Як паведамляе «Звязда»:
У Лагойскім раёне ёсць чатыры Селішчы. Тры з іх — вёскі. Яны пазначаны на пад'ездах і мясцовых картах і нават занесены ў спадарожніцкую сістэму каардынат.
А вось урочышча з гэткай жа назвай паблізу Вялікіх Бясядаў застаецца невядомым і ніякім чынам не пазначаным. Адзіная адзнака, па якой можна арыентавацца ў пошуках гэтага куточка, — звалка-сметнік.
Жыхары навакольных вёсак гэтак і кажуць: «Сметнік у Селішчы». Кажуць, не ўяўляючы, чым на самой справе з'яўляецца гэтае Селішча для нашай культуры. І якая абраза ўласнага гонару, калі на святых па сутнасці мясцінах утвараюцца палігоны бытавых адыходаў, кар'еры і проста сметнікі (несанкцыянаваныя).
А можа, і ўяўляюць, і ведаюць, але абыякавасць нярэдка робіць з чалавечай душой сваю ганебную справу. Мясцовыя ўлады пры гэтым робяць выгляд, што нічога не адбываецца.
Пра гэтае малавядомае ўрочышча Лагойшчыны сёлета згадвалася ў «Звяздзе» ў артыкуле« У пошуках Купалаўскіх хутароў» за 30 ліпеня.
Так, гэта — Купалаўская зямля. Але якая! З 1895-га па 1904 год у гэтым куточку Мінскага павета жыла вялікая працавітая сям'я Дамініка і Бянігны Луцэвічаў — бацькоў будучага народнага паэта. Пасля нараджэння сына-першынца Яся Селішча было для іх шостым месцам арандатарства і жыхарства. У лёсе Янкі Купалы як паэта яно адыграла ці не галоўную ролю. Тут ён спасцігаў навуку сялянскай працы. Адсюль пайшоў па сапраўдныя веды ў Беларуцкае народнае вучылішча. Тут напісаў свой першы верш. У Селішчы прайшлі самыя прыгожыя гады Купалы — юнацкія. Тут яму споўнілася дваццаць. І хоць нідзе бацькам класіка нашай літаратуры лёгка не жылося, але Селішча аказалася неверагодна трагічным месцам у іх лёсе. А пражылі бацькі паэта разам усяго нічога — якіх 23 гады. У маі 1902 года тут памёр бацька Купалы Дамінік Ануфрыевіч. А ўвосень таго ж года адно за адным памерлі малодшы брат паэта Казік і малодшыя сёстры Сабіна і Гэля. Чатыры смерці самых блізкіх і дарагіх людзей на працягу паўгода! Гэта быў першы, але самы моцны ўдар у жыцці паэта. Большага гора ён ніколі ўжо не зведваў. Нават у жудасныя часы сталінскіх рэпрэсій і ў хвіліны развітання з радзімай на пачатку вайны не выпадала падобных выпрабаванняў. Але, як ведаць, ці не селішчанская зямля і тая трагедыя далі свету вялікага Купалу?
Сёння ў Селішчы нічога не сведчыць і нават не нагадвае пра сувязь гэтай зямлі з песняром. Ніякай шыльды, указальніка, дарожнага знака тут няма. Як, напрыклад, гэта зроблена ў Акопах. Адно шуміць вецер у купінцы дрэў на месцы колішняй сядзібы ды ўздымае пыл на ўзараным Луцэвічавым полі.
Пакуль у Міністэрстве культуры ідзе абмеркаванне, як у наступным годзе шырока і гучна адзначыць 130-гадовы юбілей народнага паэта, у Селішчы тым часам арудуюць чорнакапальнікі і з навакольных вёсак і дачных пасёлкаў на святую Купалаву зямлю звозяцца хлам і смецце.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.
Лагойскі раён.