Як звычайна для падобных мерапрыемстваў, большасць турыстаў – жанчыны. Так размяркоўваюцца ролі ў грамадстве: асноўныя стваральнікі гісторыі і культуры – мужчыны, а захоўвальнікі і носьбіты – жанчыны. Экскурсія – не пераезд на рэйсавым аўтобусе: яна пачынаецца, як толькі ў руку бярэ мікрафон вядомы гісторык і краязнаўца Ігар Гатальскі.
Прыпыняемся перад Ракавам, каб жадаючыя маглі набраць святой вады з крыніцы, якая нагадвае мітуслівым і фанабэрыстым людзям выказванне з Паслання святога Паўла да галатаў: «З Бога не насмяешся». Далей – касцёл Маці Божай Ружанцовай, набажэнства ў якім ідзе на беларускай мове, а тэкст дубліруецца на маніторы. І сучасна, і вернікам зручна. Зразумела, што наведваем і Спаса-Прэабражэнскі храм: прыналежнасць да канфесіі – справа асабістая, павага да храмаў – агульная.
Сам Ракаў праязджаем няспешна, каб добра было бачна, што арт-галерэя «Янушкевічы» ўпэўнена пашыраецца, а на плошчы Свабоды з’явіўся шыкоўны ўніверсам «Ракаўскі». Пэўныя змены тлумачацца не толькі тым, што ракаўчане спрадвек – гаспадары і патрыёты, а і што для статусу аграгарадка, нададзенага Ракаву пяць гадоў таму, была праведзена газіфікацыя. Зрэшты, станоўчае вырашэнне пытання паказвае, што гаспадары і патрыёты ёсць і на ўладным узроўні.
Назва аўтобуснага прыпынку «Дом творчасці пісьменнікаў» нагадвае тыя часы, калі ў гэтых мясцінах сапраўды тварылі і адпачывалі пісьменнікі, а вёска Падневічы радуе назвай крамы «Родны кут», якіх, пэўна, не адзін дзясятак на беларускай зямлі. Жыве слова дзядзькі Якуба!
Нават Ігар не можа патлумачыць фанетычнае падабенства слоў «Іслач» і «Свіслач», затое распавядае, што шлях «з варагаў у грэкі» ў месцы водападзелу з рачнога станавіўся сухапутным: праз Мінскае ўзвышша судны даводзілася перацягваць волакам.
Помнік «дудару беларускаму» Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Тупальшчыне выклікае асацыяцыі знаходжання не на могілках, а ў парку. Тут і светла, і высока, і думкі ўзнёслыя. А часоўня-пахавальня Жаброўскіх на вяршыні і стромкія сосны пераўтвараюць пагорак у мемарыяльны ансамбль.
Аўтар артыкула з фалькларыстам Зм. Сiдаровiчам
У Івянцы нас сустракае мясцовы краязнаўца, мастак, паэт і (зноў-такі!) ганчар Алег Раманоўскі. Ён расказвае пра гісторыю мястэчка, вядомага з XIV стагоддзя, і праводзіць экскурсію па сучасным Івянцы, які захаваў старажытную планіроўку: ад галоўнай плошчы вуліцы разыходзяцца промнямі ў накірунках суседніх гарадоў і знакавых пасёлкаў. Два касцёлы: Чырвоны (Святога Аляксея) і Белы (Святога Міхаіла Архангела) і царква Святой Еўфрасінні.
На тэрыторыі Белага касцёла – гаспадарчая пабудова, на шырокім фасадзе якой жоўтым намаляваны вялікі крыж з надпісам «СУПАКОЙ І ДАБРО». Лацінскае Pax et bonum – дэвіз кляштара францысканцаў, заснавальнікаў касцёла, золатам выпісаны і на самім касцёле. Праз дарожку ад гаспадарчай пабудовы – паўнавартасны дзіцячы комплекс для гульні: мосцікі, горкі, качэлькі, качалкі. Побач – авечка ў хлеўчуку і кабылка масці табіяна (руда-белая) у загарадцы. Як пасля даведаліся ад мясцовых, у мінулым годзе, быццам бы не пакідаючы загарадку, кабылка злаўчылася ажарабіцца…
Тэорыя верагоднасці падкідвае выпадковым вачам трагедыю: недзе на адлегласці з кіламетр ад Белага касцёла ўзгарэлася будыніна (па наступных чутках, жылая). Ледзь заўважны дымок хутка пераўтвараецца ў полымя. Хвілін праз дзесяць з абодвух бакоў едуць пажарныя машыны, аднак язычніцкі Зніч паспеў паказаць сваю ўладу, і «эмчээснікам» застаецца толькі адбіць у яго наступныя магчымыя ахвяры.
У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры (музеі народных рамёстваў), дырэктарам якога з’яўляецца Алег Раманоўскі, нядзеля – выхадны дзень. Аднак супрацоўнікі сустракаюць турыстаў і ў самім музеі, і ў цэнтры рамёстваў, і ў яго філіяле. На сваіх месцах і майстры, якія ў «рэаліці-рэжыме» пакажуць сваё рамяство і дадуць магчымасць набыць узоры работ у якасці сувеніраў. Магчыма, з-за такой шчырай адданасці справе і не зарастаюць турыстычныя сцяжынкі ў Івянец.
Не так даўно музей насіў імя Фелікса Дзяржынскага, аднак цяпер у ім можна даведацца больш пра гераічны і трагічны лёс брата Казіміра Дзяржынскага і яго жонкі Люцыі, чым пра самога «Жалезнага Фелікса». А цэнтральная экспазіцыя музея – творчасць мясцовага разьбяра па дрэве Апалінарыя Пупко. Пару гадоў таму высілкамі ягоных нашчадкаў адкрылася аграсядзіба «Дом-музей А. Ф. Пупко». Зрэшты, з шашы апроч драўляных атлантаў, зробленых некалі майстрам, бачна толькі шыльда, якая паведамляе, што ў гэтым доме ў 1916 годзе жыў рэвалюцыянер Міхаіл Фрунзе.
Чырвоны касцёл у Iвянцы
Перад уваходам у Чырвоны касцёл, як і перад Белым, – маляўнічая батлейка – імітацыя Нараджэння Хрыста. Панурыя шэрыя дні ў спалучэнні з няпэўным эканамічным становішчам асвятляюцца яднаннем людзей, і нават самы зацяты рэаліст прыходзіць да высновы, што выратаванне – у Веры.
Пяршаі, малую радзіму пісьменніка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага), праязджаем няспешна, аднак без прыпынку – ці то каб з графіка не выбіцца, ці то з-за радыяцыйнага іміджу сённяшняга аграгарадка. І касцёл Святога Юр’я і Божай Маці таксама бачым з вокнаў аўтобуса. Цікава, што тапаніміка дае амаль раўнаважныя версіі паходжання назвы вёскі: сватаўство (perљas) – балцкая, першынец (пяршай) – дахрысціянская.
У Малой Люцінцы (часцей гавораць – Люцынцы) сяброў «Беларускай хаткі» сустракае доктар гістарычных навук і распрацоўшчык брэнда «Налібокі» Алесь Белы – гаспадар турыстычнай сядзібы пад каларытнай назвай «Марцінова гусь». І сюрпрыз – цікавая інтэрактыўная праграма вядомага беларускага музыкі і фалькларыста Зміцера Сідаровіча. А пасля выканання турыстамі пад ягоным патранажам традыцыйных народных калядных рытуалаў надвор’е мяняецца – пачынаецца мокры снег.
Звечарэла, таму спяваем гаспадарам «Бывайце здаровы…» і з добрым настроем вязём «накалядаваную» зіму ў сталіцу…