Як паведамляе "Культура":
На хутары Збляны, што на Лідчыне, цягам доўгага часу працуе аўтэнтычны фальклорны калектыў.
Хутар Збляны – невялікае паселішча, якому не так даўно споўнілася сто гадоў. Тут пражывае каля двух дзясяткаў чалавек, і амаль кожны – адданы музыцы і танцам.
Аўтэнтычны калектыў створаны намаганнямі загадчыка Прырэцкага сельскага клуба Галіны Едкі, у зону абслугоўвання якога ўваходзіць таксама і хутар Збляны. У складзе калектыву – Рэгіна Лаўнік, Клаўдзія Лакцевіч, Міхаіл Кельнік, Марыя Урбановіч, Станіслава Паповіч, Ганна Майніч і Кацярына Калашнікава.
Ансамбль застаецца запатрабаваны ў жыхароў раёна і вобласці: пастаянна ўдзельнічае ў раённых мерапрыемствах, дэманструе сваё майстэрства на абласных фестывалях фальклору, а таксама меў гонар прадстаўляць Лідчыну на леташніх рэспубліканскіх "Дажынках".
Па словах начальніка аддзела культуры райвыканкама Уладзіміра Самсонава, магчыма ў хуткім часе на базе хутара Збляны паўстане аграэкасядзіба, і аўтэнтычны калектыў паселішча, натуральна, будзе задзейнічаны ў абслугоўванні турыстаў.
Юрась Гарчак