https://www.traditionrolex.com/8
<p>Паўтары гады таму «Малако» адчынілася і дало надзею – культурнае жыццё б’е крыніцай, Мінск – горад сонца, цяпер у нас ёсць не толькі «Графіці» і «Лондан», усё будзе чыкі-чыкі. Жыццё больш чым бара было насычаным, але кароткім. 15 кастрычніка «Малако» зачыняецца!</p>

Паўтары гады таму «Малако» адчынілася і дало надзею – культурнае жыццё б’е  крыніцай, Мінск – горад сонца, цяпер у нас ёсць не толькі «Графіці» і «Лондан», усё будзе чыкі-чыкі. Жыццё больш чым бара было насычаным, але кароткім. 15 кастрычніка «Малако» зачыняецца!

Прычыны закрыцця стваральнікі бара тлумачаць так: «Значна змяніліся ўмовы арэнды памяшкання, і яны больш не падаюцца нам адэкватнымі фармату бара». Карацей, зноў добрыя людзі не дамовіліся паміж сабою. Беларуская традыцыя. Ёсць інфармацыя, што на месцы «Малака» будзе новае кафэ, але рабіць яго будуць ужо іншыя людзі.

Тым не менш «Малако»  застанецца ў памяці месцам дэмакратычным і вельмі асаблівым. Размешчаны ў самым цэнтры, побач з галерэяй сучаснага мастацтва, белы бар са смешнымі столікамі хутка стаў папулярным. Туды прыходзілі на каву «дзевачкі з ін’яза», хлопчыкі ў вузкіх штоніках – на вечарынкі пра каханне і беднасць, людзі з айпадамі – на дзелавыя сустрэчы, а час ад часу за суседнім столікам можна было пабачыць, напрыклад, Валодзю Цэслера, які тлумачыў канцэпт сваёй наступнай выставы.

Бармэны мяшалі кактэйлі нават на запыт «гарачага, смачнага і з алкаголем», а па пятніцах і суботах у невялікае памяшканне набівалася пад сотню чалавек і яшчэ колькі паліла перад уваходам. Атмасфера была шызафрэнічнай, трохі багемнай, часам – хіпстарскай. 

Аляксандр Сцёпаненка, дырэктар «Малака», адзін з заснавальнікаў:

– «Малако» – гэта частка майго жыцця, прычым не горшая. Ствараўся экспромтам, але праект атрымаўся. Калі мы пачыналі, да канца не ведалі, чаго хочам і што будзе – але, як гэта бывае, на скрыжаванні жыццёвых ліній добрых людзей, якім цікава жыць, ствараюцца цудоўныя рэчы – менавіта такія, як «Малако».

З аднаго боку – матэрыяльна выгадным гэты праект не стаў, але прынёс шмат добрага. Атрымалася, что мы прыцягнулі сюды вельмі розных і добрасумленных людзей, якія не саромеліся дзяліцца сабой. І, мне падаецца, гэта стала для «Малака» галоўным – не проста месца, бар, а людзі, якія тут з намі былі. Гэта ўзаемадапаўняльныя рэчы – і іншага такога месца я зараз у Мінску не ведаю.

Што далей? Пакуль над гэтым думаем. Мы маем нават не надзею, а ілюзію працягнуць. Вядома ж, сітуацыя складаная. Але хочацца перавесці праект у новую стадыю.

Успамінаем галоўнае

Барджэінгі

Па серадах за барную стойку «Малака» станавіўся чарговы герой беларускай паўсядзённасці і наліваў кожнаму ахвочаму свой любімы кактэйль пад любімую музыку. Вольскі даваў народу «Крывавую Мэры», Бенька ставіла сваю музыку чароўных сфераў, Хацон спецыяльна варыў сангрыю, а філосафы Акудовіч з Мацкевічам бралі «Бастылію». Галоўнай мэтай такіх івэнтаў было больш блізкае знаёмства барджэяў з публікай і магчымасць для абодвух бакоў выпіць з сябрамі пра галоўнае.

Канцэрты

«Малако» ніколі не адрознівалася вялікай плошчай для правядзення канцэртаў – аднак канцэрты тут усё ж адбываліся. Прыметныя еўра-літоўцы InCulto, беларусы CherryVata, Weelure і іншыя.

Балкан-біт

Не тое каб круціць балкан-біт прыдумалі тут, і нават не тут Папа Бо пачаў іх ставіць – але шмат хто менавіта ў «Малацэ» даведаўся, як штырыць ад сапраўднай «электраэтнікі, фолькстэпу, Balkan bass, Balkan breaks, digital cumbia, бхангры, байлефанка і грува», наміксаванага адзіным у краіне ліцэнзаваным балкан-біт-дзіджэем.

https://www.traditionrolex.com/8