ўдзельнікаў лазневага чэмпіянату выставіла, але і падрыхтавала рэкламную акцыю: смачныя, самыя лепшыя тварожныя сыркі, ёгурты і кефір маркі «Молочное раздолье» не паспрабаваў падчас свята толькі лянівы! Разам з малакавытворцамі ў вёску Уладычына прывезлі сваю рэкламную прадукцыю і працаўнікі полацкага філіяла ААТ «Криница». Так што пачастункаў было на любы густ! Канешне, не абышлося без шашлыкоў і піражкоў, якія прапаноўвалі гандляры Полацкага райпо.
І вось госці свята вітаюць лазеншчыкаў: юнакі і хлопцы выбеглі з парылкі і пачалі гуляць у снежкі, абцірацца снегам, — і ім зусім не халодна, а весела!
З ЛЁГКАЙ ПАРАЙ!
Незаўважна надышоў момант падвя-дзення вынікаў спаборніцтваў. Галоўны суддзя Аляксей Клінішоў шчыра дзякуе ўдзельнікам другога раённага чэмпіянату па рускай лазні за ўдзел, за храбрасць. Ён гучна віншуе: «З лёгкай парай!» і чуе ў адказ вясёлае «дзякуй!». Усе парыльшчыкі ў добрым настроі. Ганаровыя граматы і прызы ад аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама атрымалі Мікалай Фралоў з каманды Малочнага камбіната (I месца), Васіль Лысёнак з каманды Азінскага сельсавета (II месца), Аляксандр Ігнатаў з каманды Полацкага райвыканкама (III месца), Алена Галубёнак з каманды Полацкага райвыканкама (I месца), Кацярына Садоў-ская з каманды Азінскага сельсавета (II месца) і Людміла Раманоўская з каманды Полацкага райвыканкама (III месца). Кубак пераможцы пад гучныя апладысменты быў уручаны камандзе Полацкага райвыканкама. Другое каманднае месца занялі лазеншчыкі з Азінскага сельсавета, трэцяе месца — дружныя аматары моцнай пары з Полацкага малочнага камбіната.
ВЕСЕЛА І ЦІКАВА
Зімовае свята на свежым паветры спадабалася ўсім: і ўдзельнікам, і гасцям. Арганізатары ўжо не сумняваюцца, што гэтае мерапрыемства стане ў Полацкім раёне традыцыйным. Тыя, хто прымаў удзел у свяце двойчы, адзначалі: у мінулым годзе было халадней, сёлета — весялей! Шчаслівыя ўсмешкі і румянец упрыгожвалі твары ўдзельнікаў і гасцей лазневага чэмпіянату. Усім было весела, цікава. Развітвацца не спяшаліся. Пакуль грала вясёлая музыка — натанцаваліся і насмяяліся. Ад душы! Многія пыталіся ў гаспадара сядзібы Паўла Лысёнка пра арганізацыю адпачынку ў аграсядзібе. Павел Яўгенавіч расказаў, што для гасцей ён прадугледзіў усё: пакоі, кухню, лазню з басейнам, камінную залу. «Прыязджайце, адпачывайце, — не пашкадуеце!», — сардэчна запрашаў у госці гаспадар сядзібы. А яно і праўда, можа, узяць ды паехаць? Падыхаць свежым паветрам, папарыцца, каб аж дух заняло, і акунуцца ў халодны басейн, каб атрымаць неперадавальныя адчуванні?!
Аліна БАЛЬШАКОВА («Полацкi веснik»).
Фота Андрэя Марцынкевіча.