https://www.traditionrolex.com/8
<p>Народны паэт прыгадаў, як святкаваў Каляды, распавёў пра сваю новую кнігу і павіншаваў беларусаў са святамі</p>

Як паведамляе Беларуская служба Польскага радыё:

Народны паэт прыгадаў, як святкаваў Каляды, распавёў пра сваю новую кнігу і павіншаваў беларусаў са святамі.

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін выдаў новую кнігу духоўнай паэзіі, якая называецца лаканічна – «Anima». Гэтая кніга – дзясятая па ліку, якую дзядзьку Рыгору дапамагае выдаваць  Чырвоны касцёл у Мінску. Што такое Anima? Кім Барадулін быў у дзяцінстве на Каляды? Што маглі зарабіць вушацкія калядоўшчыкі? Аб гэтым – наша гутарка з народным паэтам.

– Дзядзька Рыгор, як вы сустракалі Новы год?

Рыгор Барадулін:
Новы  год я сустракаў дома, як заўсёды. Добра, што не ў бальніцы, таму што апошнія гады я дзень нараджэння сустракаю то ў рэанімацыі, то так у бальніцы. Гэты Новы год сустракаў дома – не зусім здаровы, але й не зусім хворы, так што жыць можна.

– А якое свята для вас цяпер важнейшае – Новы год ці Раство, Каляды?

Рыгор Барадулін: Разумееце, усё-ткі для мяне былі й застаюцца менавіта Каляды. З Калядамі звязана ўсё. Каляды яшчэ ідуць з паганства, беларусы хрышчоныя паганцы – вядома, нікому не сакрэт. Каляды, па-першае, гэта свята душы, вачэй, свята адчування і, дарэчы, свята жывата. Каляды – гэта самая багатая пара на ежу, на смачныя стравы. Каляды – гэта свята маленства. Каляды ў мамы – гэта свята святаў, тыя Каляды, якія былі ў Ушачах. Таму, што мая душа там жыве, дзе я нарадзіўся.

– А ў Ушачах якія былі традыцыі ці мясцовыя абрады? Як вось Каляды сустракалі?

Рыгор Барадулін:
Як сказаць… Гэта багаты стол, гэта песні, калядаванне. Мы хадзілі калядоўшчыкамі – апраналіся, як Каза, Мядзведзь, наогул – цэлы тэатр. Тэлебачання не было, кіно не было, гэта ўсё замяняла. Гэта правобраз тэлебачання, кіно і, дарэчы, аддзела прапаганды.

– А вам на Калядах даводзілася хоць раз быць ці Казой, ці Дзедам, ці кім?

Рыгор Барадулін:
Я ў асноўным быў Дзедам, Казою не даводзілася быць, хацелася быць Бараном, але не выпала.

– Гэта ж быў паваенны час, досыць галодны, а вось калі калядавалі, дык што людзі давалі калядоўшчыкам?

Рыгор Барадулін:
Ну, апошняе што было – усё-ткі нейкая была шкварчына, нейкае свінчо трымалі, карова была, нейкі сыр, нейкі кавалак кілбасы, блін, печыва. З голаду не паміралі.

– Дзядзька Рыгор, перад самым Новым  годам у вас выйшла кніга – гэта дзясятая кніга, якую вам выдаў Чырвоны касцёл. Можна сказаць, што супрацоўніцтва з касцёлам для вас вельмі плённае?

Рыгор Барадулін: Я страшэнна ўдзячны Богу, што выйшла так, што ў савецкі час мяне хрысціў праезджы ксёндз, я неяк пад знакам касцёла ішоў. Прабабуля была ўніятка, мама была стыхійная праваслаўная, а я хрышчоны праезджым ксяндзом, таксама ўніят. Супрацоўніцтва з касцёлам надзвычай плённае, я надзвычай удзячны Богу і ўдзячны персанальна пробашчу Уладыславу Завальнюку. З ягонай дапамогай выйшла 10 кніг.

– Я так разумею, што гэтыя кнігі – яны выдадзены вельмі шыкоўна, і іншай магчымасці ў паэта сёння так выдаць кнігу проста няма?

Рыгор Барадулін: Цяпер гэта грошы шалёныя, я нават не ўяўляю, як бы я… Сам бы я ніколі не выдаў, толькі касцёл.

– Са сваёй пенсіі атрымалася б у вас такую кнігу выдаць?

Рыгор Барадулін:
Маёй пенсіі якраз хапае толькі на ежу. Я сабе не магу нават новую шапку набыць з пенсіі, не тое, што кніжку выдаць. Трэба перайсці на трохразавае харчаванне – тры разы на тыдзень.

– Ваша новая кніга называецца «Anima» – небеларуская назва, усе гадаюць, што ж яна значыць. Можа нешта з японскім, з анімэ звязанае?

Рыгор Барадулін:
 «Аніма» – гэта душа па-латыні, чыстая латынь. Я неяк ва ўніверсітэце вучыў латынь, мне прыйшло ў галаву назваць лаканічна й коратка: «Аніма». Аніма – гэта душа. Ад душы ўсё. Цела – часовае. Цела – гэта як часовае адзенне, а душа вечная.

– А ў гэтую кнігу ўвайшлі толькі новыя вашы вершы ці нешта з раней напісаных?

Рыгор Барадулін:
Выбраныя на духоўную тэму і новыя вершы. Яна зборная кніжка. Яна – з біблейскіх балад, там вершы, прысвечаныя Яну Паўлу ІІ, на тэму псалмоў. Яны выбраныя. Кніга практычна недзе ўскосна выйшла да стагоддзя касцёла. У 2010 годзе было 100 год Чырвонаму касцёлу, такая юбілейная кніжка.

– Здаецца ж, не было вялікай прэзентацыі гэтай кнігі?

Рыгор Барадулін: Не, прэзентацыі не было таму, што мне здароўе не дазваляе.

Хачу павіншаваць беларусаў з Новым годам, з Калядамі, жадаю моцы, здароўя. Хай будзе Бог з вамі! Хай будзе Бог з вамі! Хай будзе Бог з вамі!

https://www.traditionrolex.com/8