https://www.traditionrolex.com/8
<p>Новы падыход да традыцыйных хадоў</p>

Не першае дзесяцігоддзе адным з самых дзейсных спосабаў знаёмства з рэгіянальнай культурай, мясцовымі этнаграфічнымі асаблівасцямі і традыцыямі было наведанне краязнаўчага музея, які можна і сёння сустрэць ці не ў кожным раёне нашай краіны. Наколькі запатрабаваны такія тыпы музейных устаноў у наш інфармацыйны, напоўнены найноўшымі тэхналагічнымі распрацоўкамі час, і ў якім накірунку яны павінны развівацца? Менавіта пра гэта і пагутарым з музеязнаўцам, доктарам гістарычных навук, прафесарам кафедры этналогіі, музеязнаўства і гісторыі мастацтваў БДУ Аляксандрам ГУЖАЛОЎСКІМ. 

- А напачатку цікава даведацца, калі ж на беларускіх землях з'явіліся першыя спробы збірання і прэзентацыі грамадскасці этнаграфічнага матэрыялу?

- Такой дзейнасцю ўжо напрыканцы ХVІІІ ст. займалася Ганна Ябланоўская. Вядома, што ў яе прыватным зборы, які знаходзіўся ў Сямяцічах, мелася вопратка, зброя, упрыгожанні прадстаўнікоў розных, у тым ліку экзатычных, культур. А першым публічным музеем, дзе ў сярэдзіне ХІХ ст. пачалося збіранне беларускага этнаграфічнага матэрыялу, стаў Віленскі музей старажытнасцей. Традыцыю прыватнага збірання і вывучэння этнаграфічнай спадчыны ў той час працягвалі Канстанцін Тышкевіч у Лагойску, Аляксандр Ельскі ў Замосці, Іван Луцкевіч у Вільні. У выніку на працягу першай паловы ХХ ст. этнаграфічныя калекцыі зрабіліся неад'емнай часткай фондавых збораў амаль усіх гісторыкакраязнаўчых музеяў Беларусі.

- У чым жа місія музеяў этнаграфічнага профілю сёння, у ХХІ стагоддзі?

- Асноўная задача такога музея - паказаць еднасць чалавечай цывілізацыі праз вывучэнне і дэманстрацыю ўнікальнасці кожнага этнасу. Калі больш канкрэтызаваць, то менавіта праз мясцовую самаідэнтыфікацыю насельніцтва фарміруецца нацыянальная самасвядомасць. А таму галоўная місія айчыннага этнаграфічнага музея заключаецца ў тым, каб людзі ўсведамлялі сябе грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

- Але наколькі эфектыўна этнаграфічныя экспазіцыі дазваляюць людзям асэнсаваць уласную нацыянальную і рэгіянальную ідэнтычнасць? Што сёння ўяўляе з сябе тыповы беларускі этнаграфічны музей?

- У цэлым, сённяшнія беларускія этнаграфічныя музеі, якіх у нас не шмат, а таксама этнаграфічныя раздзелы экспазіцый краязнаўчых музеяў, за нешматлікімі выключэннямі, канцэптуальна ўзнаўляюць пэўную ідэальную мадэль беларускай сялянскай культуры, "этнаграфічнага мінулага" ХІХ - пачатку ХХ стст. У выніку ў грамадстве з'явіўся стэрэатып. Як разумеецца наша этнаграфічная культура? У свядомасці шырокай грамадскасці гэта - побыт беларусаў, што жылі ў ХІХ ст. на вёсцы. Прычына гэтага палягае, у першую чаргу, у крыніцах, музейных прадметах, якія мэтанакіравана збіраліся ў пасляваенны час. Пры гэтым у пераважнай большасці ігнараваўся побыт іншых нацыянальнасцей на Беларусі. Вядома ж, і ў той час было б цікава даведацца пра жыццё тых жа татараў ці яўрэяў на нашых землях. Сярод прыкладаў зрухаў у гэтай справе можна прыгадаць выставачныя праекты Іўеўскага музея нацыянальных культур кшталту "Татары Іўеўшчыны- праз стагоддзі ў будучыню". Іншая справа - на якой крыніцазнаўчай базе гэта адбываецца. Хай сабе некаторыя экспанаты будуць рэканструяваны. Галоўнае, не выкрасліць з музейнай сферы культуры прадстаўнікоў тых народаў, што спакон веку жылі сярод беларусаў. Такі падыход можа істотна паспрыяць і турыстычнаму патэнцыялу рэгіянальных музеяў, і іміджу нашай краіны ў цэлым.

- Наколькі неабходная для музеяў такога тыпу карэкціроўка тактыкі і стратэгіі сваёй дзейнасці? І самае галоўнае - як пазбегнуць статычнасці, "сумнасці"? Словам, чаго, на вашу думку, не хапае сучасным беларускім этнаграфічным экспазіцыям?

- Сёння наведвальнікам музея нялёгка знайсці экспазіцыі, прысвечаныя гарадской культуры Беларусі. А таму для большасці жыхароў краіны ўласная гарадская культура, нават даваеннага часу, - невядомая, а гэта значыць - чужая. Да нешматлікіх спроб змяніць сітуацыю трэба аднесці раздзел "Магілёў губернскі" ў сталай экспазіцыі Магілёўскага этнаграфічнага музея, а таксама некаторыя выставачныя праекты, рэалізаваныя ў Нацыянальным гістарычным музеі і Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным запаведніку. Хочацца ўбачыць у этнаграфічных калекцыях музеяў, чым жыве і як выглядае сённяшні беларус. І калі гэта будзе зроблена на сур'ёзным інтэлектуальным узроўні, цікава, з дапамогай мастака, пададзена ў прывабным эстэтычным выглядзе, наведвальнік абавязкова пойдзе ў музей. І канешне ж, вельмі важна разумець: каб завабіць да сябе дарослага чалавека, музеям трэба адыходзіць ад схемы "настаўнік - вучань", ствараць пляцоўку для размовы на роўных з кожным, хто туды завітаў. Яшчэ адна праблема - гэта персаніфікацыя, індывідуалізацыя этнаграфічных экспазіцый, акцэнт на асобу. Вядома, што наведвальнік імкнецца атрымаць у музейнай экспазіцыі асабісты вопыт і асабістае ўражанне. Калі традыцыйныя этнаграфічныя экспазіцыі распавядаюць пра народы і рэгіёны, то наватарскія музеі спрабуюць раскрыць асобу ў культуры, выклікаць эмоцыі і хваляванні звычайных людзей. Паказальнымі ў гэтым плане з'яўляюцца адукацыйныя праграмы, што праводзяцца на базе экспазіцыі "Хата завозніка" ў Заслаўскім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

pic_16

- Цяпер у сусветнай музейнай практыцы робіцца акцэнт на выкарыстанне найноўшых тэхналогій, а таксама - на змяненне і пашырэнне традыцыйных сфер музейнай дзейнасці. Якія тэндэнцыі музейнай справы можна выкарыстаць для развіцця этнаграфічных музеяў на Беларусі?

- Найперш, варта прыгледзецца да найбуйнейшых этнаграфічных музеяў Еўропы. Асноўныя тэндэнцыі ўвасобіліся ў рэалізацыі такіх буйных праектаў апошняга дзесяцігоддзя, як Нацыянальны музей этналогіі ў Лейдэне, што ў Галандыі, Музей культур свету ў шведскім Гётэборгу, Музей цывілізацый на ўзбярэжжы Бранлі ў Парыжы, а таксама швейцарскі Музей міграцый, які сёння знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі. Гэтыя ўстановы - ужо не папулярызатары навукі, а ўдзельнікі "працэсу вытворчасці" разнастайных відаў самасвядомасці, новай еўрапейскай культурнай ідэнтычнасці. Яны даюць магчымасць далучыцца да здабыткаў уласнай культуры прадстаўнікам розных слаёў грамадства, асэнсаваць самакаштоўнасць сваёй культуры. У замежных этнаграфічных музеях пераасэнсоўваецца традыцыйная для ўстаноў такога тыпу сфера дзейнасці, а таксама пашыраецца за кошт уключэння вывучэння найноўшых працэсаў, якія адбываюцца не толькі ў межах традыцыйнай этнаграфічнай вёскі, але і горада. Трэба памятаць, што этналогія - гэта навука пра ўсіх нас. А таму яна не можа спыніцца на нейкім гістарычным этапе.

- У вашых навуковых працах выказваецца такая думка: экспазіцыйную дзейнасць сучаснага этнаграфічнага музея варта разумець у рамках дыхатаміі, двуадзінства: "музей рэчаў - музей ідэй"...

- Апошнія дваццаць гадоў нам далі прыклады пераасэнсавання таго, што адбываецца ў галіне праектавання музейных экспазіцый. Калі раней музейны супрацоўнік імкнуўся прадставіць у экспазіцыі ў тым або іншым кантэксце сабраную калекцыю, то цяпер з'яўляецца ўсё больш музеяў, якія імкнуцца з дапамогай сабраных калекцый адлюстроўваць пэўныя ідэі. Упершыню падобным чынам свае задачы ў другой палове 1930-х гг. сфармулявалі стваральнікі славутага Музея чалавека ў Парыжы - Ж.А.Рыўер, М.Лейрыс. Гэты музей на базе этнаграфічных калекцый заявіў усяму свету, што людзей нельга падзяляць па нацыянальнасцях і расах. Сёння гэта гучыць як абсалютная ісціна. А ў час стварэння музея, калі Еўропа стаяла на мяжы самай страшнай вайны ў гісторыі чалавецтва, угрунтаванай на расавай тэорыі Гітлера, такая ідэйная гуманістычная пазіцыя музейшчыкаў была надзвычай актуальная.

- З вашых слоў зразумела, што айчынным музеям неабходна адыходзіць ад ідэалізацыі сялянскага побыту. Але што вы можаце параіць іх супрацоўнікам?

- Найперш - пашырыць сферу камплектавання калекцый. Прывяду яскравы прыклад. Нядаўна ствараўся Музей гісторыі БДУ, і нам трэба было знайсці ўзор вучэбнай формы 50-х гадоў, якую насілі студэнты геалагічнага факультэта. Прайшло не так багата часу, не было ніякіх войнаў, катаклізмаў, але мы так і не змаглі ў Мінску знайсці гэтую форму і былі вымушаны рабіць яе рэканструкцыю па фотаздымках. На нашых вачах знікае цэлае побытавае асяроддзе беларускага этнасу, які жыў у гарадах у другой палове ХХ ст. І падобныя прыклады можна доўжыць да бясконцасці. Возьмем тое ж хатняе начынне пасляваенных камунальных кватэр. Яго сёння проста не знайсці! А тыя адзінкавыя рэчы, якія захаваліся, маюць вялікі кошт і набываюцца з аўкцыёнаў калекцыянерамі. На жаль, так атрымалася, што музейныя супрацоўнікі 70-х гадоў не ўсведамлялі культурную каштоўнасць звычайных побытавых рэчаў іх сучаснікаў. А таму музейнай супольнасці краіны варта пераасэнсаваць прынцыпы камплектавання. Таксама было б добра пашырыць колькасць выставачных праектаў, на якіх можна было б абмяркоўваць пытанні развіцця беларускага этнасу, разам з наведвальнікамі асэнсоўваць, у якім накірунку мы рухаемся, што за змены адбываюцца. Тады гэта будзе не статычная ўстанова, а сапраўдны музей ідэй, бо за дэманстрацыяй прадметаў павінна стаяць нейкая ідэя, задача, якую мы хочам данесці грамадству праз гэтыя рэчы.

- Цяпер распрацоўваецца праект па вылучэнні профіляў краязнаўчых музеяў. Наколькі, на вашу думку, гэта дапаможа прыцягнуць турыстаў?

- Можна толькі вітаць гэтую ідэю! Музеязнаўцы ведаюць, як паўстала сетка краязнаўчых музеяў нашай краіны. Тую сістэму, што склалася за савецкім часам, ужо неаднойчы крытыкавалі. Музеі былі падобныя адзін на адзін, як блізняты. Звычайна экспазіцыя складалася з трох частак і адлюстроўвала прыроду краю, традыцыйнае сялянскае мінулае і, канешне ж, савецкі час. Пры гэтым у Маскве спецыяльна распрацоўваліся інструкцыі, якія дасылаліся ва ўсе краязнаўчыя музеі. Такім чынам музейшчыкамі бралася гэтая інструкцыя як шаблон і ілюстравалася мясцовымі рэчамі. Канешне, такая ўстанова сёння не будзе цікавая. Тым не менш, краязнаўчыя музеі адыгралі вялікую ролю ў захаванні каштоўных, часам унікальных, этнаграфічных матэрыялаў. Цяпер на гэтай базе можна займацца сучаснай актуальнай інтэрпрэтацыяй калекцый. І менавіта спецыялізацыя паводле вылучэння адметных рыс рэгіёна дапаможа значна павысіць турыстычны патэнцыял музеяў Беларусі.

- Вы маеце стасункі з супрацоўнікамі раённых краязнаўчых музеяў. З якімі цяжкасцямі яны сутыкаюцца, ці гатовы нешта прапанаваць, праявіць ініцыятыву?

- Не менш за грошы, на нястачу якіх скардзяцца кіраўнікі раённых музеяў, ім не хапае і свежых ідэй. Пакуль няма асобнага перыядычнага выдання для музейных супрацоўнікаў, маецца пэўны інфармацыйны вакуум. А таму тая вучоба, якая праводзіцца ў Інстытуце беларускай культуры, дапамагае данесці да музейшчыкаў апошнія дасягненні ў музейнай справе ўсяго свету. Сёння мала хто ведае пра штогадовае вызначэнне лепшага музея года Еўропы. Было б цудоўна заснаваць падобны праект і ў нашай краіне. Пры гэтым для прэтэндэнтаў можна вылучыць некалькі намінацый, у тым ліку прэмію за лепшы музей у галіне адукацыйна-асветніцкай дзейнасці, лепшы экспазіцыйны праект, лепшае музейнае выданне.

Канстанцін АНТАНОВІЧ ("Культура")
https://www.traditionrolex.com/8