Спрадвеку лічыцца, што на святога Казіміра зіма памірае. Ды і куды ёй, белацелай, падзецца, да прыкладу, у тым жа Гродне, калі цэнтральная плошча горада раптам ператварылася ў старадаўні кірмаш?
–А вось гаршкі гліняныя, абліваныя, у печы старанна абпаленыя!
–Маслабойкі, бочкі, бочачкі, кадкі – на любы густ…
–Налетай, торопись, покупай живопись!
З усіх бакоў несліся зазыўныя заклікі прадаўцоў. А ў пакупнікоў ад разнастайнасці тавару вочы ў розныя бакі разыходзіліся, галава кругам ішла. Бісерапляценне, кераміка, вырабы з лазы, ліпы, бярозы, скураныя кашалькі, нататнікі, упрыгожванні, вышываныя падушачкі, маленькія сашэ з начынкай з духмяных засушаных траў, каралі з усіх магчымых і немагчымых каштоўных і не асабліва каменняў… Што толькі ні прывезлі майстры на гродзенскія “Казюкі”!
Усё было, а вось лепшай за нашу астравецкую саломку – і шукаць не спрабуй! Ад саламяных куфраў (ах, з аксамітнай абшыўкай унутры!) работы Валянціны Віннічак мужчыны адцягвалі сваіх жоначак ледзь не сілай. А цуда-кветкі, зробленыя рукамі Валянціны Віннічак і Людмілы Міжыгурскай, разышліся, як па ўзмаху чароўнай палачкі.
І ўсё ж самыя вогненныя апладысменты дасталіся ў гэты дзень нашым самадзейным артыстам. Дакладней, хору “Польскае рэха Астраўца” (дырыжор Алена Такарчук), які на цэнтральнай сцэне кірмаша “Казюкі-2011” даў цэлы канцэрт – у яго выкананні прагучала ажно 12 песень. І літаральна з першай песні ў калектыва з’явіліся свае “фаны” – публіка пачала актыўна падспеўваць і падтанцоўваць нашым харыстам. А тыя, натхнёныя поспехам, і самі амаль што кінуліся ў скокі – ажно сцэнічныя акустычныя калонкі зарухаліся.
А калі астравецкія артысты закончылі сваё выступленне, удзячныя слухачы абступілі іх з усіх бакоў:
–Дзякуй за песні нашай маладосці!
–Ах, каб вашы песні чула мая мама!
–Паклон вам да зямлі за тое, што не забываеце родную культуру.
Ну як у такой цёплай атмасферы зіме не памерці?!
Ганна ЧАКУР ("Астравецкая прауда")