https://www.traditionrolex.com/8
<p>Экскурсія па палескаму краю пакінула самыя яркія ўражанні як у педагогаў, так і ў вучняў.</p>

“Ёсць у кожнага свой мілы сэрцу куток, які з часам не толькі не цьмее ў памяці, а становіцца як бы яснейшы, даражэйшы. Сярод іншых дарагіх, хвалюючых успамінаў ён самы дарагі, самы шчымлівы! Куток гэты — тая хата, дзе мы вучыліся хадзіць, дзе чулі цеплыню матчынага сэрца, куток нашага маленства”, — гэтыя словы з аўтабіяграфіі І. Мележа. Дзе б ён ні быў, ва ўсе гады думкі цягнулі яго на малую радзіму — у вёску Глінішчы Хойніцкага раёна. Чым сёння жывуць яе жыхары, як яны шануюць памяць знакамітага пісьменніка? Каб пра ўсё падрабязней даведацца, пабачыць сваімі вачыма, пазнаёміцца з “людзьмі на балоце”, настаўнікі і вучні старэйшых класаў Ручаёўскай СШ на вясенніх канікулах арганізавалі паездку на радзіму Івана Мележа.

Як расказвае дырэктар школы В. Макарэвіч, зараз вёска зусім не падобная на тую, якой ведаў яе пісьменнік, — ператварылася ў аграгарадок. Але пра тое, што тут нарадзіўся і жыў знакаміты пісьменнік, нагадвае многае. Аўтобусны прыпынак з партрэтам Мележа, школа, названая ў яго гонар, шыльдачка на хаце, дзе жылі яго бацькі, драўляныя Васіль з Ганнай, якія сустракаюць гасцей ля ўваходу ў дом-музей Івана Мележа... Ды і людзі, з якімі давялося сустрэцца, такія ж, як апісваў у сваёй “Палескай хроніцы” Іван Паўлавіч, — шчырыя, працавітыя, адданыя зямлі і... дарагому пісьменніку.

“Каля музея нас сустрэла яго дырэктар Соф’я Ліпніцкая, — паведамілі ручаёўскія настаўнікі. — Здавалася, яна можа бясконца расказваць пра пісьменніка. І не толькі як дырэктар музея. Яна — пляменніца Мележа, асабіста яго ведала і нейкі час, нават, жыла ў хаце насупраць”.

У музеі экспазіцыі размешчаны ў чатырох залах. Іх налічваецца больш за 400. Тут сабраны рэчы дамашняга ўжытку, якімі карысталіся сяляне ў мінулыя гады (самапрадка, ступа, качалка, лапці і інш.), а таксама асабістыя рэчы Мележа (паліто, касцюм, партфель, папка), фотаздымкі, успаміны сяброў-пісьменнікаў і самога Івана Паўлавіча. У вітрынах — Ганаровыя граматы, віншавальныя тэлеграмы, паштоўкі. Акрамя гэтага вучні і настаўнікі пазнаёміліся са стэндамі, на якіх зме-шчаны фотакарткі бацькоў пісьменніка, родзічаў, аднакласнікаў, настаўнікаў, фотаздымак пачатковай школы, дзе вучыўся пісьменнік. А адна з залаў сабрала шмат карцін розных мастакоў, успаміны пісьменнікаў. Тут знаходзіцца бюст І. Мележа, пісьмовы столік з машынкай для друкавання, кніжная шафа, якія былі прывезены з Мінска, з яго рабочага кабінета. Як расказала Соф’я Піліпаўна, кожны год музей наведваюць сотні людзей. У гэтым пераканаліся госці з Ручаёўкі, калі гарталі кнігу водгукаў. Тут словы ўдзячнасці пакідалі Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, дэлегацыі з Германіі, Італіі, Велікабрытаніі і іншых краін. Нашы землякі ў кнізе запісаў таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі, адзначылі, наколькі прыемна бачыць, як захоўваецца на гэтай зямлі любоў да роднай мовы, гісторыі і культуры Айчыны, а самае галоўнае — памяць аб славутым пісьменніку Беларусі Івану Мележу.

…ДЗЕ МАЛІТВЫ З ГІСТОРЫЯЙ ПЕРАПЛЯТАЮЦЦА

Але на гэтым падарожжа ручаёўскіх настаўнікаў і вучняў не закончылася. Наступным іх прыпынкам была вёска Юравічы Калінкавіцкага раёна. Па звестках, славіцца яна, акрамя шматлікіх старажытных стаянак людзей, манастыром у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы ХVІІІ стагоддзя. Менавіта туды і накіравалася група. Як расказвае Валянціна Дзмітрыеўна, гэта было старое збудаванне вялікіх памераў, дзе на цяперашні момант ідзе рэканструкцыя.

— Раней гэта быў мужчынскі манастыр, пасля тут пасяліліся манашкі з розных куткоў Беларусі і Расіі, — гаворыць В. Макарэвіч. — Але нас вельмі ўразіла тое, што сярод іх мы сустрэлі зусім маладзенькіх дзяўчат. Нават зараз, праз некалькі тыдняў пасля экскурсіі, не магу ўявіць, што магло прывесці іх туды, у манастыр, памяняць сучасную цывілізацыю на жыццё ў працы і малітвах. Гэтае пытанне паспрабавала некалькі разоў задаць адной з дзяўчат, на што пачула толькі адзін адказ: “На ўсё воля Божая”.

На гасціннасць і размову жанчыны тут не сквапяцца. Яны правялі экскурсію, шмат расказвалі аб сваім жыцці, гісторыі збудаванняў. З храмам звязана шмат легенд, перш за ўсё з яго падземнымі хадамі. Многія таямніцы так і застаюцца нераскрытымі да цяперашняга часу і гэтым самым яшчэ больш прыцягваюць да сябе падарожнікаў, пабуджаючы жаданне дакрануцца да іх.

Як выявілася, не толькі на ахвяраванні існуе манастыр. Тут ёсць свая гаспадарка, агарод, парнік, добры сад. Акрамя таго, пабудаваны сховішча для агародніны, лазня, пральня. Самі сёстры працуюць, гатуюць, прыбіраюць… Шмат часу яны праводзяць у малітвах. А самае галоўнае, тут кожны знаходзіць падтрымку сярод веруючых. І гэта вельмі ўражвае ўсіх, хто наведвае манастыр.

Экскурсія па палескаму краю пакінула самыя яркія ўражанні як у педагогаў, так і ў вучняў. Таму было вырашана, што гэта не апошняе падарожжа па святых і ўнікальных месцах Гомельшчыны. У будучым настаўнікі плануюць пазнаёміць з імі і іншых сваіх вучняў.

Ала ГОЛІК ("Лоеўскі край")

https://www.traditionrolex.com/8