Такую гіпотэзу віляйчаніна архітэктара і краязнаўцы Анатоля Капцюга абнародвалі ў нядзелю 20 сакавіка.
Гэта зрабіла навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Наталля Яфімава на сустрэчы, прысвечанай Дням праваслаўнай кнігі. Мерапрыемства прайшло ў выставачнай зале краязнаўчага музея ў мінулую нядзелю.
Усё пачалося з таго, што Анатоль Капцюг супаставіў герб Рагоза з выдавецкай маркай Івана Фёдарава, якія былі вельмі падобнымі.
Ці не тыя гэта Рагозы, што жылі некалі на Вілейшчыне – у Лукаўцы, Хаценчыцах і Сэрвачы? – задаўся пытаннем краязнаўца. Даследчык жа біяграфіі Фёдарава В.Лукомскі зазначае, што Фёдараў – гэта ўсяго імя па бацьку, а не прозвішча, як нехта можа сабе ўявіць.
– Пачалі мы далей разважаць, – гаворыць супрацоўніца Вілейскага краязнаўчага музея Наталля Яфімава, – шукаць пацвярджэнне гэтага дапушчэння.
Фонд Фёдарава пры Інстытуце славяназнаўства Расійскай Акадэміі Навук таксама спыніўся на тым, што ўсходнеславянскі першадрукар звязаны з родавым гербам беларускіх шляхціцаў Рагозаў або паходжаннем, або па так званай прыпісцы, адаптацыі. Аднак фонд не дае адказу, з якой мясцовасці дакладна паходзіць Іван Фёдараў.
Якія аргументы знайшлі Анатоль Капцюг і Наталля Яфімава на карысць гіпотэзы Капцюга?
Іх каля дзесятка. Але спынімся на найбольш пераканаўчых, да думку аўтара гіпотэзы.
Аргумент першы. У 1528 годзе ў двары Ашмена Віленскага павета, да якога былі прыпісаныя нашы землякі-Рагозы, жыў Фёдар Рагозіч (Рагоза), што вынікае з перапісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года.
Аргумент другі. У акце раздзелу маёмасці Лукаўца і Хаценчыц на тры часткі згадвае Багдана Фёдаравіча Рагозу.
Аргумент трэці. У дакуменце аб зямельных спрэчках гаспадароў Хаценчыц і Лукаўца згадваецца “частка Багданаўская і Маскоўская”. Багданаўская, лічаць Капцюг і Яфімава, тычыцца Багдана Фёдаравіча Рагозы, а Маскоўская, яго брата Івана Фёдаравіча (Фёдарава) Рагозы, які ў той час (1570) жыў у Маскве і быў тым самым Іванам Фёдаравым, аўтарам першай друкаванай славянскай азбукі.
Такім чынам, згодна з гіпотэзай Анатоля Капцюга, першадрукар Іван Фёдараў – беларускі шляхціц Іван Фёдаравіч Рагоза. Месца яго нараджэння – Вілейшчына. Доказаў, якія б разбурылі гэту гіпотэзу, лічаць Анатоль Капцюг і Наталля Яфімава, няма.
***
Полностью, материал, включая слайд-фильм и доументы см. на сайте "Рэгіянальная газета"